Гродзенка Вікторыя Навіцкая з дзяцінства носіць пратэз правай нагі. Гэта ніяк не перашкодзіла ёй у 33 гады перамагчы ў абласным этапе конкурса прыгажосці і атрымаць тытул у фінале ў Мінску. Як дзяўчына прыняла сваю асаблівасць і навучылася з ёй жыць, расказвае Onliner.

Гродзенка з пратэзам, якая перамагла ў конкурсе прыгажосці: “Мадэлі з інваліднасцю - гэта звычайна, але наша грамадства яшчэ не гатова”
Вікторыя Навіцкая. Крыніца: people.onliner.by

Вікторыя Навіцкая ў жніўні перамагла ў конкурсе «Каралева Гродна — 2023» і стала фіналісткай конкурса «Каралева Беларусі». Гэта інклюзіўны праект без стэрэатыпаў наконт «правільнай» жаночай прыгажосці.

Пра асаблівасць даведаліся толькі пасля родаў

Вікторыя — найстарэйшая з трох дзяцей у сям'і. Ад нараджэння ў яе адна нага была карацейшая за другую — розніца 26 сантыметраў. Цяжарнасць у маці Вікторыі ішла добра, на УГД лекары не бачылі праблем, пра асаблівасць стала вядома пасля родаў.

«Я ўдзячная маці, што яна мяне не пакінула. Дзяцінства ў нас было цяжкае, беднае. Мы жылі з бабуляй і дзядулем, без бацькі. Пастаянныя бальніцы, слёзы, аперацыі… Пачала хадзіціь я толькі ў 8 гадоў, вучылася дома. Чаму не пайшла ў школу? Маці палічыла, што так будзе лепей», — расказала Вікторыя.

Планавалі выцягнуць нагу ў Пецярбургу

У 8 гадоў дзяўчыне зрабілі пратэз: адчувалася моцная розніца ў даўжыні ног і яна не магла нармальна хадзіць.

Да пратэзавання Вікторыю вазілі ў вазку. «Я была маленькая і шчупленькая. Бывала, маці пойдзе ў краму, пакіне мяне на вуліцы, выйдзе — а вакол мяне натоўп дзяцей, усе глядзяць, усім цікава. Але асаблівых здзекаў у свой бок я тады не чула».

Гродзенка з пратэзам, якая перамагла ў конкурсе прыгажосці: “Мадэлі з інваліднасцю - гэта звычайна, але наша грамадства яшчэ не гатова”
Вікторыя Навіцкая. Крыніца: people.onliner.by

У падлеткавым узросце Вікторыю вазілі ў Санкт-Пецярбург. Там ёй планавалі выцягнуць нагу апаратам Ілізарава. Але ніхто не даваў гарантый. Прыйшлося абіраць: альбо пяць гадоў праляжаць на выцяжках, альбо змірыцца з тым, што ёсць. Маці дзяўчыны абрала другое.

У даганялкі гуляць не магла, але лазала па дрэвах

У старэйшым узросце Вікторыю пачалі прысаромліваць — нават незнаёмыя людзі.

«Некаторыя дарослыя лічылі сваім абавязкам падыйсці і папракнуць, што нагу трэба хаваць: маўляў, ты ўжо дарослая. Вядома, на мяне гэта аказвала моцны ціск, і ужо да 16 гадоў я абрасла комплексамі. Але з часам я іх перабарола, і аднагодкі мне ў гэтым толькі дапамаглі».

Насмешкі праскоквалі, але агулам з ёй сябравалі. А хто не сябраваў, атрымоўвалі здачы: «Дзяўчына я была баявая». У даганялкі Вікторыя гуляць не магла, затое па дрэвах лазіла.

