Наталля паступіла ў магістратуру ў 52 гады, Дзяніс сем разоў здаваў ЦТ, а Антон амаль 4 гады працаваў па начах, каб днём хадзіць на заняткі. Гродзенцы распавялі Hrodna.life пра свой шлях да «адукацыі мары» і пра тое, як гэта — быць студэнтам праз шмат гадоў пасля школы.
«ЦТ — гэта фітнэс для мозгу». Рамеснік з Гродна 7 разоў здаваў тэсты, каб паступіць на гістфак
Дзяніс Васін — адзін з нешматлікіх у Беларусі майстроў-платнераў. Ён рэканструюе рыцарскія даспехі часоў ВКЛ. Да сваёй мэты — паступіць на дзённае бюджэтнае аддзяленне гістфаку — гродзенец ішоў 12 гадоў.
Усё пачалося з вялікай бацькоўскай бібліятэкі, распавядае Дзяніс Hrodna.life. Яшчэ ў школе чытаў шмат кніг па гісторыі зброі, захапіўся гістарычнай рэканструкцыяй. Пасля 9 класаў спачатку паступіў у ПТВ, вучыўся на станочніка металаапрацоўчых станкоў. Ужо тады спрабаваў каваць першыя даспехі.
Паступаць у ВНУ Дзяніс вырашыў у першую чаргу з-за навукі. Бо каб вырабіць гістарычна дакладны даспех, трэба правесці сапраўднае даследаванне — знайсці першакрыніцы, абгрунтаваць сваю працу.
«Я» прафесійны «абітурыент з сямю ўступнымі кампаніямі за плячыма», — кажа суразмоўца. Першая з іх была ў 2006 годзе, а апошняя — у 2018.
Адразу пасля вучылішча гродзенец не прайшоў на бюджэт і падаў дакументы на завочнае. Правучыўся тры гады і зразумеў, што такая форма адукацыі яму не падыходзіць: няма практыкі, скарочаны курс лекцый. «Гэта ўвогуле не адукацыя, а купля дыплома ў растэрміноўку».
З 2011 Дзяніс амаль кожны год здаваў тэсты, каб паступіць на бюджэт. Студэнтам дзённага аддзялення стаў у 30 гадоў - у 2018 годзе. Цяпер ён вучыцца на чацвёртым курсе.
«Здаваць ЦТ амаль кожны год стала звычкай. Стомленасці не было, гэта як фітнес для мозгу. Нічым сябе спецыяльна не матываваў, замест гэтага планаваў і выконваў пастаўленыя задачы».
Да тэстаў Дзяніс рыхтаваўся без рэпетытараў, па школьных падручніках. Усю праграму кожны год вучыў і канспектаваў нанова.
«Пачынаць вучыцца было няцяжка, бо заўсёды займаюся самаадукацыяй. Самае складанае — адседзець лекцыю, калі прывык доўга працаваць стоячы і рухацца».
З боку выкладчыкаў або аднакурснікаў, па словах Дзяніса, нейкага адмысловага стаўлення не заўважаў. «З аднакурснікамі заўсёды анлайн, вырашаем пытанні, перасылаем тэрабайты мемаў. З прыходам інтэрнэту розніца ва ўзросце страціла значэнне, ёсць толькі розніца ў вопыце». Хлопцы ўжо ў першым семестры дапамаглі Дзянісу засвоіць новыя для яго формы працы — прэзентацыі і даклады.
Паколькі майстэрства платнера не лічыцца працай па спецыяльнасці, Дзяніс не можа атрымаць свабоднае наведванне. Давялося крыху паправіць свой графік: «Працую ў вольны ад вучобы час — вечарам і ў выхадныя. Ва ўніверы ўзнаўляюся фізічна. Калі аўралы — сачкую пары».
«Ад адукацыі спрабую атрымаць магчымы максімум, але гэта ўпіраецца ў састарэлую сістэму», — кажа Дзяніс. Яму не падабаецца, што ў студэнтаў няма магчымасці самім выбіраць навучальныя праграмы. З-за гэтага даводзіцца марнаваць час на дысцыпліны, якія яму не патрэбныя. Самай бескарыснай будучы гісторык лічыць фізкультуру, а самымі каштоўнымі - летнія практыкі: архіўную, археалагічную, музейную.
