Спадчына

«Хто хоча быць палякам, той усюды ім будзе». 83-гадовая гродзенка пра тое, як перажылі вайну і чаму не з’ехалі пасля

12 сакавіка ў Гродне ўзгадаюць 76-ю гадавіну ліквідацыі гета. Hrodna.life публікуе ўспаміны 83-гадовай Зоф'і Закшэўскай, якая памятае апошніх гродзенскіх яўрэяў і іх шлях на смерць, а таксама шмат іншага пра той Гродна, які ўжо знік назаўсёды.

Вы ўсё яшчэ можаце набыць кнігу з успамінамі пажылых гродзенцаў, якую выдаў Hrodna.life. Падрабязней тут.

Зоф’я Закшэўская (у дзявоцтве Друціс) нарадзілася ў 1936 годзе на вуліцы Нёманскай. Каталічка. Усё жыццё жыве ў Гродне, лічыць сябе полькай.

Тата быў фурманам і спяваў у хоры

«Мой бацька ў Першую сусветную застаўся сіратой, яго і іншых дзяцей выхоўвала цётка, а яе муж быў на працы ў ЗША. Пасля заробкаў у іх былі тры дамы, у адным з іх потым жыла мая сям’я. У міжваенны час бацька працаваў даражкажам [dorożkarz (польс.) — возчык, павознік, рамізнік, фурман — рэд.], сёння б назвалі гэтую прафесію таксістам. Быў у яго конь і дарожка [брычка, экіпаж — рэд.] з гумовымі коламі. Тата яшчэ ў хоры спяваў і мы часта на службу ў Фарны касцёл да яго хадзілі.

Мама не працавала, даглядала дома дзяцей — нас было пяцёра. Часам яна хадзіла палоць агароды ў сучасны Каложскі парк. Там адна частка агародаў належала яўрэю Калману, а другая Архірэйскаму падворку.

У цэлым жыццё да вайны было добрае, да нас нават з вёскі Пярэселка „малочніца“ (дзяўчына, якая носіць свежае малако) праз дзень прыходзіла і прыносіла па тры літры малака».

Засталіся без зямлі

Да 1939 года сям’я Друціс збірала грошы на новы дом і нават паспела купіць участак зямлі на вуліцы Жвіркі (суч. Чкалава), але ажыццявіць планы не ўдалося — пачалася Другая сусветная вайна, памянялася ўлада.

«Бацькі доўга збіралі грошы і здолелі купіць участак зямлі для будучага дома. Нават камяні на палях збіралі для будаўніцтва. Пачалася вайна, прыйшлі Саветы і зямлю забралі. Сказалі - дах над галавой маеце, другі дом вам не патрэбны. Вось так мы і пазбавіліся сваёй зямлі».

Бацькі Зоф'і са старэйшай сястрой, 1920-я гг.
Першая камуія Зоф'і, 1945 г.

«Суседзі, гэта бальшавікі ідуць»

Як у Гродна прыйшлі Саветы, Зоф’я не памятае, але аповяды суседзяў і бацькоў пра 1939 год засталіся на заўсёды ў яе памяці.

«У верасні 1939 года ў горадзе стала шумна, мама спытала ў суседзяў, што гэта адбываецца. Адзін мужчына ёй у адказ: „Суседка, гэта бальшавікі ідуць на нас“. Калі прыйшлі першыя саветы, у бацькі забралі каня. Людзі баяліся штосьці казаць ці абурацца, бо многіх вывозілі, як у нас казалі на „белыя мядзведзі“ [ссылка ўглыб Расіі ці ў Казахстан].

Былі ў нас суседзі па вуліцы: Чугай, Кулагіны, Лапышы, Строцкія і Пентка. Апошніх вывезлі з канцамі з-за таго, што ў іх зяць быў паліцыянтам. Людзі плакалі і крычалі. Гэта я памятаю. Камуністы імкнуліся вывозіць людзей у асноўным ноччу, але нашу сям’ю яны не кранулі. Адкуль у іх была такая агрэсія, мы не ведалі. Першыя Саветы прыехалі да нас, як звяры. Яны сябе лічылі героямі, а нас бюракратамі і мільянерамі. Так, у нас у горадзе людзі на месцы не сядзелі і працавалі, пры гэтым мелі домікі і зямлю. Але яны самі ўсё зарабілі, не кралі, а як прыйшлі Саветы — адразу ж апынуліся ворагамі народа.

Адзін з такіх савецкіх герояў спрабаваў заляцацца да маёй сястры, нават перад мамай на калені падаў, каб яна аддала дачку за яго. Ён абяцаў, што браць шлюб будзе ў касцёле, нягледзячы на ​​тое што заўзяты камуніст. Праз некаторы час гэтага салдата перавялі ў іншае месца і ён увесь час пісаў лісты сястры. Мама ведала рускую і перакладала іх.

Прайшло трохі часу і гэты рускі ўжо пісаў, што яго ланцугамі ў касцёл не зацягнеш. Мама тады сястры сказала: „Глядзі, які халера, казаў што кахае і ўсё зробіць дзеля цябе, а цяпер яго ланцугамі ў касцёл не зацягнеш“.

З новай уладай бацька перастаў быць таксістам і пайшоў працаваць на цагляны завод, які якраз быў недалёка ад дома. Я памятаю, мы яму насілі абед і бачылі, як коні круцілі гліну».

Будаўніцтва моста праз Нёман, 1920-я гг. (Фота з архіва сям'і Закшэўскіх)

«Halt donnerwetter!»

Зоф’я распавядае, што калі ў чэрвені 1941 года пачалася бамбёжка Гродна, некаторыя жыхары вуліцы Нёманскай сабраліся і пачалі капаць вялікую траншэю, абклалі яе дошкамі і зрабілі схованку. Там падчас налётаў авіяцыі хавалася па дваццаць чалавек.

«Перыяд вайны я добра памятаю. Недалёка ад нашага дома, а менавіта ў школе на Базыльянскай [суч. Лермантава] у немцаў была жандармерыя і яны часта любілі пахаджваць уверх па Базыльянскай у парк, пасля па Рыбацкай і на Нёманскую. Кола такое рабілі.

З вуліцы Жвіркі да Нёманскай быў бульвар пусты і неяк там у лапухах мы з дзецьмі гулялі ў хованкі. І якраз ідуць два п’яныя мужчыны, спявалі рускую песню, а насустрач ім немцы і крычаць: „Halt donnerwetter!“. Мужчыны спыніліся, але адзін з іх працягваў спяваць і тады немец дастаў пісталет і стрэльнуў яму ў галаву, другога пашкадаваў. Забітаму павесілі паперку ​​да кашулі, каб тры дні яго ніхто не прыбіраў.

Мы — дзеці - усё гэта бачылі. Да такой ступені быў перапуд, што бацькі адпявалі мяне, абмалівалі, абпальвалі рознымі зёлкамі, каб супакоіць. Я тады на любы гук і шоргат рэагавала, крычала. Словы немца „Halt donnerwetter!“ я на ўсё жыццё запомніла. Ужо неяк пасля вайны, калі мы ехалі ў Польшчу ў цягніку, я сустрэла немца і спыталася ў яго, што азначае „donnerwetter“, але ён сказаў, што такія словы не перакладаюцца. Гэта мат».

У час вайны і вароны былі смачныя

Пры немцах бацька Зоф'і працаваў конюхам. Аднойчы ён прынёс дадому палову мяшка забітых крумкачоў. Сям’я іх з’ела.

«Падчас акупацыі цяжка было ўсім. Тата быў конюхам і неяк катаў немцаў па горадзе. У парку яны спыніліся і стралялі па крумкачах. Бацьку сказалі іх забраць. Было холадна і голадна, ён іх прывёз дадому. Мама скубала гэтых крумкачоў, парыла і смажыла іх нам. Гэта быў добры кавалак мяса ў той час.

Памятаю, пры немцах хадзілі ў вёску на абмен. Дзе ручнік, абрусы, адзежку прыгожую, усё мянялі на масла або кавалак сала. Пад канец вайны сваіх парсючкоў трымалі і баяліся, каб яны не пікнулі. Немцы маглі сур’ёзна за гэта пакараць, калі б даведаліся».

