Амаль кожны гродзенец не адзін і не два разы ў жыцці бываў на гэтай вуліцы. Аднак ніхто не ведае яе назвы. Замкавая — гэта Замкавая, Вялікая Траецкая — гэта Вялікая Траецкая, а вось як называецца спуск ад пажарнай каланчы да вусця Гараднічанкі - ніхто не ведае. Ды і чаму ён мусіць неяк называцца, калі на ім няма ніводнага дома?
Між тым яшчэ 12 гадоў таму пад самай Замкавай гарой туліўся дамок, які меў адрас Старазамкавая № 15. Цікава, што Старазамкавая — гэта назва савецкай эпохі, а нейкае імя гэты спуск упершыню атрымаў у міжваенныя гады. Тады ён называўся вуліца Святога Казіміра. Шкада, што сёння ў Гродне няма вуліцы, названай у гонар святых.
Раскажам і пакажам на фотаздымках, як выглядала гэтая вуліца ў 19 — першай палове 20 ст.
Пачатак спуска да Нёмана на малюнку Напалеона Орды 1860-х гг. і сёння. На старой выяве бачная шчыльная драўляная забудова знізу, а на гары забудова каралеўскіх стайняў. Адзін з флігеляў стайняў ацалеў дасюль, а другі згарэў у 1885 г. Таксама бачна ранейшая драўляная пажарная вежа.
Сучасны і 50-гадовай даўніны выгляды спуска да Нёмана. Вуліца добраўпарадкавана брукам і польскай пліткай, але будынкаў у гэтай частцы ўжо няма. Цікава, што менавіта па гэтым «дэфіле» паміж Замкавай гарой і сучаснай пажарнай часткай збіраўся ў пачатку 1706 г. штурмаваць Гродна шведскі кароль Карл ХІІ. Але сіл у яго было не так і шмат — і ён перадумаў, калі зразумеў, што рускія салдаты змогуць закідваць ягоных жаўнераў камянямі з Замкавай гары.
Старазамкавую часта залівала вадою і вясной па ёй можна было праплыць на лодцы.
Гэты дом захаваўся да сённяшняга дня, але адносіцца не да Старазамкавай вуліцы. Самую вуліцу бачна далей пад Замкавай гарой. 1950-я гг.
Пачынаючы з часоў Напалеона Орды да сённяшняга дня забудова вуліцы цалкам дэградавала. Сёння на месцы апошняга дома вуліцы своеасаблівы японскі сад — невялікія дрэўцы, што амаль не выраслі за 10 гадоў, і каменні, якія пападалі з Замкавай гары.
Так выглядала Замкавая гара і Старазамкавая вуліца ў 1968 г.
У адным з гродзенскіх ЖЭСаў яшчэ вісіць такая карта з паказаным на ёй домам Старазамкавая № 15 і назвай вуліцы.
Гэтыя дамы пад Замкавай гарой таксама маглі б адносіцца да Старазамкавай вуліцы, але абваліліся ў Нёман яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны. Які яны мелі адрас у пачатку ХХ ст. — невядома.