На XI ІнвестУікендзе, які прайшоў 25 сакавіка, было прадстаўлена 15 праектаў. Шмат стартапаў прымеркавалі да бязвізавага рэжыму і павялічэння колькасці турыстаў у Гродне. Найбольш прызоў атрымалі праекты стварэння віртуальных гідаў у музеях, паштовак з выявамі гістарычных помнікаў Гродна і праект “Пакой лютасці”, дзе можна зняць стрэс.
У намінацыі “Лепшая каманда” перамаглі каманда школы №11, якая прапанавала ствараць сувернірную прадукцыі ў школах (3 месца), каманда праекта “Пакой лютасці” – месца, дзе ламаючы рэчы, можна выкінуць злосць (2 месца) і каманда праекта па стварэнні віртуальных гідаў у музеях “Museum++” (1 месца).
У намінацыі “Лепшая ідэя для горада” перамагі больш сацыяльныя, чым камерцыйныя праекты. Сярод іх ідэя друкаваць інфармацыю пра горад на касавых чэках (3 месца), праект па стварэнні беларускамоўных паштовак з выявамі Гродна “Турыст прызямліўся ў Гародні” (2 месца) і праект усталявання вялікіх фотарамак каля гістарычных месцаў “Grodno in photo frame” (1 месца).
Акрамя таго, праект “Турыст прызямліўся ў Гародні” атрымаў прыз глядацкіх сімпатый, таксама яго адзначыла кампанія “ЭтыкетСэрвіс”.
Самымі камерцыйна паспяховымі сталі праект “Пакой лютасці” (3 месца), праект аўтамата з канцылярскай прадукцыяй (2 месца) і “Museum++” (1 месца).
Пераможцы атрымалі граматы і флэшкі, а падчас рэалізацыі будуць мець бухгалтарскую і юрыдычную падтрымку ад партнёраў ІнвестУікэнда.
Адзін з экспертаў ІнвестУікэнда, які праводзіў у перапынку паміж прэзентацыямі майстар-клас, Марэк Абуховіч, заснавальнік маркетынгавага агенцтва і it-кампаніі IT-Time.by, заявіў, што гродзенскія стартаперы не адчуваюць трэнду і прапаноўваюць састарэлыя ідэі. Таксама ён не ўбачыў “вачэй, якія гараць ідэяй”.
“Калі я на штосьці “хварэю”, то я ведаю ўсё пра сваю справу”, – кажа ён. Тым часам выступоўцы не заўсёды маглі адказаць на пытанне і абараніць свой праект. Ён параіў будучым бізнесоўцам аб’ядноўвацца і абмяркоўваць сваёй супольнасцю праекты, каб атрымліваць фідбэк. А таксама зарабіць на першы стартап грошы самастойна (“Маім першым інвестарам былі бацькі!”) і рабіць са свайго праекта інавацыю, нешта “цікавае, новае і сакавітае”.

Сярод іншых праектаў, прапанаваных удзельнікамі, былі: база прадпрымальнікаў Гродна, мабільны дадатак, які паказвае, як будзе выглядаць будучае тату на целе, электронная бібліятэка ў ГрДУ, эка-парк, цэнтр ёгі і медытацыі ды праект па паляпшэнні ўмоваў для сартыроўкі смецця.
Дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Аляксандр Панамароў лічыць, што колькасць праектаў гэтым разам перайшла ў якасць:
“Гэтым разам было менш праектаў, звычайна іх каля 20. Сярод 15 праектаў 30% – вельмі нядрэнныя. Слабых было 20%, іншыя – сярэднія. Былі цікавыя сацыяльныя праекты. Паспрабуем прасунуць айцішныя праекты, якія спадабаліся мінскім экспертам”.

Некаторыя праекты былі завостраны на бязвізавы рэжым у Гродне.
“У нас у сярэднім па выходных прыязджае да 500 чалавек турыстаў і на Аўгустоўскі канал, і ў горад, і ў музеі, – кажа Аляксандр. – Тыя ж паштоўкі на беларускай мове вельмі цікавыя. Раней у нас выпускалі “Гродна на старых паштоўках”, а цяпер прапануюць вось такое. Гэта робіцца ў першую чаргу для турыстаў, але і для гродзенцаў, бо мы недастаткова ведаем пра горад. Напрыклад, не ведаем, што настаўнік Марка Шагала жыў у Гродне. Быццам жывем у Гродне і ходзім па той вуліцы, а не ведаем, хто там жыў”.
Наступны ІнвестУікенд адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе 2017 года.















