Hrodna.life стараецца як мага часцей размаўляць з гродзенцамі, якія нарадзіліся ў міжваенны час. Іх штогод робіцца ўсё меней, але менавіта яны памятаюць горад, які мы можам толькі разглядаць на старых фота. Гісторыя 93-гадовай гродзенкі Ніны Пятроўны Амельянчык магла б лёгка стаць сцэнарыям для фільма пра тыя гады.
Ніна Пятроўна нарадзілася ў Гродне ў 1924 годзе на вуліцы Каліноўскага ў сям'і звычайных сялян, якія на Пярэселцы мелі сваю гаспадарку. Шматразовая акупацыя Гродна і пераезды не пакінулі амаль нічога ад багатага сямейнага архіва сям'і Дуброўшчык (дзявочае прозвішча Ніны Пятроўны).
Сям’я ў Ніны Пятроўны была вялікая і складалася з сямі чалавек. Дуброўшчыкi жылі на ўскраіне горада, ля самых Пышкоў. Там у сям'і быў невялікі кавалак зямлі, было некалькі кароў, свінні і куры.
«Усё малако ад кароў ішло ў горад на продаж. У нас былі свае кліенты, якія заўсёды куплялі свежую прадукцыю. Наша сям’я шмат часу праводзіла ў поле: раніцай капалі гліну і везлі яе на вазку прадаваць цагельням. Да абеду рабілі два рэйсы, а пасля абеду займаліся гаспадаркай на полі.
На заробленыя грошы сям’я набывала ўсё больш зямлі. З часам у многіх частках горада ў нас былі свае кавалкі зямлі. Але пасля гарадскія ўлады выдалі закон, што землі павінны быць у адным месцы, і ўсе нашы гектары аб’ядналі і далі ў адным месцы на Пярэселцы".
Вучылася Ніна Пятроўна ў школе на вуліцы Базыліянскай (сучасная Лермантава), якую называлі «усэмка» (яна мела восьмы нумар). Сёння гэтая ўстанова вядомая як школа № 4.
[irp posts="6375″ name=""Усэмка" на Базыліянскай: школа, якая памятае страшныя часы"]
«Гэтую школу пабудавалі, калі мне было 7 гадоў, гэта значыць у 1931 годзе. А калі мне ўжо было 8, то бацькі мяне адправілі туды вучыцца. Тады школа складалася яшчэ толькі з аднаго памяшкання, дзе быў калідор і па баках кабінеты. Ва ўсіх вучняў была адна форма. У дзяўчынак — чорныя халаты і белыя каўнерыкі, а ў хлопчыкаў - цёмныя касцюмы. Кожны клас у школе адрозніваўся спецыяльнай стужачкай».Ніна Пятроўна дагэтуль памятае заняткі польскай мовы, спеваў і рэлігіі.
«Да праваслаўных школьнікаў прыходзіў бацюшка, а да каталікоў ксёндз. А вось да баптыстаў і яўрэяў ніхто не прыходзіў, таму гэтых урокаў у іх не было. Можа гэта падасца сучасным школьнікам дзіўным, але ў нядзелю нам абавязкова трэба было прыходзіць раніцай пад школу, а пасля з вучнямі мы ішлі, хто ў царкву, а хто ў касцёл.
Я, як беларуска, хадзіла ў Архіерэйскую царкву на вуліцы Грандзіцкай (сучасная Горкага). Недалёка там была царква з чырвонай цэглы, але яе ўлады разабралі, нягледзячы на тое, што праваслаўныя былі супраць. Хто не хадзіў у нядзелю ў царкву, таго дзяжурныя адзначалі і потым ставілі ніжэй адзнаку. А гэта адзнака па рэлігіі ішла ў атэстат, так што прыходзілася ўсім хадзіць".
[irp posts="46 428″ name="Успаміны сталай гродзенкі: як немцы ў час вайны пазнаёмілі" са школай на Лермантава"]
Дырэктарам школы ў нас быў пан Вевюрскi, вельмі добры быў чалавек. Ды і многіх сваіх настаўнікаў я ведала добра, бо жылі мы ўсе амаль на адной вуліцы. У школе я адвучылася 6 класаў з 7 патрэбных. Не скончыла, бо прыйшлі бальшавікі".
Сталая гродзенка распавядае, што ў міжваенны час жыццё ў горадзе віравала, палякі і яўрэі імкнуліся жыць мірна, нягледзячы на некаторыя канфлікты.
«Іншы раз мяне палякі за спіной называлі кацапкай, бо я была праваслаўная. Але да гэтага я ставілася нармальна. Што тычыцца гандлю, то ў горадзе ён быў цалкам за яўрэямі. З панядзелка па пятніцу ў іх усё гараджане куплялі прадукты і розныя рэчы. Я добра памятаю краму сям'і Гольберг на плошчы Баторыя (сучасная Савецкая). Уладальнік вялікай крамы, якую мы называлi мануфактурай, быў рабінам, яго жонка і дачка там гандлявалі адзеннем і абуткам, яны вельмі любілі сваіх кліентаў.Адзін раз мы з мамай ідзем, а нам крычаць: «Пані Дамброўска, у нас свежы тавар для вашых дачок». Як зойдзеш, дык яны па некалькі пар абутку прынясуць, розныя тканіны і іншае. Куплялі ў іх.
Перад вайной з немцамі неяк Гольбергi нас паклікалі, а мама кажа: «Гольберачка, мілая, у нас грошай няма». Яна ў адказ: «Я з вас грошай не прашу. Зло на свеце ёсць, ідзе вайна да нас. Бярыце для сваіх дзяўчынак тканіну». Мама ўзяла і гэтай тканіны нам у будучыні хапіла на два касцюмы. Але, як апынулася, тканіна давалася не проста так".
Калі прыйшлі бальшавікі Ніне было 15 гадоў. Тыя часы яна добра запомніла, бо ўвесь горад жыў у страху.
«Саветаў мы не сустракалі, але і не змагаліся з імі. Асабіста я з імі магла размаўляць спакойна, бо ведала рускую мову з царквы.
Аднойчы ранкам я несла малако кліенту ў двухпавярховы драўляны дом на вуліцы Жвіркi (сучасная Чкалава). Падыходжу да дому, а там савецкія салдаты з вінтоўкамі стаяць. Я перамагла страх і зайшла ў дом.
На кухні стаяла цяжарная жанчына ў начной кашулі. Побач быў салдат. Жанчына заплакала і сказала: «Дзякуй дзяўчынка, нам больш не трэба малако. Можаце ўзяць у доме ўсё, што хочаце».
Я спалохалася і пабегла. Пасля ўбачыла, як гэтых гараджан выгналі з дому з адным чамаданам і запіхалі ў машыну. Такая ж гісторыя адбылася са шматлікімі настаўнікамі на нашай вуліцы. Памятаю, як настаўніка Злоцкага забралі, а ён не разгубіўся і ў кузаве машыны на балалайцы пачаў граць.
У той час чэкістаў у горадзе баялася не толькі інтэлігенцыя, але і звычайныя людзі. Мы — сяляне, доўгі час спалі апранутыя і каля печы сушылі сухары, бо баяліся, што і за намі прыйдуць".
У 1939 году да сям'і Ніны Пятроўны бальшавікі прыйсці не паспелі, але зайшлі да яе швагра, які жыў недалёка.
«Калі яны прыйшлі, швагер якраз быў на працы на тытунёвай фабрыцы. Салдаты дом атачылі і пачалі крычаць, каб адкрылі ім дзверы. Сястра мая адкрыла і сказала, што муж на працы. Салдаты паехалі на фабрыку за ім. З тых часоў мы яго і не бачылі. А сястра засталася адна з пяццю дзецьмі.
За што забралі швагра? Напэўна за тое, што ён быў з сям'і эмігрантаў з Расійскай імперыі".
У перыяд нямецкай акупацыі сям’я Дуброўшчыкаў жыла ў страху, але спраўна працавала на сваёй зямлі і плаціла падаткі.
«У першы дзень вайны, калі пачалася бамбёжка горада, некаторыя снарады трапілі ў турму і шматлікім вязням удалося збегчы. Калі турма была адкрытая, гараджане пабеглі туды ў надзеі знайсці сваіх сваякоў, якіх забралі бальшавікі. Я пабегла ў тым ліку, каб знайсці швагра.
Заходжу, а там столькі людзей і ўсе перабіраюць розныя дакументы. Да мяне падышоў былы польскі зняволены і спытаў: «Каго дзяўчына шукае?» Я яму сказала, што шукаю мужа сястры Міхала Бельскага. А ён мне ў адказ: «Не шукайце, яго ўжо няма ў жывых». У турме над людзьмі моцна здзекаваліся і нешматлікія вытрымалі.
Паступова ў горадзе сталі з’яўляцца немцы. Іх мы таксама баяліся, бо яны адразу ж пачалі наводзіць свае парадкі: яўрэяў у гета, палякаў і беларусаў на працы. Людзі яшчэ не адышлі ад страху бальшавікоў, як тут прыйшлі новыя карнікі".
Гета, якое было агароджана калючым дротам, Ніна Пятроўна вельмі добра памятае і памятае мноства людзей, якiя там былi. Негледзячы на небяспеку, сям'і Дуброўшчыкаў удавалася падтрымліваць некаторую сувязь з яўрэямі.
«Выходзіць з гета ім было нельга, толькі на працы. Памятаю, ездзілі адны яўрэi з бочкамі каналізацыі гарадскія чысціць і аднойчы выканалі адзін наш сямейны заказ. Зняволенныя на ўсё былi гатовыя дзеля ежы і мы папрасілі іх зрабіць надмагільную пліту нашаму бацьку. Зрабілі яны яе хутка, вось толькі вывозілі кавалкамі ў лес. За гэта мы ім далі масла».
З-за сваёй знешнасці Ніна Пятроўна ў маладосці была падобная да яўрэйкі. Іншы раз гэта было падставай у салдатаў праверыць яе на вулiцах горада.
«Неяк я была на плошчы і нешта купляла, калі рэзка ў мяне аўтаматам тыкае салдат і крычыць: „Хальт Юдэ“. А ў мяне тады былі чорныя кучаравыя валасы і я была падобная да тыповай яўрэйскай дзяўчыны. Я спалохалася і нічога не магла сказаць салдату, але добра, што побач апынуліся знаёмыя, якія патлумачылі яму, што я беларуска. Падобная сітуацыя і з братам адбылася. Ён таксама такі чорны быў, як і я. Пасля гэтага выпадку на вуліцу страшна было выходзіць».За перыяд нямецкай акупацыі сям’я Ніны Пятроўны некалькі разоў падвяргала сябе небяспецы за сувязь з вязнямі гета. Але ў самы важны і адказны момант сям’я не стала пераходзіць самую небяспечную мяжу.
«Памятаю ў адзін дзень у нас у доме з’явіўся вядомы кравец з гета. Як ён адтуль выбраўся, я не ведаю. Але прыйшоў, каб зняць меркі з нас для касцюмаў. Матэрыялам для іх паслужыла тканіна, якую падарылі Гольбергi. Праз некалькі дзён касцюмы былі гатовыя, а мы гэтаму майстру наўзамен далі ежы. Уяўляеце, гэты кравец, які да вайны абслугоўваў толькі багатых, быў гатовы падчас вайны за кавалак хлеба на ўсё.
Перад ліквідацыяй гета ўначы прыбегла да нас і дачка-прыгажуня Гольбергаў Фрума са сваім мужам і прасіла схавацца. А мы жылi каля самай дарогі, дом быў бачны. Мама сказала ім: «Гольберачка, мілая, ну куды я вас схаваю? У нас немцы ўсюды і няма дзе схавацца. Нас расстраляюць і вам не дапаможам схавацца». Нават усе адрыны былі ў нас запоўненыя, а немцы рэгулярна іх правяралі.
Са слязамі на вачах Фрума з мужам сышлі, а куды — ніхто не ведае. Мама таксама доўга плакала, але мы разумелі, што яна не магла іх схаваць, бо прыйшлося б ахвяраваць сваёй вялікай сям’ёй. Ведаеце, i ў мяне на душы было сумна, бо Гольбергi былі добрыя людзі і шматлікім дапамагалі, калі ў іх была магчымасць. Нашы б так не зрабілі.
Пасля ліквідацыі гета мясцовым дазвалялі заходзіць на тэрыторыю, дзе жылі яўрэі, і браць розныя рэчы. Наша сям’я туды не пайшла, таму што браць у людзей, якіх адпраўлялі на смерць, было няправільна".
У 19 гадоў, яшчэ калі горад быў пад нямецкай акупацыяй, Ніна Пятроўна выйшла замуж. Праз год, калі вызвалялі Гродна, дзяўчына нарадзіла.
«Шлюб быў у саборы на Ажэшкі. Падчас вайны ён нармальна функцыянаваў. Сам вясельны стол быў у доме мужа каля табачнай фабрыкi. Адсвяткавалi і сталі жыць далей. У самым пачатку жніўня 1944 года я ўжо нараджала свайго першага хлопчыка. Гэта адбывалася ў той момант, калі яшчэ была бамбёжка і адыходзілі немцы. Муж мой быў смелы і калі ўсё стралялі паплыў на лодцы за акушэркай. За 2 пуды мукі яму ўдалося яе перавезці на другі бераг, каб яна дапамагла мне нарадзіць. Роды прайшлі паспяхова, акушэрка яшчэ некаторы час наведвала мяне».
Пасля таго як немцы сышлі, Ніна Пятроўна не пайшла нікуды вучыцца і працаваць, а сядзела дома з дзіцём. Пасля з наступнымі.
«Муж пазбег мабілізацыі і уладкаваўся на чыгунку, а я была дома з дзецьмі. Пасля вайны маю сям’ю і мужаву не хацелі браць на дзяржаўную працу, спасылаліся на тое, што сем'і рэпрэсаваных. Я доўга не працавала. Бліжэй да пенсіі пайшла толькі працаваць у дзіцячы сад.
Нічога добрага першы час пры другiх саветах не было. Жыццё так павярнулася, што нам нават за каровінымі капытамі ноччу ў чэргах даводзілася стаяць".
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …