Спадчына

«Мы былі патрыётамі». Успаміны гродзенца, які прымаў удзел у абароне Гродна 1939 года

92-гадовы Стэфан Хоцей сёння жыве недалёка ад польскай Саколкі, 40 кіламетраў ад Гродна, дзе ён нарадзіўся. Усё жыццё гродзенец марыў вярнуцца на радзіму, але зрабіць гэта не мог па некалькіх прычынах. Па-першае, ён удзельнічаў у абароне Гродна ад савецкіх войскаў у верасні 1939 года, а па-другое вяртацца не было куды — у сямейным доме жылі іншыя людзі.

Успамінамі з жыцця ў Гродне Стэфан падзяліўся з Hrodna.life.

Cтэфан Віктаравіч Хоцей нарадзіўся ў Гродне на вуліцы Маставой у 1927 годзе. Каталік. Пражыў у родным горадзе да 1939 года, а пасля з бацькамі вымушаны быў пераехаць у вёску. Жыць у Гродна так і не вярнуўся.

«Я гродзенскі, але бацькі мае былі прыезджымі. Першы час наша сям’я жыла над Нёманам на вуліцы Маставой, там я і нарадзіўся. Мама працавала на тытунёвай фабрыцы і глядзела, каб працоўныя не выносілі папяросы. Бацька ж спачатку працаваў на яўрэйскім тартаку (завод па перапрацоўцы дрэва — рэд.).

Побач з намі жыў дэпутат па прозвішчы Красінскі, ён мяне яшчэ хрысціў у Францішканскім касцёле. Гэты паважаны чалавек аднойчы запрасіў майго бацьку ў праўладную партыю OZN («Лагер нацыянальнага аб’яднання»). А праз некаторы час бацька наогул стаў сакратаром гэтай партыі ў Гродне. Добра зарабляў і спачатку мы пераехалі на вуліцу Златарскую (суч. Урыцкага), а пасля купілі камяніцу на рагу вуліц Вітальдовай (суч. Сацыялістычная) і Брыгіцкай (суч. Карла Маркса).

Вучыўся я спачатку ў школе каля заапарка, як ісці на чыгуначную станцыю. А ў 5 клас пайшоў у школу імя Адама Міцкевіча. У мяне таксама былі дзве старэйшыя сястры, адна з іх вучылася ў гімназіі".

На здымках сям’я Хоцей, 1920-я гг.

Добрае жыццё ў Гродне

Па ўспамінах Стэфана, яго бацька ў 1930-я гады атрымліваў у Гродне каля 1000 злотых. Яго сям’я, акрамя ўласнага дома ў горадзе, пабудавала добрую дачу ў вёсцы, а таксама мела агароды і вырошчвала гародніну.

«Вельмі добра ў Гродне нам жылося. Я памятаю, як хадзіў у заапарк, гарадскі парк, музеі і кіно. У нас тады ў Гродне было 5 кінатэатраў, як цяпер памятаю: «Геліёс» на Брыгіцкай, «Апола» на Дамініканскай (суч. Савецкая), на Паштовай (суч. Сацыялістычная) «Пан», на Гараднічанскай «Малы люкс», а на Ажэшкі «Уцеха». Я хадзіў туды глядзець фільмы, калі хацеў, бо быў у класе скарбнікам, і ў нас былі спецыяльныя пасведчанні. Школьнікі хадзілі па горадзе ў сваіх мундзірыках з рыскамі. Ва ўсіх школ рознага колеру. Мая «Міцкевічувна» — жоўтага, «Баторувка» — чырвонага і г. д.

У нас у доме была служанка, яна насіла кнігі мае ў школу. Не тое каб мне было цяжка, проста я быў хуліганістым і мама яе адпраўляла са мной, каб б я нікуды не ўцёк. А мы з хлопцамі маглі.

Жыццё ў Гродне да вайны была цікавае і насычанае. Пры жаданні я мог з сябрам пайсці на Нёман і пакатацца на каяках, а зімой на каньках на лёдзе каля дома. Побач быў яўрэйскі спартыўны клуб «Макабі».

Стэфан з маці і сёстрамі, 1930-я гг.
Наша сям’я жыла добра і таму мы многае сабе дазвалялі. Я часта з бацькам хадзіў у рэстаран на абеды да пана Заянчкоўскага, ён знаходзіўся пры плошчы Баторыя (суч. Савецкая плошча). На Дамінканскай былі часта ў кавярнях і цукернях.

Мой тата любіў вельмі піва гродзенскае, памятаю, як ляжаў на ложку і піў. А ў нас жа ў Гродне піўзавод быў. І там рабілі такое піва «Хорацы Хэлер», любімае ў бацькі.

