Праект закона аб Усебеларускім народным сходзе абмеркавалі на гродзенскіх прадпрыемствах. Вынікі абмеркаванняў апублікавалі ў дзяржпрэсе. Там пішуць, што ўдзельнікі актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі. Праўда, якія менавіта пытанні іх цікавілі, у тэкстах не тлумачылі. Мяркуючы па публікацыях, абмеркаванне зводзілася да інфармавання пра змест законапраекта. Карэспандэнт Hrodna.life прааналізаваў матэрыялы дзяржвыданняў.
Праект абмяркоўвалі з канца кастрычніка па пачатак лістапада. Кожны мог унесці свае прапановы. Арганізатары грамадскага абмеркавання абяцалі, што абагульняць іх і выкарыстоўваюць для дапрацоўкі законапраекта. Усяго на Гродзеншчыне прайшло больш за 180 дыялогавых пляцовак з прадстаўнікамі прафсаюзаў на прадпрыемствах. У іх прынялі ўдзел больш за 6000 чалавек, паведамілі ў прэсе.
Камунальнікі: «Рэальнае ўвасабленне прынцыпу народаўладдзя»
Намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай гарадской ЖКГ Сяргей Сямашка прывёў у прыклад «старажытны прадстаўнічы орган — народнае веча, калі старэйшыны вырашалі самыя важныя пытанні абшчыны». Ён лічыць, што ў УНС ёсць «глыбокія гістарычныя перадумовы».
Усебеларускі народны сход як «рэальнае ўвасабленне прынцыпу народаўладдзя» здольны паказаць некаторым краінам па-сапраўднаму дэмакратычныя інструменты кіравання краінай, лічыць старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Андрэй Кардаш.
Паводле яго слоў, работнікі на сустрэчах задаюць пытанні, удакладняюць моманты, уносяць прапановы. Якія менавіта, ён не паведаміў.
«Гроднаводаканал»: супрацоўнікі хочуць трапіць ва УНС
Абмеркаванні праходзяць у калектывах актыўна: людзей цікавіць, хто будзе прадстаўлены ў новым прадстаўнічым органе і якія рашэнні будуць прымацца. Людзі выказваюць жаданне ўдзельнічаць ва УНС, просьбы гучаць, напрыклад, і ад Беларускага таварыства інвалідаў, паведаміла кіраўніцтва прафсаюзаў.
Універсітэты: «Не дапусціць развіцця негатыўных сцэнарыяў»
ГрДУ імя Янкі Купалы
— Усебеларускі народны сход — гэта стабілізуючы орган, які накіраваны на тое, каб палітычнае будаўніцтва не прывяло да таго, што людзі, якія на хвалі пэўных чаканняў выбаршчыкаў прыходзяць да ўлады, а потым вельмі хутка абяцанні, дадзеныя падчас выбарчых кампаній, забываюць і праводзяць абсалютна іншую палітыку. Наша задача — не дапусціць развіцця такіх негатыўных сцэнарыяў у нашай краіне, — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік на дыялогавай пляцоўцы ў ГрДУ.
Моладзь цікавілася, што будзе ўяўляць сабой абноўленая мадэль УНС, якія будуць прынцыпы адбору дэлегатаў, і іншымі пытаннямі.
Гродзенскі дзяржаўны аграрны універсітэт
«Кожны грамадзянін, будучы членам грамадскага аб’яднання, які мае рэспубліканскі статус, альбо прафсаюза, мае права быць абраны дэлегатам УНС, вядома ж, калі ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю і адпавядае тым патрабаванням, якія да яго прад’яўляюцца. У іх ліку: неабходнасць быць грамадзянінам нашай краіны, валодаць выбарчым правам. Таксама нельга мець ільготы іншых краін, якія могуць прадастаўляцца ў сувязі з палітычнымі поглядамі», — сказала Святлана Вараніца, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», на сустрэчы ў аграрным універсітэце.
