Пісаць новую «Вайну і мір» пачалі пасля 24 лютага 2022 года, калі пачалася «спецаперацыя» Расіі супраць Украіны. Аўтары кнігі - журналісты з шасці постсавецкіх краін: Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расіі і Эстоніі. Яны штотыдзень пісалі калонкі для нямецкай газэты Die Tageszeitung (TAZ) аб тым, як вайна паўплывала на жыццё людзей у іх краінах. У лістападзе кнігу выдалі і прадставілі чытачам. Рэпартажы з Беларусі для TAZ вёў журналіст Янка Беларус. Для канала «Тётя Ира разрешила» ён расказаў, як стваралася кніга і што думае аб працягу праекта.

Дзённік з Мінска

Назва кнігі, на думку беларускага журналіста, адлюстроўвае галоўную перамену, якая пасля 24 лютага адбылася ў жыцці кожнага: «Зараз ёсць вайна і мір», — кажа Янка.

Ён распавёў, што вёў калонкі з Мінска практычна як асабісты дзённік:

«Пра тое, што адбываецца ў штодзённым побыце, каб было блізка „на ўзроўні двух бюргераў“. Нямецкім чытачам значна цікавей, што думаюць людзі, як Беларусь адчуваецца знутры. Навіны і так усе чытаюць».

Цікавасць выклікала і тое, што праект даваў адразу калейдаскоп падзей з розных краін. Нямецкія чытачы бачылі, што, калі ў Беларусі арыштоўвалі актывістаў, у Грузіі перасталі пускаць у адзін з бараў без заявы, што ты не падтрымліваеш агрэсію Расіі супраць Украіны, а ў самой Расіі ў гэты час пачыналіся пратэсты супраць вайны.

У Германіі выдалі "Вайну і мір". Талсты ні пры чым
«З Мінска. Янка Беларус» — фрагмент газеты TAZ з аўтарскай калонкай беларускага журналіста

Свая вайна і свой мір

Персанальны свет Янкі Беларуса таксама змяніўся з пачаткам вайны: «Раней было страшна, што КДБ, ДФР або іншыя вясёлыя органы пастукаюць у дзверы. Цяпер яшчэ страшна, што ракеты паляцяць над галавой. Раптам ва ўкраінцаў здадуць нервы і яны пачнуць страляць па нас? Яшчэ страшна, што з-за саўдзелу ў агрэсіі вакол Беларусі пабудуюць новую жалезную заслону і мы апынемся ў такім канцлагеры».

Беларусам застаецца прапаганда

«З агідай гляджу беларускае тэлебачанне, — прызнаецца Янка. — Я яшчэ памятаю Савецкі Саюз. Тое, што тады называлі прапагандай — гэта дзіцячы лепат у параўнанні з тым, што нясуць цяпер». У гэтай інфармацыйнай вайне зброяй беларусаў можа стаць родная мова, лічыць Янка. «На прэзентацыі кнігі ў Берліне я распавядаў, што цяпер у Мінску можна часцей чуць, як моладзь размаўляе па-беларуску. Гэта дае надзею і радуе».

У Германіі выдалі "Вайну і мір". Талсты ні пры чым
Адзін з сімвалаў газеты TAZ — пантэра. След пантэры — фірмовы знак выдання

Не забывайце нас!

Хоць кніга выдадзена, Янка Беларус працягвае весці рэпартажы з Мінска:

«Зразумеў, што я больш патрэбны тут. Магчымасць эміграцыі лішні раз даказала мне, як я люблю свой дом, свой горад, сваю радзіму. Тады чаму я павінны з’язджаць?»

Яшчэ адна матывацыя застацца — на свае вочы назіраць, што адбываецца ў краіне і пісаць для еўрапейскіх СМІ. «З пачаткам вайны супраць Украіны Беларусь сыходзіць з першых палос навін. Сваімі калонкамі я імкнуся вярнуць яе ў павестку. Сказаць: «Не забывайце пра нас!»

У Германіі выдалі "Вайну і мір". Талсты ні пры чым
Фрагмент сайта газеты TAZ з рэпартажамі з Мінска Янкі Беларуса

Лепш бы пісаў пра коцікаў

Праект «Вайна і мір» у газеце TAZ і на сайце працягваецца. Янка застаецца адным з яго аўтараў.

«Хачу, каб праект скончыўся хутчэй. У сэнсе — каб скончылася вайна і застаўся толькі мір, — кажа журналіст.- Я б лепш пісаў, як у Мінску ратуюць коцікаў».

Чытайце таксама: