Завяршальны акорд выбарчай кампаніі, што сёлета ішла ў Злучаных Штатах і завяршылася выбарамі 8 лістапада, гэта падлік галасоў. Яго амерыканцы давяраюць машынам. Такім чынам мяркуюць цалкам выключыць маніпуляцыі з выбарчымі бюлетэнямі і атрымаць вынікі цягам 24 гадзін пасля сканчэння галасавання.
«Наша сістэма падліку базуецца на інавацыях, хуткасці і дакладнасці», — сцвярджаюць супрацоўнікі выбарчага цэнта ў Дэнверы, штат Каларада, дзе працу выбарчых машын прадэманстравалі 23 журналістам з усяго свету.
Каб узяць удзел у выбарах, грамадзяне ЗША мусяць найперш самастойна зарэгістравацца ў якасці выбаршчыкаў. Гэта можна зрабіць анлайн на старонцы Камісіі па спрыянню выбарам, запоўніўшы бланк асабіста ў адным з офісаў Назіральнай кампаніі, ці адправіўшы бланк па пошце. Каб нагадаць амерыканцам пра неабходнасць рэгістрацыі за месяц да выбараў па ўсёй краіне праходзіць Дзень выбаршчыка.
Праверыць наяўнасць сябе ў спісах ці зарэгістравацца ў гэты дзень можна на пікетах у самых розных месцах горада. У штаце Каларада рэгістрацыя скончылася за 18 дзён да выбараў, у іншых штатах гэты тэрмін розніцца і складае ў сярэднім ад 10 да 30 дзён.
[irp posts="146″ name="Міленіялы і Ярмошына. Што амерыканцам добра, таго Цэнтрвыбаркаму не зразумець"]
Большасць зарэгістраваных галасуе ў дзень выбараў, які ад 1945 года прызначаецца на першы аўторак лістапада. Тыя, што вырашаюць галасаваць датэрмінова, адпраўляюць бюлетэні па пошце. Для перасылкі бюлетэняў выкарыстоўваюцца адмысловыя канверты, на каторых пазначана інструкцыя аб працэдуры галасавання.
Дрэйк Рэмбк (Drake Rambke), адміністратар па апрацоўцы бюлетэняў, распавёў, як ідзе апрацоўка дасланых дакументаў.
«Стос канвертаў патрапляе ў машыну, што абсталявана камерай і лазерам. Тут фатаграфуецца знешні бок канверта са штрыхкодам і подпісам выбаршчыка. Дадзеныя звяраюцца са спісамі выбаршчыкаў». Калі машына «бракуе» некаторыя канверты (напрыклад, з-за неразборлівага подпісу), то іх праглядае супрацоўнік цэнтра каб вырашыць, ці можна дапускаць канверт да далейшай апрацоўкі. Гэта абсталяванне можа апрацаваць каля 22 тысяч канвертаў за гадзіну.
Наступная машына распакоўвае канверты, а абслугоўваючы аператар дастае з іх «безымянныя» бюлетэні. Такім чынам захоўваецца ананімнасць галасавання.
Апроч таго ёсць магчымасць прагаласаваць праз электронную пошту. Для гэтага створана адмысловая сістэма абмена паведамленнямі з магчымасцю адсачыць факт атрымання голасу сістэмай уліку. На выбарчых участках бюлетэні раздрукуюць з захаваннем ананімнасці і далучаць да астатніх.
Апрацоўка бюлетэняў, што выбаршчыкі запоўнілі ў дзень галасавання, абдываецца аналагічна. Ва ўсіх выпадках папяровыя арыгіналы бюлетэняў і канверты з персанальнымі дадзенымі выбаршчыкаў будуць захоўвацца на участках яшчэ 25 месяцаў пасля завяршэння выбараў. Гэта патрэбна на выпадак, калі з-за падазрэнняў у фальсіфікацыі нехта запатрабуе перападліку галасоў.
Далей бюлетэні сканіруюцца і алічбоўваюцца. Аналізуе інфармацыю з іх ужо камп’ютар. У праграму закладзены дапусцімыя і недапусцімыя варыянты запаўнення, а таксама забарона на поўторнае сканаванне дакумента.
Маніпуляваць сістэмай падліку практычна немагчыма, упэўнена Эмбер Фэй МакРэйнальдс (Amber Faye McRenolds), кіраўнічка Выбарчага цэнтра Дэнвера. «Дакладна запраграмаванае сучаснае абсталяванне і добра навучаны персанал робяць сістэму вельмі надзейнай».
Варта ўзгадаць таксама, што нават большасць галасоў за пэўнага кандыдата не гарантуе яму адназначнай перамогі на выбарах. Выбарчая сістэма ў Штатах непрамая, двухступенная. Пасля галасавання звычайных выбаршчыкаў (першая ступень) рашэнне аб выбары прэзідэнтаў прымае Калегія выбаршчыкаў, прадстаўнікоў ад кожнага штата (другая ступень). Выйграе выбары той, хто атрымае не менш за 270 з 538 галасоў чальцоў калегіі. І гэты пераможца, згодна амерыканскага заканадаўства, «атрымае ўсё».
Матэрыял падрыхтаваны па выніках сустрэч у межах прэс-тура «Моладзь і палітыка», арганізаванага для замежных журналістаў праз Foreign Press Center, ЗША.