1 мая Гродна стаў стартам велапрабегу для групы турыстаў з расійскага Калінінграда і польскага Ольштына. За пяць дзён велааматары хочуць праехаць каля 250 км і сплавіцца па Аўгустоўскім канале.
Група турыстаў складаецца з 14 чалавек. У Гродне гасцей сустракалі актывісты «ВелаГродна», якія правялі ім экскурсію па горадзе і суправадзілі на Аўгустоўскі канал.
Адной з арганізатарак расійска-польскага велапрабегу з’яўляецца культуролаг Марыя Жырава з Калінінграда.
«Некалькі месяцаў таму, я праводзіла лекцыю ў Калінінградскай бібліятэцы пра еўрапейскія каналы. Зацікавілася Аўгустоўскім і прапанавала знаёмым велааматарам з’ездзіць туды. Пазнаёміліся з актывістамі „ВелаГродна“ і ўжо тады вырашылі прыехаць паглядзець не толькі на канал, але і на беларускі горад Гродна. Многія тут упершыню. Частка групы з Калінінграда, іншая з Ольштына. Разам мы падарожнічаем па Нямеччыне, Літве і Польшчы», — распавяла Марыя Жырава.
Велааматары адзначылі, што хочуць пераадолець Аўгустоўскі канал, як на роварах, так і на байдарках. З Гродна турысты плануюць праехаць каля 250 км за 5 дзён. Канчатковая кропка расійскі горад Чарняхоўск у Калінінградскай вобласці.