Гэтым разам Hrodna.life пагутарыў з 88-гадовай Людмілай Іванаўнай Тупiцынай, якая распавяла, як яе сям’я перад Вялікай Айчыннай вайной прыехала ў Заходнюю Беларусь, а потым была вывезена немцамі. Яшчэ да вывазу ў Нямеччыну сям’я Тупiцыных прайшла Скідзельскае гета і гестапа, а таксама турму ў Гродне.

Вяртанне на Радзiму

Людміла Іванаўна нарадзілася ў 1930 годзе ў Расіі, у Іванаўскай вобласці, горад Шуя. У 1941 годзе, перад ад’ездам у Заходнюю Беларусь, 11-гадовая Люда ў родным горадзе вучылася ў трэцім класе, але сканчала яго ўжо ў Скідзелі. Фатаграфій з даваеннага жыцця ў сям'і Тупiцыных не засталося, бо іх дом згарэў.

«Даваенны перыяд я памятаю добра, але нарадзілася я далёка ад Гродна. Пераехалі мы ў Заходнюю Беларусь у сакавіку 1941 года, а ў красавіку бацька ўжо купіў дом у Скідзелі. Бацька ў мяне беларус і нарадзіўся ён у 1900 годзе на гэтых землях. У Першую сусветную ён з сям’ёй быў вымушаны з’ехаць з пад Скідзеля далёка ў Расію. У эвакуацыі вучыўся, працаваў на фабрыцы, а пасля завёў сям’ю. Вярнуўся ў родны край ён толькі ў 1939 годзе, калі Савецкая ўлада прыйшла на заходнія землі. Сваякі, якія жылі ў Скідзелі, агітавалі яго, каб ён заставаўся і прывёз з сабой сваю сям’ю. Так і паступіў, што аказалася, магчыма, і памылковым рашэннем».

Гета, гестапа ў Скідзелі і турма ў Гродне. 88-гадовая гродзенка ўспамінае нямецкую акупацыю
88-гадовая Людміла Іванаўна Тупiцына сёння жыве ў Гродне

Немцы прыйшлі ў Скідзель

Сям’я Тупiцыных у Расіі прадала дом за 25 тысяч рублёў і пераехала ў Скідзель. Па ўспамінах Людмілы Іванаўны, на пачатак 1940-х гадоў дамы ў Скідзелі былі страшныя ў параўнанні з тымі, якія яна бачыла ў Расіі.

«У выніку бацька знайшоў адзiн добры дом у Скідзелі і купіў яго адну частку, а ў іншай ужо жыла сям’я Ільюшэнка. Калі не памыляюся, глава сям'і быў першым сакратаром райкама партыі Скідзеля. Калі прыйшлі немцы, ім далі машыну на сям’ю і яны з’ехалі, а мы засталіся.

Немцы прыйшлі да нас праз два дні пасля пачатку вайны. Мы ў той момант хаваліся ўжо ў вёсцы каля горада, а калі вярнуліся ў Скідзель, то ад нашага дома нічога не засталося — ён згарэў. Дом спаліў сусед-татарын, які яго хацеў купіць, але савецкая ўлада не дазваляла яму набываць другі будынак. У выніку пры немцах мы ўжо пасяліліся ў знаёмых, а да канца года акупацыйная ўлада забрала нас і вывезла ў яўрэйскае гета, якое знаходзілася на тэрыторыі ваеннага аэрадрома".

Жылі ў зямлянках

Праз некалькі месяцаў пасля ўсталявання акупацыйнага рэжыму яўрэйскае насельніцтва Скідзеля сагналі ў гета, якое размясцілі за калючым дротам на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. Сведкі распавядаюць, што шэсць драўляных дамоў не змаглі ўсіх змясціць, таму многія заставаліся пад адкрытым небам, спехам капалі зямлянкі. Да восеньскіх халадоў, якія выклікалі хваробы, дадаўся яшчэ і страшны голад, людзі былі даведзеныя да знямогі. Мёртвых закопвалі прама на тэрыторыі гета. Выжыць удалося адзінкам.

«У гета трапіла каля 15 савецкіх сем’яў. Нас усіх кінулі да яўрэяў, як нейкіх злачынцаў, і жылі мы ў ямах-зямлянках. На ноч яўрэйскія сем'і, якія жылі ў дамах, бралі нас [рэд. — дзяцей] да сябе, каб мы не замярзалі. Праз некаторы час савецкія сям'і перавезлі ў гестапа. А яўрэі так і засталіся ў гета, якое пасля знішчылі. Яўрэі, напэўна, ведалі што з імі будзе, але нічога не рабілі. Мне здаецца, яны павінны былі змагацца і стварыць якое-небудзь паўстанне, так хоць бы некаторая частка засталася б у жывых».

Турма ў Гродне

Бліжэй да вясны 1942 года са Скідзельскага гестапа савецкія сям'і, у тым ліку і Тупiцыных, перавозяць у турму ў Гродна. Людміла Іванаўна некалькі месяцаў праведзеных у камеры запомніла на ўсё жыццё.

«У камеры было шмат людзей, прайсці нідзе нельга было. Іншы раз ледзь не седзячы спалі. Кармілі нас тры разы на дзень: раніцай кавалачак хлеба з апілкамі і нешта тыпу кававага напою; на абед давалі бульбін пару і буракі, якія раслі на тэрыторыі турмы; а ўвечары была зацірка. Жудасна было сядзець, дык нас нават на шпацыр не выводзілі. Жанчын і дзяцей трымалі асобна ад мужчын. З намі ў камеры сядзелі сем'і са Скідзеля. Памятаю, што ў адной жанчыны захварэлі дзеці, дык немцы іх узялі нібыта лячыць і не вярнулі. Гэтая жанчына за адну ноч пасівела. Пасля зняволеныя не казалі немцам, што ў іх хварэюць дзеці. Чым займаліся некалькі месяцаў у турме? У акно глядзелі пастаянна».

Закладнікаў вывозілі на расстрэл

За некалькі месяцаў Людміла, якой у 1942 годзе было ўсяго 12 гадоў, вывучыла турму і яе зняволеных.

«У 1942 каля Гродна хтосьці забіў двух немцаў. А тады быў выдадзены закон, калі забіваюць аднаго немца, то бяруцца ў закладнікі 200 цывільных чалавек. А забілі, як нам казалі, двух немцаў і ў турму прывезлі 400 чалавек з Гродна. Нас на прагулкі не выпускалі, а гэтых людзей можна было ўбачыць у двары турмы кожны дзень.

Мне было добра бачна гэтых людзей. Памятаю жанчыну з двума дзецьмі: хлопчыкамi-блізнятамi. Святароў памятаю і іншых. Напэўна, гэта былі прадстаўнікі інтэлігенцыі, бо ўсе былі добра апранутыя. Адной ноччу гэтых людзей пачалі вывозіць на расстрэл. Ля турмы навокал былі крыкі, але пры гэтым стрэлаў не было чуваць. Нам, дзецям і жанчынам у камеры, было страшна. Мы сядзелі і не ведалі, што будзе з намі. Немцы самі ў камеру да нас не прыходзілі, а толькі часам паліцаі сачылі за парадкам".

Гета, гестапа ў Скідзелі і турма ў Гродне. 88-гадовая гродзенка ўспамінае нямецкую акупацыю
Аб’ява з часоў нямецкай акупацыі ў Гродне, якая знаходзіцца ў музеі турмы. У ёй напiсана, што нехта забіў нямецкага салдата і польскага паліцыянта і ў сувязі з гэтым акупацыйная ўлада бярэ ў закладнікі 100 чалавек з Гродна і Сакольскага павета.

Вывезлі на працы ва Усходнюю Прусію

Людміла Іванаўна распавядае, што праз некаторы час яе бацькоў немцы сталі выклікаць на допыты, а дзяцей пры гэтым не чапалі. Пасля некалькі месяцаў у камеры, сям’ю Тупiцыных перавялі ў іншае памяшканне на тэрыторыі турмы, дзе можна было ўжо выходзіць. Як аказалася, сям’ю рыхтавалі да вывазу ва Усходнюю Прусію.

«З Гродна нас цэлай сям’ёй адправілі на таварных вагонах да самай Усходняй Прусіі, у горад Растэнбург. Везлі да сартавальнага лагера. Там у нас была магчымасць упершыню за доўгі час памыцца. Пасля лагера нас перавезлі ў горад Бартэнштейн, а адтуль нас забралі працаваць у маёнтак.

Працавалі мы на палях. Кожную раніцу прыходзіў брыгадзір і казаў якой працай займацца. Спачатку я пасвіла авечак па цэлым дні, потым працавала на агульных працах. На харчаванне мы атрымлівалі карткі, вядома, не такія як немцы, але ўсё адно было лепш, чым сядзець у канцлагеры. Працавала побач з намі сям’я з Польшчы, два французскіх салдаты і тры польскіх".

Гета, гестапа ў Скідзелі і турма ў Гродне. 88-гадовая гродзенка ўспамінае нямецкую акупацыю
Пасляваенныя фатаграфіі Людмілы Іванаўны. На пярэднім здымку яна злева.

Дамой у Беларусь не спяшалiся

Вызвалілі Тупіцыных і іншых вывезеных у 1945 годзе савецкія салдаты. Але вяртацца ў Заходнюю Беларусь сям’я не спяшалася.

«Мы спачатку не ведалі, што прыйшлі нашы салдаты, бо з фронту адыходзіла шмат «власаўцаў», якія ў нас ежу забіралі. У адзін дзень неяк ідзем і чуем часта рускую мову. Спачатку не маглі разабраць, хто гэта, а потым зразумелі, што гэта ўжо Чырвоная армія прыйшла. Так нас і вызвалілі.

Маёнтак адразу мы не пакінулі і яшчэ некаторы час там жылі. Неяк з адной дзяўчынкай вырашылі схадзіць у бліжэйшы гарадок Домнаў і ўзяць у краме сабе рэчаў, бо абуць і апрануць у нас нічога не было. Дайшлі да горада — і нас заўважылі савецкія салдаты і завялі ў камендатуру. Мы распавялі, навошта прыйшлі ў горад, там з нас рагаталі, а потым камендант сказаў, каб мы перадалі бацькам, што ён іх хоча бачыць. Мы перадалі і бацькi прыйшлі. Камендант сказаў, каб яны не спяшаліся ехаць дадому, бо патрапіць туды будзе цяжка з-за нямецкіх груповак. Прапаноўваў лепш трохі пачакаць, пакуль фронт далей пройдзе і калі адновяць чыгунку".

Пасля вайны пасяліліся ў Гродне

На час Тупіцыны пераехалі ў Домнаў і пасяліліся каля камендатуры. Людміла Іванаўна ўспамінае, што дамоў вольных у горадзе было вельмі шмат, бо амаль усе немцы пакінулі горад.

«Маці дапамагала на кухні, а бацька працаваў на кані і перавозіў неабходнае. Прабылі мы ў Домнаў да мая і ў гэтым жа месяцы вярнуліся ў Скідзель. Ехалі дадому праз Літву на цягніку. Ужо па прыездзе праходзілі допыты і расказвалі, як мы трапілі ў Нямеччыну і многае іншае.

У Скідзелі жыць і працаваць нам не было дзе, пераехалі ў Гродна, дзе нам далі двухпакаёвую кватэру на вуглу Моладзевай і Карла Маркса. Я пайшла ў школу вучыцца, а бацька з маці на працу. Бацька працаваў на скотазаводзе ў Пышках, дзе часова змяшчалася жывёла, якую пешым парадкам праз лясы і балоты вялі з Нямеччыны. Да вайны ў нас тут былі каровы розныя, у асноўным карычневыя. А пасля з’явіліся і чорна-белыя, якія былі тады толькі ў Нямеччыне".

Гета, гестапа ў Скідзелі і турма ў Гродне. 88-гадовая гродзенка ўспамінае нямецкую акупацыю
У пасляваенныя гады Людміла Іванаўна вучылася ў Гродне і Мінску, а пасля працавала медыкам. Сёння на пенсіі і жыве ў Гродне


Рекламные листовки все еще пользуются бешеной популярностью. На их изготовление требуется меньше времени и затрат. Цены на изготовление можно смотреть тут. Также возможна срочная печать флаеров.