Пра тое, што Лідзія Ярмошына не ведае, навошта патрэбны сацыяльныя сеткі, старшыня ЦВК асабіста заявіла на ўсю краіну, а мо і на ўвесь свет: «Вот я, например, совершенно не представляю, зачем нужны социальные сети. Совершенно не понимаю… Поэтому для меня это представляется как нечто бесполезное, надуманное и такое вот понтовое, что свойственно только молодежи». Найбольш актыўнымі выбаршчыкамі яна лічыць людзей старэйшага ўзросту — з каторымі, паводле яе, трэба сустракацца асабіста.

За акіянам усё інакш — са Злучаных Штатаў Амерыкі спецыяльна для «Твайго стылю» піша Ірына Новік.

У Штатах напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў патэнцыял выбаршчыкаў ацэньваюць інакш, а моладзь разглядаюць у якасці важнага рэсурса, здольнага паўплываць на вынікі галасавання, а праз тое і на лёс краіны.

Сцівен Олікара (Steven Olikara)
Сцівен Олікара (Steven Olikara)
Гістарычна моладзь ад 18 да 29 гадоў складае каля 30% грамадзян, што маюць права голасу, распавёў на сустрэчы з журналістамі са-фундатар праекта Millennial Action project Сцівен Олікара (Steven Olikara). Сярод моладзі асобна выдзяляюць міленіялаў - тых, што нарадзіліся на пачатку 80-х. «На мінулых выбарах прагалосавала 61% маладых выбаршчыкаў. Міленіялы склалі сярод іх 72%».
Рычард Буанган (Richard Buangan)
Рычард Буанган (Richard Buangan)
Асаблівасць гэтага пакалення звяртае на сябе ўвагу многіх. «Міленіялы маюць энергію, энтузіязм і гатовыя прымаць выклікі сучаснасці», — ахарактарызаваў гэту групу Рычард Буанган (Richard Buangan) з Foreing Press Center. Народжаныя на стыку тысячагоддзяў, яны, па сутнасці, сталі першапраходцамі ў сучасным свеце, і мусяць шукаць адказы на яго пытанні. «Міленіялаў называюць яшчэ і „пакаленнем фрылансу“ — зараз яны зацікаўлены ў вырашэнні пытанняў сацыяльнага забеспячэння пры такой працы. Ды і пытанні сусветнага масштаба, кшталту глабальнага пацяплення, вырашаць прыдзецца ім».

Таксама яны першае пакаленне, для каго ад пачатку лічбавая віртуальная рэальнасць значыла не менш за рэальнасць афлайн. Ужо ўслед за імі бацькі масава пайшло ў сеціва — сёння практычна ўсе сталі актыўным карыстальнікамі віртуальнага свету.

Каб «не згубіць» моладзь, і міленіялаў у прыватнасці, патрэбны новыя інструменты, здольныя заангажаваць іх да ўдзелу ў палітычным жыцці.

Джэсіка Дал (Jessica Dahl)
Джэсіка Дал (Jessica Dahl)
«Мы стварылі першы ў свеце мабільны дадатак, што дапамагае грамадзянам адсочваць ход выбарчай кампаніі і актыўна ўдзельнічаць у выбарчым працэсе на ўсім яе працягу», — распавяла Джэсіка Дал (Jessica Dahl), адна з кіраўнічак інтэрнэт-пляцоўкі «Brigade Media».

«Важна, што платформа цалкам беспартыйная і прадстаўляе у роўнай ступені усіх кандыдатаў», — кажа Джэсіка. Для яе асабіста праца, звязаная з пашырэннем грамадскага ўдзелу з дапамогай лічбавых інструментаў, не першая. Адным з інтэрнэт-праектаў, якім яна кіравала раней, быў збор сродкаў для пацярпелых пад час землятрусу на Гаіці. Праект рэалізоўваўся сумесна з Чырвоным Крыжам і сабраў больш за $ 34 млн ахвяраванняў.

moladz-u-palityitsyi-ameryika_4

Што да сацыяльных сетак, то дадатак прапануе магчымасць падзяліца сваім меркаваннем у Facebook і Twitter — самых уплывовых у Злучаных Штатах сацыяльных сетках, а таксама запрасіць сяброў скарыстацца платформай.

moladz-u-palityitsyi-ameryika_3

«Калі людзі маюць агульную пляцоўку для абмеркавання, выказвання сваіх думак, то робяцца больш адказнымі і за свае выказванні і рашэнні. Ім робіцца не ўсё роўна — тэмы становяцца «сваімі» — блізкімі і важнымі для кожнага асабіста. «Так і ствараецца дэмакратыя», — выказаў уласнае меркаванне Рычард Буанган.

Зараз гэты мабільны дадатак ужо не адзіны ў краіне. Яшчэ адзін з шэрагу падобных — «Галасуй падумаўшы» — таксама ўзнік сёлета каб дапамагчы выбаршчыкам. «Наш дадатак робіць увесь выбарчы працэс больш легкім, незалежна ад таго, ці ўдзельнічалі вы раней у выбарах. Пляцоўка аб’ядноўвае інфармацыю і адказвае на пытанні хто, што, калі, як і навошта робіць на выбарах. На старонцы сабрана інфармацыя з мінулых выбараў. Тут можна пабачыць „голую праўду“ пра яўку выбаршчыкаў па штатах ці гарадах пад час ранейшых кампаній».

moladz-u-palityitsyi-ameryika_2

«Праблема ў тым, што многія з нас не галасавалі ў дзень выбараў, бо забылі зарэгістравацца, ці не ведалі дзе галасаваць, ці хто варты, каб аддаць за яго свой голас, ці нават — куды ісці, каб атрымаць гэту інфармацыю. Па тых ды падобных прычынах многія з нас прапусцілі выбары і пазбавілі сябе магчымасці стаць часткай прыняцця рашэння», — звяртаюцца да карыстальнікаў аўтары дадатка, і прапануць вырашаць праблемы з дапамогай смартфона.

«Прышоў час змен. Прышоў час, каб удасканаліць выбарчы працэс у XXI стагоддзі». Свой мабільны дадатак яны называюць «лепшым сябрам выбаршчыка».

Чалавеку з савецкім мінулым у гэтай сітуацыі ўзгадваецца хіба што кадр з «Брыльянтавай рукі»: «Не ведаю, як там у Лондане, я не была, — адказвае гераіня Ноны Мардзюковай на заўвагу вярнуўшагася з-за мяжы героя. — Можа ў іх і сабака сябар чалавека. А ў нас — упраўдом — сябар чалавека».

А ў сацыяльныя сеткі… Навошта? Хіба толькі фотаздымкамі там хваліцца перад незнаёмымі людзьмі.

***

Матэрыял падрыхтаваны па выніках сустрэч у межах прэс-тура «Моладзь і палітыка», арганізаванага для 23 замежных журналістаў праз Foreign Press Center, Вашынгтон.

moladz-u-palityitsyi-ameryika_1