Ключавымі падчас сустрэчы сталі пытанні аб дзейнасці УНС, яго паўнамоцтвах. Яшчэ адной тэмай дыскусіі стала размежаванне паўнамоцтваў розных органаў улады краіны.
Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў: «Каб наша сінявокая Беларусь развівалася і квітнела»
— Нам імпануе, што ў праекце аб УНС ідзе гаворка аб такім прадстаўнічым народаўладдзі, якое будзе вызначаць стратэгічны кірунак развіцця грамадства і дзяржавы. Усё гэта робіцца для таго, каб быў захаваны канстытуцыйны лад рэспублікі, і наша сінявокая Беларусь развівалася і квітнела. Акрамя таго, важна, што ў законапраекце аб УНС вызначаны курс на адзінства беларускага народа, а таксама на захаванне стабільнасці, міру і парадку ў краіне, — сказаў старшыня абласнога Савета ветэранаў Іван Тустаў.
Ветэраны падтрымліваюць законапраект аб УНС і актыўна ўдзельнічаюць у дыскусіях па гэтым пытанні. Якія дыскусіі праект выклікаў, не паведамляецца.
«Цветліт»: трэба прадстаўніцтва людзей з інваліднасцю
— На прадпрыемстве працуе адмысловая катэгорыя людзей — інвалідаў па слыху, больш за 60%. Было б выдатна, каб гэтая катэгорыя людзей мела сваё прадстаўніцтва і ўдзельнічала ў працы УНС, — выступіў з прапановай Сяргей Яфрэменка, дырэктар УП «Цветліт».
Якія прапановы ўнеслі ўдзельнікі сустрэчы, не сказана.
«Гродна Азот»: зноў Вараніца
Святлана Вараніца падрабязна расказала аб асноўных палажэннях праекта закона аб Усебеларускім народным сходзе, у тым ліку падрабязна спынілася на прынцыпах дзейнасці УНС, тэрмінах яго паўнамоцтваў, складзе і парадку фарміравання, магчымасці работнікаў стаць дэлегатамі, удзельнікамі і гасцямі з’ездаў.
Абмеркаванне прайшло і на «Хімвалакно».
Больш слухаюць, чым прапануюць
«Сабралі ў аблвыканкаме поўную залу людзей. Назвалі - дыялогавай пляцоўкай, але атрымаўся толькі маналог улады. Нават ніводнага пытання не задалі прысутныя, такая «цікавая» тэма, — паведаміў чытач Hrodna.life 1 лістапада. Ён даслаў дакумент, у якім прасілі забяспечыць яўку людзей.
«Так, магчыма, у рэгіёнах усё ж больш слухаюць, чым прапануюць. Людзям неабходна ў першую чаргу зразумець, як канкрэтны законапраект паўплывае на іх ўласнае жыццё. Але і пытаюцца часта, як будзе фармавацца УНС, ці можна простаму чалавеку стаць яго дэлегатам, задаюць пытанні аб палітычных партыях», — прызнаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар Свіла.
«Размаўляючы з арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў, мы ўбачылі, што ўжо менш гучыць пытанняў ад людзей адносна таго, што такое Усебеларускі народны сход, якім ён будзе. Сёння людзей хвалююць больш практычныя аспекты гэтых законаў, прававы статус дэлегатаў. Задаюць пытанне: ці магу я быць непасрэдна дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. < … > А непасрэдна на прававым форуме Беларусі мы бачым ужо больш прафесійныя, юрыдычныя зносіны. Людзі ўносяць прапановы па ўдасканаленні рэдакцыі тых ці іншых нормаў, па замацаванні тых ці іншых палажэнняў у рамках законапраектаў», — адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі.
Акрамя таго, у дзяржаўнай прэсе з’явіліся дзясяткі меркаванняў чыноўнікаў, студэнтаў і ўдзельнікаў папярэдніх Усебеларускіх народных сходаў. Сярод іншага, яны лічаць, што законапраект аб УНС дазволіць не «разарваць краіну на кавалкі, як у 2020-м» і забяспечыць «непахіснасць канстытуцыйнага ладу».