Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны сталых гродзенцаў, чые гісторыі ў будучыні лягуць у аснову кнігі. Генрых Станіслававіч Юхневіч нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Адамавічы, а з 1937 пастаянна жыве ў Гродне на вуліцы Працоўнай. Ён расказаў, як з вясковага хлапчука стаў сапраўдным гродзенцам, адданым гораду.

З вёскі ў горад

Праз 10 гадоў пасля нараджэння Генрыха бацькі прынялі рашэнне пераехаць у горад. Пачалося ўсё з парады аднаго яўрэя.

«Яны ведалі, што будзе вайна і ў Гродна прыйдуць рускія. Бацька, будучы яшчэ ў вёсцы, часта там гандляваў і ведаў вельмі многіх яўрэяў. І адзін яму казаў: „Вайна будзе, прыйдуць бальшавікі, яны будуць вывозіць багатых у Сібір. Прадавай сваю зямлю і едзь у горад“. Бацька ў мяне быў нябедны чалавек, меў на вёсцы вельмі вялікую гаспадарку».

Генрых Станіслававіч узгадвае, што ў тыя гады, калі на якой-небудзь безгаспадарнай зямлі ў горадзе за ноч паспявалі паставіць буду з печкай, то ўжо можна было спакойна будаваць далей дом. Казалі, калі дымаход ёсць, значыць жылая плошча.

«Мы куплялі дом у жанчыны-адваката. У яе былі два дамы: адзін на Брыгіцкай [суч. Карла Маркса], другі на Працоўнай. І вось другі разам з зямлёй мы купілі крыху больш чым за 3000 злотых. У Гродне бацька і мама гандлявалі на рынку. У нас на ўчастку былі каровы, бацькі рабілі масла і тварог і ўсё гэта прадавалі на Сенным рынку».

У школу 11 кіламетраў

«У школу гродзенскую я пачынаў хадзіць з Адамавічаў. Мне было 10 гадоў, прыходзілася па 11 км хадзіць у горад, але гэта калі аўтобуса не было. Білет на аўтобус „Гродна-Сапоцкін“ каштаваў 5 грошай. Бацькі адпускалі мяне і не баяліся, а тады і не было чаго баяцца, акрамя сабак».

Генрых два месяцы дабіраўся з Адамавічаў у Гродна, пакуль сям’я не пераехала ў горад. Ён хадзіў у школу імя Стэфана Баторыя. «У нас была свая форма з фуражкамі, называлі іх „рагатыўкі“, там былі лічбы з нумарам класа. У польскай школе я скончыў толькі пяць класаў».

"Як быў палякам, так і застаўся". Пажылы гродзенец пра даваеннае жыццё ў горадзе
Сям’я Юхневічаў у доме на Працоўнай, пасляваенныя гады

Вясковы хлеб супраць гарадскіх булак

У гарадской школе вясковага хлопца сталі паважаць не адразу. Вучні лічылі, што жыхары вёсак — адсталыя. Казалі: «ты хам-мужык з вёскі». З-за гэтага Генрых пабіўся ў чацвёртым класе.

«Хлапчук з шостага класа падышоў і штурхнуў мяне, а я доўга не чакаючы абярнуўся і пачаў яго лупіць. Я яго так адлупцаваў, я ж быў вельмі моцны, бо еў хлеб вясковы, а яны, гарадскія, елі булкі і былі з-за гэтага слабыя. Я яго так адчыхвосціў, што наша бойка дайшла да дырэктара.

Хлопчык, якога я пабіў, быў сынам польскага афіцэра. Выклікалі яго бацькоў, мой бацька прыйшоў таксама. Я патлумачыў, з-за чаго пабіўся. Дырэктар быў добры і сказаў таму хлопцу з шостага: «Якое ты права меў так гаварыць?». Казаў, што са школы за такія ўчынкі можа выключыць".

Турмы не ўсе баяліся

«Жыды таксама гаварылі на мяне «хам-мужык». Іх было шмат, але мы за гэта іх чыхвосцілі. Раней, калі ў суботу ў яўрэяў быў шабат, то яны дзесьці збіраліся, а тым часам палякі на іх нападалі. Жыдоў адлупупілі - і яны ўжо супакояцца.

Суда як такога тады не было, ды і турмы былі нармальныя. Напрыклад, жулік возьме камень і выб’е жыду шыбу ў краме. Паліцыя яго забірае. Шкоду зрабіў - плаці. Грошай няма — на тры месяцы за краты. Ён ідзе ў турму, сядзіць усю зіму і вясной выходзіць. Тады турмы не так баяліся".

Яўрэі

У Гродне сярод яўрэяў было шмат камуністаў, якія чакалі савецкую ўладу, кажа спадар Генрых. «Казалі, пры паляках ім дрэнна жывецца, а калі прыйдзе Савецкі Саюз, то яны зажывуць. А камуністы прыйшлі і ўсіх гэтых багатых у Сібір. Потым казалі: «Мы чакалі іх, а яны вывозяць».

Яўрэяў у горадзе было шмат і яны былі багатымі. Яшчэ да вайны многія яўрэі беглі да нас з Германіі, а потым і з Польшчы. Мае бацькі з яўрэямі сябравалі і хадзілі да іх у крамы. Бацька добра ведаў яўрэйскую мову і гэта дапамагала ў гандлі. Яўрэі танней прадавалі і давалі ў крэдыт надоўга, а паляк на тыдзень дасць і больш не дае".

"Як быў палякам, так і застаўся". Пажылы гродзенец пра даваеннае жыццё ў горадзе
Фота з архіву сям'і Юхневічаў, пасляваенныя гады

1939 год. «У дупе твая Польшча»

У горадзе казалі, што будзе вайна з немцамі, але калі менавіта — ніхто не ведаў. 1 верасня прыляцелі нямецкія самалёты і скідвалі бомбы на горад. Хацелі на мост, але снарад упаў бліжэй да берага і аднаго хлопца забіла, узгадвае спадар Генрых. Кідалі бомбы на воданапорныя вежы, але не патрапілі. Немцы так і не ўвайшлі ў горад, а неўзабаве прыйшлі бальшавікі.

«Памятаю, выйду да Каложы — і ўсё відаць: як стаялі савецкія танкі на адным беразе, а на другім баку палякі. Біліся гродзенцы супраць іх, былі добраахвотнікі, нават з вёсак прыходзілі абараняць Гродна. Я не быў у харцэжах [рэд. — польскі варыянт скаўтаў], але ведаю, што падчас абароны яны падрывалі савецкія танкі. Я жыў крыху далей цэнтра, магчыма таму абарона прайшла міма мяне. Абаронцы трымаліся доўга і не пускалі ў горад савецкія часткі. Быў выпадак, што бальшавікі ўзялі 12-гадовага хлопчыка і прывязалі яго да танка і ехалі па Савецкай. Яго так і забілі. Памятаю, на Савецкай быў падбіты танк, а адзін уехаў у сцяну кінатэатра».

Мясцовыя яўрэі дапамагалі бальшавікам ўвайсці ў горад, узгадвае спадар Генрых. Ён кажа, што каля сінагогі паставілі кулямёт, з якога стралялі па польскіх салдатах, стралялі і з вокнаў. Палякі адстрэльваліся.

«У нас з дому гэта ўсё добра было відаць. Ужо пасля прыходу бальшавікоў адных малых яўрэйчыкаў мы білі за тое, што яны спявалі камуністычныя песні. Памятаю, на Замкавай мне казалі яўрэі: „Няма твой Польшчы, у дупе твая Польшча“. Біліся за гэта».

1941 год. Прыход немцаў

«Вайна для мяне пачалася зноў з самалётаў - яны бамбілі горад. Рускія ўцякалі, хтосьці нават у кальсонах. Потым шмат палонных немцы гналі на Сапоцкіна. Калоны палонных я добра памятаю: наперадзе машына з кулямётам і па баках салдаты. Немцаў у ахове было мала, у асноўным літоўцы былі. Палонным дапамагалі мясцовыя».