«Паступала ўпотай ад сям'і». Няня з садка ў 52 гады пайшла ў магістратуру, каб весці спартыўны гурток
Гродзенка Наталля Бярнацкая пакінула бізнес і стала працаваць з дзецьмі. У 52 гады яна паступіла ў магістратуру на спецыяльнасць «педагогіка», каб весці гурток спартыўнага арыентавання ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі.
«У мяне ўсе пытаюць, што мне гэта дасць, — кажа Наталля Hrodna.life. — У плане кар’еры — нічога. У дзіцячым садку я не змагу пайсці на павышэнне, для гэтага трэба было паступаць на дашкольную адукацыю. Затое перадаю свой вопыт дзецям. Арыентаванне — гэта ж не проста компас і карта. Гэта пра адносіны з людзьмі і светам». Наталля кажа, што ў гэтым спорце ёсць вялікая цякучка трэнераў, і ёй не хочацца, каб дзеці заставаліся без настаўніка.
Сама Наталля займаецца арыентаваннем з дзяцінства, пасля хіміка-тэхналагічнага тэхнікума нават паступіла ў менскі інстытут фізкультуры, каб стаць трэнерам. Але амаль адразу забрала дакументы. «Падалося, што там не мой кантынгент», — з усмешкай успамінае Наталля.
У Гродне працавала па размеркаванні на «Аўтамагнітоле», у 90-я давялося сысці на рынак. 15 гадоў была ІП, атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю. Сетку крамаў вырашылі згортваць пасля прыходу рэтэйлаў. Наталля ўладкавалася памочнікам выхавацеля ў дзіцячы садок, каб быць бліжэй да дзяцей. У 2020 годзе ёй зноў прапанавалі працу трэнера. Але трэба было атрымаць дыплом педагога.
«Спачатку я шукала нейкія курсы, але потым зразумела, што нічога новага для сябе на іх не адкрыю. Хацела глыбокіх і сістэмных ведаў. Знаёмыя сталі жартаваць — калі ты такая разумная, табе трэба адразу ў магістратуру. А я вырашыла: чаму б і не. Паступіла, можна сказаць, на слабо», — смяецца Наталля.
Гродзенка здавала ўступны экзамен па педагогіке летам 2020 года. Рыхтавалася да яго некалькі месяцаў пачынаючы з вясны. «У мяне якраз у гэты час нарадзіўся ўнук. Калі б не пандэмія, дапамагала б дачцэ. А так — сядзела зубрыла».
Для блізкіх навіна пра вучобу ў магістратуры стала сюрпрызам. «Я ж рыхтавалася ўпотай ад сям'і: а раптам не паступлю, а раптам не падтрымаюць». Наталля прызнаецца, што да гэтага часу не распавядае некаторым знаёмым пра вучобу: «Таму што проста не зразумеюць. У нас жа лічыцца, што пасля 50 чалавека як бы і няма. На самой справе ў 50 разумееш, што яшчэ гадоў 20 як мінімум можна нармальна функцыянаваць «.
Зараз Наталля сканчвае навучанне ў ГрДУ, рыхтуецца да абароны магістарскай дысертацыі. Кажа, што вучоба не выклікае асаблівых складанасцяў. Але ў параўнанні з тымі, хто паступаў пасля педфака, не хапае базавых ведаў. Дапамагае тое, што малодшая дачка таксама вучыцца на педагагічнай спецыяльнасці. «Бяру ў яе падручнікі па псіхалогіі і педагогіцы, па вечарах на кухні абмяркоўваем новыя тэмы».
У групе Наталлі сабраліся людзі розных узростаў. «Але мы ўвесь час жартуем, што самы малады педагог — гэта я, таму што ў мяне больш за ўсё пытанняў». Аднакурснікі дапамагаюць з тэхнічнымі момантамі - самым цяжкім для Наталлі аказалася хутка асвоіць кампутар. Да гэтага яна ім амаль не карысталася, ведала толькі Word і Excel.
Працу сумяшчае з вучобай дзякуючы завочнай форме. Але прыйшлося перабудаваць жыццё сям'і. Блізкім трэба было прызвычаіцца да таго, што «мамы няма», асабліва падчас анлайн-заняткаў.
