Запланаваныя ў Беларусі на верасень сумесныя з Расіяй вучэнні «Захад-2025» хвалююць жыхароў Вільні. Пашыраюцца гісторыі, быццам літоўскія арэндадаўцы просяць беларусаў пакінуць кватэры, бо хочуць іх прадаць. У Вільні абнавілі план эвакуацыі, а пра магчымую небяспеку з беларускага напрамку кажуць прадстаўнікі літоўскіх уладаў і войска. Журналіст Hrodna.life паглядзеў, як горад рыхтуецца да магчымых надзвычайных сітуацый.

Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс у красавіку заявіў, што сумесныя расійска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад» успрымаюцца сур’ёзна. Паводле яго слоў, саюзнікі па НАТА будуць звяртаць увагу на гэтыя вучэнні ў залежнасці ад іх маштабу і будуць гатовыя да адказу.

Пры гэтым начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Літвы Рэмігіюс Балтрэнас лічыць, што вучэнні не будуць больш пагрозлівымі, чым ранейшыя.

«Ніхто не можа аспрэчыць злыя намеры Расіі і Беларусі, яны застаюцца, мы бачым, што адбываецца, але сёлета „Захад“ па сваім маштабе не з’яўляецца буйнейшым ці больш пагрозлівым, чым быў у 2021 годзе», — заявіў ён 27 траўня.

Як прадаецца нерухомасць у Вільні

Цягам красавіка некалькіх віленскіх беларусаў арэндадаўцы папрасілі з’ехаць з кватэр, бо іх выставілі на продаж. У прыватных размовах людзі палічылі прычынай гэтага пагрозу вайны.

Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне некаторыя людзі вырашылі прадаць сваю нерухомасць у Літве і пераехаць у іншую краіну, кажа віленскі брокер па нерухомасці Сандра Якуле. Колькасць здзелак па нерухомасці то павялічваецца, то змяншаецца, але цяжка прадказаць, што ўплывае на гэтыя змены, кажа яна. Мяркуючы па ўсім, няма адзінага фактару.

«Такія продажы [звязаныя з пагрозай вайны — Hrodna.life] ёсць, але афіцыйнай статыстыкі няма. Таму складана рабіць якія-небудзь сур’ёзныя высновы. Бо пакупнікоў жытла таксама нямала, я б не сказала, што людзі настроены выключна песімістычна», — падсумоўвае рыэлтар.

Іншы брокер па нерухомасці Эвалдас Матлаўскас з агенцыі ProReal запэўнівае, што ніхто насамрэч не прадае кватэры па гэтых прычынах і ніхто не высяляе беларусаў у прыватнасці. У рыэлтара Эймантаса Качынскаса з MB Magnum Estate таксама няма такой інфармацыі.

Новы план эвакуацыі

Тым часам у Вільні мясцовыя ўлады рыхтуюць горад і яго жыхароў да магчымай небяспекі. У канцы красавіка Віленскі гарадскі муніцыпалітэт прадставіў абноўлены план эвакуацыі сталіцы, распрацаваны на аснове досведу Кіева і амерыканскіх гарадоў. На распрацоўку плана спатрэбілася каля года. Ён прызначаны для рэагавання на ваеннае ўварванне, гібрыдныя атакі, ядзерныя пагрозы, сур’ёзныя стыхійныя бедствы і надзвычайныя інфраструктурныя аварыі.

План складаецца з публічнай часткі для насельніцтва і закрытай часткі для дзяржаўных устаноў і міжведамаснага супрацоўніцтва.

Як будуць эвакуяваць Вільню

У выпадку эвакуацыі жыхароў будуць апавяшчаць з дапамогай сірэн, гукавых сігналаў, тэлефонных паведамленняў, радыё, тэлебачання і сацыяльных сетак.

Прадугледжана не менш за 60 месцаў збору (дзіцячыя садкі, школы) для рэгістрацыі эвакуяваных. Асоб з асаблівымі патрэбамі будуць эвакуяваць транспартам муніцыпалітэта. Вызначаны тры асноўныя кірункі эвакуацыі: на Панявежыс/Шаўляй, на Клайпеду/Коўна і на Алітус/польскую мяжу. Усяго прадугледжана 150 маршрутаў, уключаючы прамежкавыя, на выпадак блакіроўкі асноўных дарог. У выпадку эвакуацыі будзе працаваць гарачая лінія па нумары 19 101.

Першыя вучэнні па адпрацоўцы частак плана эвакуацыі запланаваны на восень 2025 года.

Праверкі сістэм апавяшчэння

У сталіцы Літвы рэгулярна правяраюць сістэмы апавяшчэння насельніцтва. Апошні раз такая праверка праходзіла 30 красавіка. Як правіла, яна адбываецца ў некалькі этапаў:

  • з 11:52 да 11:55 уключаюцца сірэны;
  • на тэлефоны прыходзяць паведамленні (калі адпаведная функцыя ўключана);
  • па радыё і ТБ перадаюць важную інфармацыю і рэкамендацыі.
Перадача інфармацыі па літоўскім ТБ падчас праверкі сістэмы апавяшчэння. Фота: Макс Моррыссан.
Перадача інфармацыі па літоўскім ТБ падчас праверкі сістэмы апавяшчэння. Фота: Макс Моррыссан

Зараз у Літве — 1163 сірэны, і іх будзе больш. Да 2029 года плануецца ўсталяваць яшчэ 275 новых і мадэрнізаваць сістэму.

Што рабіць, калі крызіс ці вайна

Восенню 2024 года жыхары Вільні атрымалі ў паштовыя скрыні даведнік «Калі крызіс ці вайна: як сябе паводзіць?». Яго распрацавалі Міністэрства аховы краю Літвы і Віленскае гарадское самакіраванне. Ён змяшчае важныя парады для жыхароў горада, як падрыхтавацца і дзейнічаць падчас крызісаў або вайны.

У даведніку падкрэсліваецца, што хоць Літва перажывае адзін з самых працяглых перыядаў свабоды і эканамічнага росту і з’яўляецца сябрам НАТА і Еўрапейскага Саюза, бяспеку і незалежнасць неабходна пастаянна абараняць і ўмацоўваць. Ён таксама акцэнтуе ўвагу на важнасці індывідуальнай падрыхтоўкі, каб выжыць у першыя тры дні крызісу, пакуль дзяржаўныя ўстановы не адновяць неабходныя паслугі.

Асобна ў інфармацыйным даведніку сабраная самая актуальная інфармацыя для жыхароў:

  • месцы кароткачасовых сховішчаў (ад 5 хвілін да 72 гадзін) — для абароны ад абломкаў, аскепкаў або ўдарных хваль, моцнага ветру, землятрусу;
  • збудаванні калектыўнай абароны — для прадстаўлення часовага прытулку і жыццёва важных паслуг (жыллё, ежа, вада);
  • віленская спецлінія 19 101 — для інфармавання жыхароў горада па пытаннях грамадзянскай абароны;
  • тэлефон службы экстраннай дапамогі Літоўскага Чырвонага Крыжа 111 — для інфармацыі, кансультавання, гуманітарнай або псіхалагічнай дапамогі.
Мапа структуры калектыўнай бяспекі і кароткачасовых прытулкаў. 
Мапа cтруктуры калектыўнай бяспекі і кароткачасовых прытулкаў.

Зараз у Віленскім раёне ёсць 112 сховішчаў, здольных змясціць каля 17 600 чалавек. Агулам у Літве налічваецца 6453 сховішчы на 1,5 млн чалавек.

Дзе шукаць інфармацыю

Гэты даведнік можна ўзяць у будынку Віленскага муніцыпалітэта (Konstitucijos pr. 3), дзе на першым паверсе ёсць адмысловы стэнд, прысвечаны бяспецы. Інфармацыя ў даведніку друкуецца на пяці мовах: літоўскай, англійскай, украінскай, польскай і расійскай.

Стэнд з інфармацыйнымі даведнікамі ў Віленскім муніцыпалітэце. Фота: Макс Моррыссан.
Стэнд з інфармацыйнымі даведнікамі ў Віленскім муніцыпалітэце. Фота: Макс Моррыссан

Таксама ўся падрабязная інфармацыя апублікаваная на адмысловай старонцы муніцыпалітэта. Там можна знайсці мапу грамадзянскай абароны (у тым ліку і мапу сховішчаў і збудаванняў калектыўнай абароны), план на дзень X, план эвакуацыі насельніцтва, даведнік «Калі крызіс ці вайна: як сябе паводзіць?», рэкамендацыі для жыхароў горада і іншыя карысныя спасылкі.

Чытайце таксама: У Гродне склалі спіс са 100 сховішчаў, дзе можна схавацца падчас вайны