Амаль месяц доўжыліся раскопкі на вуліцы Замкавай на месцы сквера за былым Палацам тэкстыльшчыкаў. Адзін са знойдзеных старадаўніх скляпоў плануюць захаваць і прыстасаваць пад кафэ.
На месцы сквера плануюць у 2020 годзе пабудаваць адміністрацыйна-гандлёвы комплекс з трох будынкаў. Яшчэ на стадыі праектавання забудоўшчык паабяцаў, што раскопкі будуць доўжыцца столькі, колькі спатрэбіцца археолагам, хоць тэрміны будаўніцтва абмежаваныя. Заказчык: ЗТАА «ДТ-груп» — інвестары з Літвы, якія ў Беларусі валодаюць сеткай піцэрый Pizza & Coffee і прыпынкавымі павільёнамі Z-маркет.
У раскопках на Замкавай была задзейнічана адмысловая экспедыцыя з гродзенскіх валанцёраў і старэйшага навуковага супрацоўніка НАН Леаніда Калядзінскага. Усімі працамі кіравала вядучы навуковы супрацоўнік, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Пачобут.
«Раскопкі далі нам дадатковы матэрыял пра культуру Гродна 17 стагоддзя, — адзначае Наталля Пачобут. — Быў знойдзены і больш ранні пласт, які адносіцца да 16 стагоддзя, але ён сур’ёзна пацярпеў у пажары. Мы мяркуем, што выяўленыя намі падвалы адносяцца да мяжы 17−18 стст. Меркавана там была вінарня. Захавалася шмат керамікі і посуду: збаны з ручкамі, гаршкі і многае іншае».
Зараз у скверы за былым Палацам тэкстыльшчыкаў да работ прыступаюць будаўнікі. Адміністрацыйна-гандлёвы комплекс павінны пабудаваць за год. Інвестар паабяцаў закансерваваць адзін са знойдзеных падвалаў, а старую цэглу ад іншых пабудоў выкарыстаць у афармленні будучага кафэ.
«Гэта ўжо вялізны крок для Гродна. Да гэтага ў такіх аб’ёмах ні адзін замовец не захоўваў старыя падвалы. Знойдзены намі падвал інвестар плануе выкарыстаць пад кафэ», — дадала Наталля Пачобут.
Калісьці на месцы сквера на Замкавай размяшчаўся Дом рыбака — каменны аднапавярховы будынак 16 стагоддзя, дзе, па некаторых версіях, жыў кіраўнік гродзенскага цэха рыбакоў. У 1960-х усе будынкі ў гэтым раёне знеслі з-за будаўніцтва Дома быту. Вядома, што ў цэнтры Гродна будзе пабудавана не дакладная копія знесеных пабудоў, але вонкава будынкі будуць вельмі падобныя на тыя, якія там стаялі 100 гадоў таму.
“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…
З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…