Оля* тусавалася на польскіх вечарынках і не заўважыла, як наркотыкі давялі яе да перадазіроўкі і спынення сэрца — выратаваннем стаў рэхаб. Карына* не спала трое сутак на амфетаміне, страціла сяброўку, схуднела і прызнала сваю залежнасць — цяпер яна рэгулярна ходзіць на групы Ананімных Наркаманаў. Журналіст Hrodna.life запісаў гісторыі беларусак, якія пераехалі ў Польшчу — і сутыкнуліся з праблемай ужывання.
* - імя зменена
Пераезд, свабода і першае знаёмства з рэчывамі
Оля — эмігрантка з Мінска. Ёй 31 год. Цяпер яна жыве ў Варшаве. Першым рэчывам, якое яна пакаштавала, быў сіроп ад кашлю. Гэта здарылася гадоў у 14 — з сяброўкай на канцэрце-трыб'юце Nirvana. Аптэчныя прэпараты былі даступныя і не здаваліся ёй чымсьці небяспечным: «Мы пілі ў асноўным сіроп (сіропы ад кашлю ўтрымліваюць псіхаактыўныя рэчыва, якія скажаюць ўспрыманне гледжання і гуку — Hrodna.life), часам куплялі аптэчныя таблеткі ў знаёмых, бо гэта не пераследуецца ў Беларусі». Оля нарадзілася ў кансерватыўнай сям'і і ўжыванне ўспрымалася як частка падлеткавага бунту, цікавасці да контркультуры: «…хацелася нешта іншае, а не толькі занятак спортам паспрабаваць».
Усё змянілася пасля пераезду ў Польшчу на вучобу ў 17 гадоў. З’явілася іншае асяроддзе, і, у нейкі момант у жыцці жанчыны з’явіліся вулічныя наркотыкі - амфетаміны, экстазі, МДМА, мефедрон, якіх яна баялася і пазбягала ў Мінску.
Кропка незвароту
Першых 10 гадоў Оля праводзіла час на вечарынках, весялячыся з сябрамі. А потым у яе здарылася першая інтаксікацыя: «У мяне было некалькі перадазіровак, пасля адной з іх спынілася сэрца», — кажа Оля. Яна адмаўляецца распавядаць падрабязнасці гэтага выпадку.

Сітуацыя пагоршылася алкаголем. «Я магла проста тыдні праводзіць пад замком дома з бутэлькай „Сапліцы“ (польская гарэлка — Hrodna.life). У 6 раніцы хадзіла ў „Жабку“ (крама крокавай даступнасці ў Польшчы — Hrodna.life) і ўсё паўтаралася нанова. Я зразумела тады ўпершыню, што трапіла ў пастку».
Псіхічныя сімптомы ад ужывання пачалі выяўляцца раней, чым фізічныя: бессань, трывожнасць, страта апетыту, раздражняльнасць. У 2018 годзе Оле паставілі афіцыйны дыягназ — дэпрэсія, выкліканая ужываннем псіхаактыўных рэчываў. Пазней пачалі выяўляцца і фізічныя наступствы: «Я пачала падаць у прытомнасць і губляць прытомнасць, нават пачаліся прыступы эпілепсіі», — распавядае Оля.
Сям’я доўга не ведала пра залежнасць. Праўда адкрылася толькі пасля трагедыі: «Мой хлопец памёр ад перадазіроўкі, і мая мама з яго мамай прыехалі яго хаваць».
Рэабілітацыя і шлях да аднаўлення
Паваротным момантам стала трапленне ў рэхаб у 2023 годзе. Оля называе месца «класным», лекараў — кампетэнтнымі, але знаходжанне — нялёгкім. «Самае складанае — гэта ўсведамляць і мяняць свае перакананні датычна залежнасці, сутыкацца са сваімі так званымі цёмнымі куткамі». Лячэнне далося са слязамі і адмаўленнем. Але і падтрымка была побач — ад персаналу, іншых пацыентаў, а таксама сям'і. Цяпер скарыстацца гэтай падтрымкай і магчымасцямі яна раіць іншым. У рэхабе Оля была адзінай беларускай, але пачуцця ізаляцыі не адчувала: «Я не адчуваю сябе чужой у Польшчы ўжо даволі даўно».

