Пісаць новую “Вайну і мір” пачалі пасля 24 лютага 2022 года, калі пачалася “спецаперацыя” Расіі супраць Украіны. Аўтары кнігі – журналісты з шасці постсавецкіх краін: Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расіі і Эстоніі. Яны штотыдзень пісалі калонкі для нямецкай газэты Die Tageszeitung (TAZ) аб тым, як вайна паўплывала на жыццё людзей у іх краінах. У лістападзе кнігу выдалі і прадставілі чытачам. Рэпартажы з Беларусі для TAZ вёў журналіст Янка Беларус. Для канала «Тётя Ира разрешила» ён расказаў, як стваралася кніга і што думае аб працягу праекта.

Дзённік з Мінска

Назва кнігі, на думку беларускага журналіста, адлюстроўвае галоўную перамену, якая пасля 24 лютага адбылася ў жыцці кожнага: «Зараз ёсць вайна і мір», – кажа Янка.

Ён распавёў, што вёў калонкі з Мінска практычна як асабісты дзённік:

“Пра тое, што адбываецца ў штодзённым побыце, каб было блізка «на ўзроўні двух бюргераў». Нямецкім чытачам значна цікавей, што думаюць людзі, як Беларусь адчуваецца знутры. Навіны і так усе чытаюць».

Цікавасць выклікала і тое, што праект даваў адразу калейдаскоп падзей з розных краін. Нямецкія чытачы бачылі, што, калі ў Беларусі арыштоўвалі актывістаў, у Грузіі перасталі пускаць у адзін з бараў без заявы, што ты не падтрымліваеш агрэсію Расіі супраць Украіны, а ў самой Расіі ў гэты час пачыналіся пратэсты супраць вайны.

У Германіі выдалі "Вайну і мір". Талсты ні пры чым
“З Мінска. Янка Беларус” – фрагмент газеты TAZ з аўтарскай калонкай беларускага журналіста

Свая вайна і свой мір

Персанальны свет Янкі Беларуса таксама змяніўся з пачаткам вайны: “Раней было страшна, што КДБ, ДФР або іншыя вясёлыя органы пастукаюць у дзверы. Цяпер яшчэ страшна, што ракеты паляцяць над галавой. Раптам ва ўкраінцаў здадуць нервы і яны пачнуць страляць па нас? Яшчэ страшна, што з-за саўдзелу ў агрэсіі вакол Беларусі пабудуюць новую жалезную заслону і мы апынемся ў такім канцлагеры».

Беларусам застаецца прапаганда

“З агідай гляджу беларускае тэлебачанне, – прызнаецца Янка. – Я яшчэ памятаю Савецкі Саюз. Тое, што тады называлі прапагандай – гэта дзіцячы лепат у параўнанні з тым, што нясуць цяпер». У гэтай інфармацыйнай вайне зброяй беларусаў можа стаць родная мова, лічыць Янка. «На прэзентацыі кнігі ў Берліне я распавядаў, што цяпер у Мінску можна часцей чуць, як моладзь размаўляе па-беларуску. Гэта дае надзею і радуе”.

У Германіі выдалі "Вайну і мір". Талсты ні пры чым
Адзін з сімвалаў газеты TAZ – пантэра. След пантэры – фірмовы знак выдання

Не забывайце нас!

Хоць кніга выдадзена, Янка Беларус працягвае весці рэпартажы з Мінска:

“Зразумеў, што я больш патрэбны тут. Магчымасць эміграцыі лішні раз даказала мне, як я люблю свой дом, свой горад, сваю радзіму. Тады чаму я павінны з’язджаць?”

Яшчэ адна матывацыя застацца – на свае вочы назіраць, што адбываецца ў краіне і пісаць для еўрапейскіх СМІ. “З пачаткам вайны супраць Украіны Беларусь сыходзіць з першых палос навін. Сваімі калонкамі я імкнуся вярнуць яе ў павестку. Сказаць: “Не забывайце пра нас!»

У Германіі выдалі "Вайну і мір". Талсты ні пры чым
Фрагмент сайта газеты TAZ з рэпартажамі з Мінска Янкі Беларуса

Лепш бы пісаў пра коцікаў

Праект “Вайна і мір” у газеце TAZ і на сайце працягваецца. Янка застаецца адным з яго аўтараў.

“Хачу, каб праект скончыўся хутчэй. У сэнсе – каб скончылася вайна і застаўся толькі мір, – кажа журналіст.- Я б лепш пісаў, як у Мінску ратуюць коцікаў».

Чытайце таксама: