16 ліпеня Гродна святкуе 74-ю гадавіну вызвалення ад нямецкай акупацыі. Прынята лічыць, што менавіта ў гэты дзень у ходзе наступальнай аперацыі «Баграціён» часткі Чырвонай арміі вызвалілі Гродна. Праўда, левабярэжную частку горада немцы пакінулі толькі праз 8 дзён.

Акупацыя Гродна доўжылася 1128 дзён. 16 ліпеня, пасля вызвалення правабярэжнай часткі горада, Масква салютавала вызваліцелям. 17 воінскім часткам і злучэнням было прысвоена званне «Гродзенскіх».

За перыяд Другой сусветнай вайны горад быў разбураны на 43%. Сур’ёзна пацярпелі фабрыкі, заводы і жылыя кварталы. Насельніцтва скарацілася напалову.

5 фактаў пра вызваленне Гродна ў ліпені 1944 года
Разбураны цэнтр Гродна

1. Гродна вызвалялі кавалерысты і англійскія танкі

3-ці Гвардзейскі кавалерыйскі корпус генерала Аслікоўскага быў адным з першых, які ўвайшоў у Гродна ў ліпені 1944 года. А першым прынята лічыць эскадрон 23-га кавалерыйскага палка пад камандаваннем Аўчыннікава. Чамусьці роля кавалерыстаў у вызваленні Гродна дагэтуль згадваецца вельмі рэдка, а менавіта яны 15 ліпеня ўзялі першымі ўдар суперніка на сябе.

Таксама вядома, што на ўзбраенні палка былі не толькі савецкія танкі Т-34, але і англійскія Мк III «Валентайн», якія пастаўляліся па праграме лэнд-ліза. Прымаў удзел у вызваленні Гродна і адзін трафейны нямецкі танк «Пантэра».

5 фактаў пра вызваленне Гродна ў ліпені 1944 года
Савецкія салдаты на вуліцах вызваленага Гродна (вул. Сацыялістычная), ліпень 1944 года

2. Танкавая дывізія СС «Мёртвая галава» абараняла левы бераг Гродна

Нямецкае камандаванне арганізавала сур’ёзную абарону лініі Нёмана ў раёне Гродна. Гэтая рака была апошняй буйной перашкодай для Чырвонай арміі перад нямецкай тэрыторыяй — правінцыяй «Усходняя Прусія». На ўзмацненне абароны пяхоце і паліцэйскім часткам немцы ў раён левабярэжнай частцы Гродна кінулі яшчэ элітную танкавую дывізію СС «Мёртвая галава». Магчыма, менавіта таму другая частка Гродна была вызвалена толькі праз 8 дзён.

3. У баях за Гродна савецкія батальёны паўтарылі подзвіг Брэсцкай крэпасці

Мала хто ведае, але ў баях за Гродна на форце № 1 у акружэнне патрапілі два батальёны з 42-й стралковай дывізіі. Гэтыя батальёны фактычна паўтарылі подзвіг абароны Брэсцкай крэпасці. У акружэнні яны змагаліся з дывізіяй «Мёртвая галава». Многія абаронцы загінулі. Адзін з лейтэнантаў батальёна Падгурскі пакінуў пасмяротную запіску: «Мы паміраем, але не здаемся. Адпомсціце за нас, таварышы». Варта адзначыць, што 42-я стралковая дывізія таксама прымала ўдзел у абароне Брэсцкай крэпасці.

4. Гродна ад разбурэння выратавалі сапёры-спецназаўцы

Пакідаючы Гродна, немцы паспелі замініраваць самыя важныя будынкі горада, але на працягу некалькіх дзён інжынерам 1-й Гвардзейскай асобнай інжынерна-штурмавой брыгады палкоўніка Візірава ўдалося выратаваць большую частку ад разбурэнняў. Тая брыгада мела выдатны ўзровень падрыхтоўкі, мела аўтаматычную зброю, бронекамізэлькі, маскхалаты і іншае. Можна сказаць, гвардзейцы былі спецназам таго часу.

5 фактаў пра вызваленне Гродна ў ліпені 1944 года
Жыхары Гродна размаўляюць з вызваліцелямі (ліпень 1944 года)

5. Вызваленне адзначалі ў чанах з віном

Па ўспамінах гродзенскіх старажылаў, савецкія салдаты ў адзін з дзён баёў за горад умудрыліся напіцца на захопленым піўным заводзе. А пасля гэтага плавалі ў чанах з віном. Такое відовішча гродзенцы запомнілі на доўгія гады.

5 фактаў пра вызваленне Гродна ў ліпені 1944 года
Змена шыльдаў у вызваленым Гродне (ліпень 1944 года)