Оля не ўспрымае залежнасць як таўро: «Я лічу, што калі не думаць, што залежнасць — гэта твая галоўная ідэнтычнасць, то ты не можаш быць залежным чалавекам». Выказванні пра ўжываючых яе не кранаюць.
Жыццё пасля залежнасці
Вопыт залежнасці ў эміграцыі аказваецца не такім ужо рэдкім. Многія перажывалі стрэс, адзіноту, асабліва пасля вымушанай эміграцыі і, як Оля кажа, «пачуццё большай свабоды развязвае рукі». З яе вопыту, ужывалі як раз інтэлігентныя, творчыя і вельмі цікавыя людзі, а не «маргіналы», як прынята лічыць у грамадстве.
На момант размовы Оля не ўжывае. «Цяпер я адчуваю значна больш моцную апору пад нагамі, асабліва апошнім часам». Хоць у яе былі зрывы, яны не перарасталі ў наркатычны і алкагольны запой. Оля знаходзіць прычыну свой цвярозасці ў сваім жыццёвым становішчы: «…няма ўжо гэтага жадання, дакладней, неабходнасці заглушаць сваю ўнутраную боль наркотыкамі ці алкаголем». Ёй дапамагае спакой, які яна знайшла ў сабе і блізкіх ёй людзях.

Даступнасць рэчываў у Польшчы яна не лічыць праблемай: «…калі цябе не цікавіць гэтая тэма, то ты іх і не знойдзеш і не сустрэнеш. <…> Гэта добра, што ў Польшчы ты можаш купіць, пакаштаваць рэчывы і цябе не пасадзяць за гэта, калі нават мянты знойдуць іх у цябе на вуліцы ў кішэні. І ты не правядзеш доўгія гады ў ізаляцыі, як у Беларусі».
У Польшчы ўжыванне наркотыкаў не з’яўляецца крымінальным злачынствам, аднак захоўванне — нават у малых колькасцях — караецца па крымінальным кодэксе: за гэта можна атрымаць да 3 гадоў пазбаўлення волі, але суд можа спыніць справу, калі гаворка ідзе пра нязначную колькасць для асабістага карыстання. У Беларусі ж як ужыванне, так і захоўванне наркотыкаў караюцца значна стражэй: ужыванне без прызначэння лекара — адміністрацыйнае правапарушэнне з магчымым арыштам да 15 сутак, а захоўванне нават мінімальнай колькасці аўтаматычна лічыцца крымінальным злачынствам, па артыкуле 328 КК можа цягнуць за сабой ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі (пры кваліфікацыі як «без мэты збыту») і да 15 гадоў — калі ёсць абцяжарвальныя абставіны.
«Проста не хацелася заставацца ў Беларусі»
Упершыню Карына паспрабавала марыхуану ў 18 гадоў у Беларусі, хоць баялася. «Было страшна. Але, напэўна, калі б было дастаткова страшна — я б не ўжывала», — шчыра кажа Карына.
Аналізуючы прычыны свайго першага ўжывання, Карына называе адзінота і нуду: «Адзінота, нуда і самажаласць. Не столькі ўнутраны боль, колькі жаданне быць часткай нейкай супольнасці маладых людзей, якія ходзяць на вечарынкі. Напэўна, перайманне, мімікрыя — каб упісацца. Унутраны боль — ну так, але ён ёсць ва ўсіх. Але боль — ён ж не сыходзіць. Рэчывы проста заглушаюць. Заглушаюць боль на час, але ён застаецца».
Ёсць меркаванне, што канабіс — не наркотык, але Карына з ім не згодная: «У барыгі, у якога ты купляеш траву, часта ёсць яшчэ і іншыя рэчывы, якія ты пакаштуеш».
Кропка незвароту — трэці дзень пад амфетамінам
Тры гады таму Карына эмігравала з Беларусі - не таму што была вымушаная, а хутчэй таму, што не бачыла сябе ў той краіне, у якую ператварылася Беларусь пасля 2020 года. Пераезд не быў спланаваным: «проста прыехала ў Польшчу» — і засталася.

У Беларусі купляць рэчывы можна было на «складанай» «Гідры» — даркнет-рынку. У Польшчы ёсць дастаўка праз Telegram-каналы. Такая даступнасць прывяла да таго, што Карына пачала ўжываць розныя рэчывы — і рабіць гэта часцей. Спрацавала і рамантызацыя наркотыкаў. «Калі нешта нелегальна — яно адразу абрастае таямніцай. Забаронены плод салодкі. Калі б псіхаактыўныя рэчывы былі легалізаваныя … рамантызацыі было б менш».
Разуменне залежнасці прыйшло хутка ў адзін момант — на трэція суткі пад амфетамінам. «Пачаліся галюцынацыі. У мяне не было працы. Я жыла бясплатна ў знаёмых. У той момант я зразумела, што не магу кантраляваць ужыванне. У мяне няма грошай, але я працягваю купляць. Няма будучыні. Няма надзеі. < … > Глыбокая дэпрэсія. Псіхозы, дэрэалізацыя. Паранойя. Кінуць не атрымлівалася … Я моцна схуднела. Спаць не магла. < … > Я магла памерці некалькі разоў», — апісвае свой стан Карына.
Яна страціла амаль усіх знаёмых і сяброўку з Беларусі — тая проста не вытрымала «пастаяннага ныцця і дэпрэсіі». Так яна вырашыла кідаць.
Ці можна дапамагчы звонку?
Прыняўшы рашэнне спыніць ўжыванне, Карына пачала шукаць падтрымку. Яе яна атрымала, калі прыйшла ў снежні 2023-га на сход Ананімных Наркаманаў. У суполцы не было прымусу. Яе абнялі, далі кантакты і прапанавалі тэлефанаваць у выпадку цягі. Сказалі вяртацца.
Першыя тры месяцы ўдзелу ў праграме Карына працягвала ўжываць. Потым 24 дні трымалася — і зноў ужыла. Тэхнічна гэта не зрыў - таму што яна яшчэ не лічылася «чыстай».

А цяпер Карына не ўжывае «крыху больш за год». У яе ёсць свая спонсарка (гэта больш дасведчаны ўдзельнік праграмы, які ўжо прайшоў 12 крокаў і дапамагае пачаткоўцу «падапечнаму» прайсці гэты шлях) у АН, пра яе яна кажа з павагай: «У маёй спонсаркі, напрыклад, 23 гады чысціні. Як адно жыццё наркамана. Крута».
Карыне дапамог кінуць адзін са слоганаў праграмы — «толькі сёння». Гэта канцэпт, які палягчае выбар быць «чыстым». «Калі думаць, што табе нельга ўжываць усё жыццё — гэта страшна. Але калі думаць толькі пра сёння — так прасцей». Таксама Карына не адчувала сораму або страху ў супольнасці: «Людзі ўжываюць, калі не спраўляюцца з пачуццямі. А ў групе я магу расказаць, што мне цяжка, і мяне прымуць».
Карына падрабязна тлумачыць: «12-крокавая праграма — не пра сілу волі, а пра пакору. Прызнаеш, што ты не можаш кантраляваць наркотык — і тады пачынаеш мяняць асяроддзе. Першы крок — гэта не спроба стаць мацнейшай за рэчыва, а прызнанне ўласнага бяссілля».
Таксама 12 крокавая праграма Ананімных Наркаманаў уключае духоўныя і этычныя прынцыпы: прызнанне бяссілля перад залежнасцю, вера ў магчымасць дапамогі звонку (часта ў вобразе «Вышэйшай Сілы»), маральная інвентарызацыя, прызнанне памылак, гатоўнасць да ўнутраных змен, пакрыццё шкоды навакольным і пастаяннае саманазіранне. Найважнейшай часткай становіцца дапамога іншым залежным, бо выздараўленне — гэта не адзіночны шлях, а калектыўны працэс. Для праходжання 12 крокавай праграмы неабходна самастойна прапісаць свае 12 крокаў, але на гэтым ніхто не настойвае, галоўная задача заставацца чыстымі.
«Ананімныя Наркаманы» даюць ёй надзею: «Я гляджу на людзей, якія былі ў цяжкім ужыванні. А цяпер у іх — сем'і, праца, бізнэс. Вядома, я таксама так хачу. Я бачу: у іх атрымалася. Гэта мая апора. І магчымасць расказаць, як мне дрэнна, пачуць у адказ: «Так, мне таксама так было, потым стала лепш». Так групы дапамагаюць спраўляцца з цягай.

Крыміналізацыя наркотыкаў у Беларусі ўскладняе лячэнне тых, хто ўжывае, лічыць Карына: «Калі ты ўжываеш — ты не злачынец, а чалавек, якому патрэбна дапамога. А дапамогу лягчэй аказваць, калі можна казаць пра гэта адкрыта і не баяцца, што цябе пасадзяць. Дэкрыміналізацыя робіць выздараўленне магчымым».
Цяпер пра мінулае Карына кажа рэдка. Толькі з блізкімі. «Тое, што раней здавалася кайфам, задавальненнем, асалодай, цяпер выклікае пытанні, часам агіду».
Чытайце таксама: Гісторыя адной бездакорнай рэпутацыі ў Гродне: школьнік марыў стаць псіхіятрам-нарколагам, але атрымаў 10 гадоў за выраб наркотыкаў