Польская партызанка і беларускае таварыства

Сястра Зоф'і падчас вайны выйшла замуж, каб не паехаць у Нямеччыну на прымусовыя працы. Ёй было ўсяго 17 гадоў, а муж на 11 гадоў старэйшы. Ён быў польскім сяржантам з Чарнай Беластоцкай і заляцаўся да маладой гродзенкі. Да шлюбу ён часта прыязджаў у Гродна на ровары, за 47 км ад дома.

«У 1939 годзе, калі разбілі польскую армію, хлопец сястры Эдзік прыйшоў да нас, як той бежанец. Зняў з сябе ваенную адзежу і апрануў грамадзянскую — нашага бацькі. Пасля сеў на ровар і паехаў да сябе дадому. Праз некаторы час, пры немцах, ён вяртаецца ў Гродна. Уладкаваўся ў дэпо слесарам.

Ажанілася сястра з Эдзікам ў 1942 годзе. Праз год у іх нарадзілася дзіця і на Вялікдзень ён сказаў, што яму тэрмінова трэба сыходзіць, а за жонкай і дзіцяткам прыедзе яго брат. Ён загадаў сястры сабраць усе рэчы, нават кветкі, і паказаць, што яны насамрэч пераязджаюць. Усё так і было, прыехаў яго брат і забраў сястру з дзіцём. Праз тры тыдні пасля іх ад’езду маму выклікаюць у паліцыю. Аказваецца, Эдзік быў у польскай партызанцы. Немцы пыталі ў мамы, дзе дачка, а яна і не ведала нічога. Яе моцна пабілі ў жандармерыі, але адпусцілі».

Зоф’я ўспамінае, што некаторых суседзяў вывозілі на працы ў Нямеччыну, а некаторых заклікалі ў беларускую армію, створаную немцамі.

«Шмат каго з суседзяў немец забраў у войска. Яны ў Гродне стварылі беларускае таварыства і заклікалі туды маладых хлопцаў. Памятаю, што пайшлі туды Лёнька Юргулевіч і абодва Шыпавалавы. Пасля вайны яны вярнуліся дадому, а Саветы іх адразу на 10 гадоў адправілі. Маладыя хлопцы — і такі тэрмін. Наш дзядуля таксама хацеў туды ісці, прыйшоў дадому і кажа маме: „Ты ведаеш, трэба пайсці ў беларускае таварыства запісацца“. А мама яму: „Вы здурэлі на старыя гады, хочаце беларусам стаць?“ Так ён і не пайшоў».

Доктар Іван Нічыпарук з жанчынай. У першыя дні вайны, ратуючы чужыя жыцці ў Гродне, ён не раз рызыкаваў сваім уласным. Фота з архіва сям'і Закшэўскіх, 1930-гг.more
Доктар Іван Нічыпарук з жанчынамі на вуліцах Гродна. Фота з архіва сям'і Закшэўскіх, 1930-гг.

Падчас вайны спрабавалі дапамагаць яўрэям

Тое, што немцы здзекаваліся з яўрэяў, жыхары горада выдатна ведалі і па магчымасці імкнуліся дапамагаць тым, хто апынуўся за калючым дротам. Да вайны многія палякі былі сябрамі, знаёмымі, калегамі ці суседзямі будучых вязняў гета.

«Падчас акупацыі да нас прыходзіла яўрэйка дадому, рэзала і брала з сабой рэчы. Дзе яна жыла, ніхто не ведаў, але яна сябе яўрэйкай не называла. Мабыць, баялася. Пасля яе прыходу заўсёды праветрывалі пакой, а сястра гаварыла: «жыдам пахне». Усе разумелі, што людзі апынуліся ў цяжкім становішчы і зараблялі, як маглі.

Перасяленне гродзенскіх яўрэяў у гета, 1941 г.
Гета ў Гродне было два. Тое, якое ў цэнтры, я сама бачыла. Было вельмі страшна. Людзі хадзілі туды, мянялі ежу на розныя рэчы. Немцы злавілі неяк двух мужчын і на базары на Віленскай іх павесілі. Бачыла гэта ўсё. Гэта было свайго роду папярэджанне, каб ніхто не меў справаў з яўрэямі.