Памятаю, на Гувера (суч. Тэльмана) быў рэстаран афіцэрскі і там недзе ў 8 раніцы мы ішлі ў школу, а афіцэры яшчэ пілі, а побач з будынкам стаялі курвы (прастытуткі - рэд.), нават бывала біліся паміж сабой за кліента. Казалі, што некаторыя з іх нават мелі нейкія дакументы на працу".

Яўрэйскія пагромы

У 8 гадоў Стэфан стаў як сведкам, так і ўдзельнікам вялікага яўрэйскага пагрому ў Гродне. Ён заходзіў у яўрэйскія крамы і выкідваў тавар на вуліцу, а нешта браў сабе.

«Тады ў горадзе пражывала шмат яўрэяў, можа нават больш чым палякаў. Цэнтр дакладна яўрэйскі быў. Самы вялікі пагром на жыдоў адбыўся недзе ў 1935 годзе, калі ў Гродне нейкі яўрэй забіў прыезджага марака. Дзесьці на танцах марак прыгледзеў сабе яўрэйскую дзяўчыну і пайшоў з ёй, а яго дагнаў нейкі хлопец у браме і даў у плечы. Забіў.

Як хавалі гэтага паляка, ксёндз выступіў з патрыятычнай прамовай. І пасля пахавання ўсе пайшлі на жыдоў. Тры дні маладыя хлопцы 18−20 гадоў хадзілі з палкамі і білі яўрэйскія вітрыны, а мы — дзеці хадзілі за імі. Казалі нам усё з крамаў выкідаць на вуліцу. Памятаю, на плошчы Баторыя быў добры магазін з роварамі, радыё, музычнымі інструментамі, то мы ўсё выкідалі. Крычалі тады: «Бі жыда», а на кожным куце пісалі «Не купляй у жыда». У цэнтры стаяла паліцыя і салдаты, але ніхто не спрабаваў спыніць пагром. Была поўная свабода. Хто хацеў, той мог выносіць усё што заўгодна з яўрэйскіх крамаў. Адзінае, што я ўзяў, дык гэта цукеркі ў шклянай банцы. Дадому не панёс, схаваў каля дрэва. Баяўся, што мама пазнае, а так мяне ніхто не пускаў на гэтыя пагромы, я збегаў. На трэці дзень пагромы ў Гродне спыніліся, людзі супакоіліся.

Пашкоджаныя вокны яўрэйскіх крамаў пасля пагромаў.
Ля пашкоджанай крамы ў цэнтры Гродна.

Я б не сказаў, што палякі дрэнна ставіліся да яўрэяў ў Гродне, усе жылі разам у адным горадзе. Але часам былі моманты на мяжы, з-за гэтага і адбываліся нейкія канфлікты. Была ў мяне яўрэйская суседка, Аняй клікалі. Малодшая за мяне, але яна мне падабалася — такая чорная, прыгожая. Вазіў яе на ровары, да лесу нават даязджалі. Не было ў нас праблем, што я — паляк, а яна — яўрэйка. Мы сябравалі і падабаліся адзін аднаму. Толькі пры немцах усё змянілася. Калі я прыехаў у горад, то бачыў яе. Яна ішла па дарозе і плакала, у той момант калі я ішоў як чалавек па тратуары. Пасля яе забралі ў гета і ўсё. Больш мы ніколі не бачыліся".

«Гатовыя былі жыццё аддаць за Польшчу»

У верасні 1939 года добрае жыццё сям'і Хоцей у Гродне скончылася. Пачалася Другая сусветная вайна, кіраўнік сямейства пайшоў ваяваць супраць немцаў. А ў Гродна тым часам увайшлі савецкія войскі, якія папросту маглі вывезці Стэфана, яго маці і сясцёр у Сібір або расстраляць, але гэта не адбылося.

«Бацьку забралі ў польскую армію яшчэ да пачатку Другой сусветнай. Тое што немец будзе нападаць на Польшчу, мы ведалі, але ўсе казалі, што наша краіна моцная і зможа даць адпор ворагу. Войска было шмат, асабліва ў Гродне. Але немцы ў першы дзень вайны зрабілі налёты самалётамі. Даляцелі яны і да нашага горада, скінулі бомбы на масты і на склад пораху ў лесе. Але ў горад яны так і не ўвайшлі. А тое, што ў Гродна прыйдуць саветы, то мы нават і паняцця не мелі. Гэта цяпер ёсць тэлевізар і радыё, і інфармацыя імгненна перадаецца. А тады ніхто нічога не ведаў. Толькі камуністы і яўрэі рыхтаваліся да прыходу саветаў. Апраналі чырвоныя павязкі, стваралі сваю міліцыю і паказвалі як праехаць. Казалі, што на іншай частцы берага Нёмана, каля тытунёвай фабрыкі, яны нават паставілі прывітальную браму саветам.