Гродзенка з пратэзам, якая перамагла ў конкурсе прыгажосці: “Мадэлі з інваліднасцю - гэта звычайна, але наша грамадства яшчэ не гатова”
Вікторыя Навіцкая. Крыніца: people.onliner.by

На інтымнае жыццё інваліднасць не ўплывае

З першым мужам Вікторыя пазнаёмілася, калі ёй было 17 гадоў. Праз год яны пабраліся шлюбам і ў пары нарадзіўся сын. Падчас родаў дзяўчыне рабілі кесарава сячэнне, бо з-за дыягназа нараджаць самой было рызыкоўна. Даглядаць дзіцёнка было няпроста. Складана даваліся шпацыры з вазком, калі трэба было зайсці ў транспарт альбо спусціцца ў падземны пераход.

У 2019 годзе Вікторыя сустрэла свайго другога мужа. З ім яна пазнаёмілася ў сацыяльных сетках. Пра сваю інваліднасць яна расказала не адразу, а на першае спатканне прыйшла з глыбокім дэкальтэ, каб адцягнуць увагу.

Вікторыя кажа, што на адносіны з мужам, у тым ліку інтымныя, яе асаблівасць не паўплывае. На ноч яна здымае пратэз, а ў астатнім паводзіць сябе як звычайная жанчына.

Сучасны пратэз каштуе $ 5 — 10 тыс

Спачатку Вікторыя рабіла пратэзы ў Гродне. Але такі пратэз ламаўся ці не кожны дзень. Таму яна знайшла майстра ў Мінску. У яго таксама інваліднасць і ён разумеў дзяўчыну з паўслова.

Дзякуючы новаму пратэзу ў Вікторыі пачало сгібацца калена, што само па сабе — прагрэс. Раней яна магла сядаць толькі з выпраставанай нагой, а гэта вельмі нязручна. Летам 2022 года Вікторыя ездзіла ў прыватны пратэзны цэнтр у Маскве. Там прапаноўвалі больш сучасныя мадэлі, але іх цана — $ 5−10 тыс. Дабрычынны збор дзяўчына арганізоўваць не хоча, бо лічыць, што ёсць людзі, якім гэта больш патрэбна. У Беларусі звычайнае пратэзаванне для яе бясплатнае.

Людзі асаблівасцямі - гэта нармальна

Тое, што дзяўчына сёння апранае кароткія спадніцы — дасягненне для яе. «Раней я заўсёды выбірала свабодныя штаны, каб схаваць свой недахоп. А зараз, наадварот, хачу ўсім і кожнаму даказаць: людзі з асаблівасцямі - гэта нармальна», — кажа Вікторыя.

Удзельнічаць у конкурсе прыгажосці Вікторыя вырашыла спантанна. Яна ўбачыла рэкламу ў сацыяльных сетках, запоўніла анкету і чакала званка. Праз суткі яе запрасілі на размову. Потым пачаліся рэпетыцыі і розныя выпрабаванні. Адно з іх — фотасэсія ў вадзе.

«Нас прывезлі ў незнаёмае месца, нафарбавалі, апранулі і толькі потым расказалі, што будуць здымкі ў вадзе. У мяне паніка: я ж зусім не ўмею плаваць! Але рабіць няма чаго: альбо спускайся, альбо з’язджай дадому».

Вікторыя кажа, што з яе ростам — 153 сантыметры — фотасэсія далася цяжэй, чым высокім дзяўчатам. «Але я ўсё ж сабралася з духам і адпрацавала як трэба».

Гродзенка з пратэзам, якая перамагла ў конкурсе прыгажосці: “Мадэлі з інваліднасцю - гэта звычайна, але наша грамадства яшчэ не гатова”
Вікторыя Навіцкая. Крыніца: people.onliner.by

Хоча зняцца для брэнда жаночай бялізны

Дзяўчына не бачыць у сваім пратэзе праблемы, у адрозненні ад каментатараў у сацыяльных сетках, якія раяць «хаваць свой недахоп, а не выстаўляць яго напаказ». Вікторыя хоча зняцца ў фотасэсіі для якога-небудзь брэнда жаночай бялізны.

«Ёсць краіны, дзе мадэлі з інваліднасцю — гэта звычайна, але нашае грамадства, думаю, да такога яшчэ не падрыхтавана. Я хачу, каб людзі не вылучалі нас, а ставіліся на роўных, бо мы нічым не горш».