"Як быў палякам, так і застаўся". Пажылы гродзенец пра даваеннае жыццё ў горадзе
Генрых Юхневіч са сваёй сваячкай, пасляваенныя гады

Праца на зямлі і адмазка ад Германіі

«За немцамі я працаваў у Адамавічах на зямлі, якая ў нас яшчэ была. Пасля продажу было яшчэ некалькі гектараў. Папа у час вайны застаўся ў Гродне, даглядаць дом, а мы з мамай і сястрой паехалі ў вёску, але часта да яго прыязджалі. Я апрацоўваў поле, араў, сеяў і вельмі добра жыў. У нас было ўсё. Пры немцах у нас былі каровы, куры, свінні, трусы. Прыходзіш да немцаў і кажаш: няма чым засеяць. То давалі і потым казалі: аддасі не раней чым праз 5−6 гадоў».

Генрыха маглі забраць у Германію, як і многіх іншых гродзенскіх падлеткаў. Але яго брат уладкаваўся кур’ёрам у гміне і калі Генрыха запісалі на выезд у Германію, то дзякуючы брату паперу перапісалі. «Упісалі туды дзяўчыну, імя якой было падобнае да майго. Яна была дурнаватая, немцы паглядзелі на яе і не ўзялі».

Красці пры немцах нельга было. «Трох мужыкоў павесілі ў Гродне на браме аднаго з дамоў, калі яны рабавалі яўрэйскія хаты. Немец казаў так: «Пры паляках краў, пры рускіх краў, але пры немцах красці не будзеш».

Гродзенскае гета

«Памятаю, як ставілі гета і туды ўсіх яўрэяў зганялі. Вакол ахова была, памятаю ў нізіне аднаго ахоўніка з сабакам. Першы час немцы дазволілі мясцовым падыходзіць да гета і мяняць розныя рэчы. Шмат вясковых прыязджала. Пасля гета абгарадзілі і падыходзіць забаранялі. Неяк адны з вёскі прехалі мяняць сала на подушкі. Немец убачыў іх на горцы і застрэліў.

Памятаю, як на працы яўрэяў гналі. Раніцай выганялі з гета, а ўвечары прыводзілі. Тое, што яўрэяў потым пачалі вывозіць на знішчэнне, ніхто з мясцовых не ведаў. Нават самі яўрэі гэтага не ведалі".

Спадар Генрых узгадвае, як яўрэі прыходзілі да яго бацькі і прасілі іх схаваць, але бацька іх не ўзяў. Станіслаў Юхневіч сказаў, каб яны шукалі прытулак дзе-небудзь у іншым месцы, бо калі б немцы даведаліся, што ён хавае яўрэяў, то расстралялі б усю сям’ю.

Генрых Станіслававіч узгадвае, што некаторым яўрэям удалося выжыць. Адзін — бо ў 1939 пайшоў у савецкае войска. Іншы — цырульнік па прозвішчы Грандзіцкі - таксама неяк здолеў захаваць жыццё.

"Як быў палякам, так і застаўся". Пажылы гродзенец пра даваеннае жыццё ў горадзе
Фота з архіву сям'і Юхневічаў, пасляваенныя гады

1944 год. Вызваленне

«Увайсці ў горад савецкім салдатам немцы доўга не давалі. Па расказах ведаю, што праз Нёман ім цяжка было пабудаваць мост: палову пабудуюць — і немцы пачынаюць бамбіць. Вёскі каля горада па разы чатыры бралі, нашы Адамавічы дык дакладна».

«Як быў палякам, так і застаўся ім»

Пасля вайны, як пачалі ствараць калгасы, Генрых пераехаў канчаткова ў горад. Уладкаваўся пажарным, працаваў там да 1950 года. У савецкую армію служыць не пайшоў: падмануў з датай нараджэння.

«Ніхто не хацеў на цаліну, а тады салдат туды везлі. Я сябе лічу палякам. Дзе б я не жыў - карані ў мяне польскія. Я каталік. Мне ніколі не было розніцы, хто побач жыве са мной: рускі, беларус або яўрэй. Я жыву і мне добра. Я як быў палякам, так і застаўся ім. Я сваёй нацыі не зракуся».

"Як быў палякам, так і застаўся". Пажылы гродзенец пра даваеннае жыццё ў горадзе
Некалькі пасляваенных гадоў Генрых Юхневіч працаваў у пажарнай частцы ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life