«Трэба выходзіць з зоны камфорту, не баяцца шукаць нешта новае», — разважае Наталля. Кажа, што адмовіцца ад стэрэатыпаў ёй самой дапамог паўмарафон у Вене. «Нам сябры на 50 гадоў падарылі сертыфікат на ўдзел — 21 кіламетр. На той момант я нават сцежку ў Пышках не магла прабегчы. Было паўгода на падрыхтоўку. Пасля такога разумееш, што няма немагчымага».
«Спаў па дзве гадзіны ў суткі». Былы сталяр «ЗОВ-Мэблі» працаваў у начныя змены, каб днём вучыцца на праграміста
Антон Вайцехаў працаваў зваршчыкам, сталяром і поварам, пакуль не зразумеў, што хоча быць праграмістам. Вучобу на дзённым аддзяленні ГрДУ сумяшчаў з начной працай. З-за стомы нават трапіў у аварыю.
«Першы раз паступіў ва ўніверсітэт адразу пасля школы, — распавёў Hrodna.life Антон. — Вучыўся на фізіка-тэхнічным, але праз тры гады давялося пайсці на працу, былі патрэбныя грошы». Быў зваршчыкам на Гродзенскім механічным заводзе, сталяром на «ЗОВ-Мэблі». Ездзіў на заробкі ў Расею — там асвоіў прафесіі повара і афіцыянта.
«У нейкі момант я зразумеў, што не хачу ўсё жыццё быць рабочым, трэба нешта мяняць». Антон вырашыў вучыцца на праграміста. Хацеў атрымаць такую прафесію, каб не быць звязаным з дзяржсістэмай. Пабыўшы ў ёй нейкі час, зразумеў, што там шмат абмежаванняў. У працы праграміста да таго ж прыцягваў фінансавы момант. «І яшчэ мне заўсёды падабалася матэматыка».
Антон вырашыў паступаць на платнае, каб не было размеркавання. Паколькі ён меў незавершаную адукацыю, у яго была магчымасць аднавіцца на любы факультэт. Але вырашыў здаваць тэсты, каб паўтарыць школьную праграму.
«Да таго часу я практычна забыў ўсё, што ведаў. Але мне заўсёды лёгка давалася вучоба, таму падрыхтаваўся да ЦТ даволі хутка».
Па словах Антона, на паўтор школьнай праграмы пайшло каля двух тыдняў. Гэтага было дастаткова, каб набыць патрэбную колькасць балаў для платнай адукацыі.
«Калі прыходзіш на дзённае аддзяленне, то там амаль усе былыя школьнікі - 17−18 гадоў. Мне на той момант было 29. Спачатку розніца моцна адчувалася. Але я камунікабельны, таму мы хутка сышліся».
Антон лічыць, што перапынак даў больш плюсаў у вучобе, чым мінусаў. «Многія выкладчыкі былі прыкладна майго ўзросту. Калі ты ідзеш пасля школы, то баішся задаваць пытанні, калі чагосьці не разумееш. У мяне такога страху ўжо не было».
«Вучыцца ў другі раз было нават лягчэй. Зараз прасцей шукаць інфармацыю, ёсць інтэрнэт. У 2005 годзе кампутар пішчаў і ледзь грузіў, патрэбныя кнігі былі ў бібліятэках».
Па словах Антона, адукацыя за 10 гадоў прайграла з-за скарачэння навучальнага года: «Гэта вельмі адчуваецца, не хапае гадзін».
Самае цяжкае, кажа суразмоўца, было сумяшчаць вучобу з працай. «Я працаваў па начах на складзе, а днём хадзіў на заняткі. Спаў па дзве-тры гадзіны ў суткі, моцна стамляўся». Аднойчы Антон ішоў пасля пар на змену, і на пешаходным пераходзе яго збіла машына. Хлопец трапіў у бальніцу з пераломамі рук і ног. «Я думаю, што так атрымалася з-за стомы. Калі б быў больш свежы, то паспеў бы своечасова зрэагаваць і адскочыць».
У 2021 годзе Антон скончыў навучанне, зараз шукае працу праграміста. Лічыць, што атрымаў ад адукацыі тое, на што разлічваў. «Дзіўна чакаць, што ты проста прыйдзеш і цябе навучаць. Важна, каб была матывацыя — атрымаеш роўна столькі, колькі возьмеш сам».
Читайте также: