Хоць курсы вярнуліся да звыклага ўзроўню, купіць валюту ў абменніках Гродна не заўсёды проста. Hrodna.life пагутарыў з гродзенцамі, якія спрабавалі купіць долары ці еўра, і сабраў каментары спецыялістаў пра тое, ці варта наогул цяпер мяняць рублі.

Чэргі ля абменнікаў і праблемы з купляй наяўнай валюты пачаліся ў Гродне ў канцы лютага — калі пачалася вайна ва Украіне. Неўзабаве ажыятажны попыт паменеў, а курс знізіўся. Пры гэта і сёння з купляй, асабліва буйной сумы, могуць быць праблемы.

Каля абменнікаў чакаюць тых, хто здае

«Прыйшоў абмяняць 50 еўра на беларускія рублі. Каля абменніка стаяла чарга з некалькіх чалавек. Але не здаваць, а купіць валюту», — распавёў журналісту Hrodna.life гродзенец Аляксей. З яго слоў, здадзеную купюру адразу ж купіла жанчына, якая стаяла першай у чарзе. Астатнія засталіся чакаць. «У чарзе казалі, што больш за гадзіну прастаялі, каб купіць 100 долараў».

Іншыя чытачы Hrodna.life не чакалі ў адной чарзе, а шукалі валюту ў розных месцах. Адзін з іх абышоў 10 розных абменнікаў, каб купіць $ 2000. Іншы выдаткаваў выхадны, каб аб’ехаць абменнікі ў гандлёвых цэнтрах, дзе часцей здаюць валюту.

«На БЛК у аддзяленні банка назбіралі з усіх кас $ 150. У абменніку ў ГЦ „Карона“ змог купіць $ 200 адразу, як толькі іх здалі. У ГЦ „OldCity“ купіў яшчэ $ 150».

Асабліва ажыятаж адчуваўся ў першы час, калі кошты валют пайшлі ўніз. Гродзенец Яўген заўважыў, што ў «Парытэтбанку», дзе звычайна абслугоўваецца ён, спачатку пачалі скупляць долары, а калі тыя скончыліся — перакінуліся на еўра.

«Тады шанцавала выхапіць адну-дзве сотні, калі хтосьці здаваў. У мяне ў чарзе пыталіся, ці не здаю — і прапускалі наперад, а потым, мабыць, выкуплялі», — кажа ён. Пры гэтым былі і людзі, што здавалі вялікія сумы. Таму абарот быў заўсёды. У апошнія дні ў «Парытэтбанку» ажыятажу няма. Яўген лічыць, што гэта можа быць звязана з нядаўнім фестывалем: тады прыезджыя маглі здаць дастаткова валюты.

З рублямі ў кішэні ці з далярамі «пад падушкай»?

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што валюты ў краіне хапае і бегаць за ёй не трэба.

«Ну, вымянялі, нахапаліся. Цяпер гэты долар ужо паволі пачынае прасядаць. Бо нікому не патрэбны. Асабліва ў сувязі з гэтымі санкцыямі, якія ўведзеныя супраць нас», — сказаў ён 15 сакавіка на сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ. Тады ж Лукашэнка выказаў упэўненасць, што карысней купляць расійскія рублі і кітайскія юані.

Прагнозы эканамістаў сцвярджаюць, што перспектывы беларускага рубля не такія ўстойлівыя, як хацелася б уладам.

«Курс будзе рэагаваць на падзеі, якія адбываюцца праз вайну, — пракаментаваў для Hrodna.life эканаміст Яраслаў Раманчук. — Калі ёсць магчымасць засцерагчы свае зберажэнні, то трэба рабіць гэта цяпер ці трэба было рабіць гэта раней».

Раманчук рэкамендуе трымаць у беларускіх рублях невялікую суму для жыцця, а астатняе ўкласці ў валюту: «пад „падушкай“, у сейфе — там, куды не мае доступу дзяржава».

Беларусы захоўваюць грошы ў гатоўцы

Захоўваць зберажэнні ў гатоўцы, а не ў банку, лічаць правільным 43% беларусаў. Банкам захаванне сваіх грошай давяраюць толькі 6%. Такія вынікі даследванняў фінансавых паводзінаў беларусаў, якое правёў Цэнтр сістэмных бізнес-тэхналогій SATIO.

Па выніках таго ж даследавання, 43% апытаных лічаць, што варта захоўваць зберажэнні ў валюце. Найбольш пераважнай валютай застаецца долар — яму аддаюць перавагу 73%. У бліжэйшы час беларусы збіраюцца менш прадаваць валюту, а вось куплю долараў і еўра абмяжоўваць не збіраюцца.

Чытайце таксама: Отказались от «ништяков», ресничек и отпуска. Как гродненцы экономят на фоне роста цен и санкций

Чаму рубель умацаваўся і ці надоўга гэта

Эканамічны аглядальнік Вольга Тамашэўская адзначае у артыкуле для «Позірк», што адна з прычын умацавання беларускага рубля ў тым, што ён ідзе следам за расійскім, які збольшага падтрымліваюць штучна.

Эксперт BEROC Зміцер Крук нагадаў, што ў сакавіку ўводзіліся шматлікія абмежаванні на зняцце валюты з рахункаў, каб збіць фінансавую паніку. «Але паніка была менавіта замарожаная. Яе прычыны не былі ліквідаваныя, таму ў любы момант яна можа вярнуцца».

Паказнікі, якія могуць паўплываць на курсы валют, зараз вызначыць немагчыма. У гэтым, лічыць Крук, і складаецца праблема: «Цяпер мы не разумеем, якія перспектывы знешняга гандлю, а значыць не можам разумець і перспектывы курсу. Акрамя таго, прычыны панікі на валютным рынку не ліквідаваныя, хоць яна і замарожаная. Таму, хоць цяперашняе значэнне курсу можна з агаворкамі назваць натуральным, няма перадумоў сцвярджаць, што ён устойлівы нават у самай блізкай перспектыве».