Людзі ў Гродне ведалі, што ў хуткім часе гета будуць прыбіраць і пачнуць вывозіць яўрэяў, хтосьці нават прасіў аб дапамозе. Мая бабуля да вайны прала ў аднаго яўрэйскага доктара на сучаснай вуліцы Васілька. Ён там працаваў і жыў. І ў яго была дзяўчынка майго ўзросту, клікалі яе Малка. І я часта ў іх дома была, гуляла з гэтай дзяўчынкай. Калі яўрэяў сагналі ў гета, гэты доктар папрасіў нас, каб мы забралі яго дачку. Падчас ліквідацыі гета, калі вязняў вялі па плошчы Баторыя [суч. Савецкая] у напрамку моста, гэты доктар пхнуў дачку да нас. Тады на плошчы была мама, я і малодшая сястра. Мы гэтую Малку ўзялі і пачалі сыходзіць, а яна ўбачыла, што яе бацька ўжо далёка сышоў, і пачала крычаць. Сарвалася і пабегла да яго. Мы не змаглі ні чым ёй дапамагчы, а хацелі. Мы гатовы былі забраць Малку, я была такая ж кучаравая, як і яна. Што стала з з імі, я не ведаю".

Адгалоскі гета

Падчас нямецкай акупацыі дзядзька мужа спадарыні Зоф'і працаваў электрыкам. Аднойчы яго адправілі ў гета — здымаць паказанні лічыльнікаў. Паход у гета апынуўся для яго сямейнай трагедыяй.

«Ён прыйшоў туды, а адзін стары яўрэй не даваў яму здымаць паказанні з лічыльніка. Дзядзька яму кажа: „Ты, жыдоўская морда, зараз прыйдзе немец і нас абодвух расстраляе за гэты лічыльнік. Навошта ён табе?“. Што там было далей, я не ведаю, і невядома, чаму яўрэй не даваў яму здымаць паказанні. Але пасля вайны ўнук гэтага яўрэя застаўся жывы і, аказваецца, ён чуў, як старэйшыя лаяліся ў гета. Пайшоў ды заявіў Саветам, што дзядзька супрацоўнічаў з немцамі і яго пасадзілі на 10 гадоў. Вызвалілі пасля смерці Сталіна, далі чыстыя дакументы. Вярнуўся ў Гродна з палачкай, памятаю, быў май на двары. А ў жніўні яго сына забіваюць на тым жа месцы, дзе ў яго ўзнікла спрэчка з яўрэем. Хто забіў і як гэта было — ніхто не ведае. Магчыма, гэта былі адгалоскі гета — помслівыя яўрэі».

Вуліцы ў гродзенскім гета, 1940-я гг

Збіраліся ў Польшчу, але засталіся ў Гродне

Адразу па заканчэнні вайны сям’я Друціс сабралася з’язджаць у Польшчу, як рэпатрыянты. Тады многія гродзенцы карысталіся гэтым шанцам.

«Другія Саветы, як і першыя, лічылі нас мясцовых за нікога. Раскулачвалі, забіралі зямлю, саджалі. Усё што хацелі, то і рабілі. Прыходзілася ўжывацца з імі ці з’язджаць. Пасля вайны мы вырашылі ехаць у Польшчу, як і многія іншыя. Збілі скрыні, купілі карову і былі гатовыя да доўгай паездкі. Але калі нам сказалі, што паселішча будзе на былых нямецкіх землях, мама сказала, што нікуды не паедзе. Сказала бацьку разбіваць скрыні.

Яна казала, што ёй хапіла падчас вайны, што ў сваім родным горадзе пацярпела ад немцаў. Баялася, што на іх землях яны наогул дзяцей ёй павыразаюць. Так мы і засталіся ў родным горадзе. Мама казала заўсёды нам: «Хто хоча быць палякам, той усюды будзе палякам».

Зоф’я Закшэўская, 2019 г.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024