Савецкія танкі на подступах да Гродна, 1939 г. Ілюстрацыя ў савецкай газеце.
Калі некаторыя яўрэі пачалі сустракать рускіх, то палякі - патрыёты пачалі рыхтавацца да абароны горада. Разам з рэшткамі войскаў на вуліцах горада з’явіліся і маладыя студэнты, харцэры.

«Мае старэйшыя сёстры пайшлі да абароны, вось яны і мяне прыцягнулі. Мы былі патрыётамі і гатовыя былі жыццё аддаць за Польшчу. Абарона ў Гродне была ў некалькіх месцах. Калі ў горад ўвайшлі рускія, я быў на Ажэшкі, недалёка ад школы, дзе вучылася адна з сясцёр. Там у іх было некалькі стрэльбаў і іншая зброя, таксама яны налівалі бензін у бутэлькі і рыхтаваліся чакаць танкі. Мы стаялі пад мостам. У нас было некалькі бутэлек з запальнай сумессю. Калі першы танк пачаў ехаць, мы выбеглі і пачалі кідаць у яго гэтыя бутэлькі. Падпалілі адзін. Са мной тады былі сябры, сярод іх і Рышард Нойман — пратэстант, сын камісара паліцыі. Так яго на месцы забілі салдаты з другога танка, яны стралялі з кулямётаў. Потым магчыма і праехалі па ім. А я быў паранены ў руку, пашанцавала, што нават у жывых застаўся. У мяне была шапка прастрэленая і адзенне. З другім хлопцам мы ўцяклі з вуліцы і здолелі схавацца.

Спачатку боль ад ранення я не адчуваў, толькі потым убачыў што здарылася. Мяне падхапіла сястра і яшчэ нейкі хлопец і павялі да доктара. Наклалі мне гіпс і пасля гэтага я больш нікуды не выходзіў з хаты".

«Усе мы баяліся»

Стэфан кажа, што пасля абароны горада ён не выходзіў на вуліцу, бо людзі маглі пазнаць яго, а пасля выдаць савецкім салдатам.

«Страшна было, калі б які-небудзь яўрэй даведаўся, што я ўдзельнічаў у абароне, то здаў бы мяне хутка. Але нам пашанцавала, нашу сям’ю ніхто не выдаў. Дзесьці два тыдні мы яшчэ пажылі на Брыгіцкай і з’ехалі. Не было што есці нават, крамы зачыненыя. Сапраўдны голад быў і тады мама прыняла рашэнне пакінуць Гродна. Яна на цягніку даехала да Саколкі і звярнулася па дапамогу да дзядулі. Праз некаторы час ён з фурманкай прыехаў у Гродна і забраў нас у вёску Паганіца. Так я пакінуў родны горад. Усе рэчы забраць не паспелі, але і ў вёсцы быў нядрэнны дом з усім выгодамі.

Бацька вярнуўся ў Гродна яшчэ пад канец 1939 году. Ён быў два месяцы ў саветаў у палоне, але яго адпусцілі, бо добра казаў на рускай мове. Ён прыехаў да нас у вёску і хаваўся там, баяўся што па яго зноў прыйдуць. Усе мы баяліся".

У Гродна вярнуўся толькі пры немцах

У 1940 годдзе гродзенец ужо пайшоў вучыцца ў вясковую школу, вувучаў там рускую і нямецкую мовы. А вярнуўся ў родны горад Стэфан толькі падчас нямецкай акупацыі.

«Вёска знаходзілася не так ужо і далёка ад Гродна, але там было бяспечна. Увосень 1941 года ў вёсцы быў пажар і я выратаваў маленькае дзіця з палаючай хаты. Сам пацярпеў, з апёкамі быў. Два месяцы ляжаў і нічога не бачыў. Скура злазіла, прыходзіла сястра і даглядала мяне. Пасля мы прынялі рашэнне з бацькам паехаць у Гродна. Як прыехалі, то пайшлі на Замкавую да знаёмага яўрэйскага лекара. Гета яшчэ тады не было. Прыйшлі да яго, а ён як за галаву ўзяўся і кажа: „Гэта добра, што вы да мяне гэтага хлопца прывезлі“. За сеанс яўрэй браў 2−3 маркі. Бацька сам паехаў у вёску, а мяне пакінуў у Гродне ў сямейным доме, тады там жыў вартаўнік. Мне трэба было каля дзесяці разоў наведаць гэтага яўрэйскага лекара. Пакуль быў у Гродне, то сустракаўся са знаёмымі. Так адзін з іх мне сказаў: „Ты што дурань, навошта платна да жыда ходзіш лячыцца. Немцы адчынілі на Маставой бальніцу“. На наступны дзень я пайшоў туды. Прыняў мяне доктар у вайсковай вопратцы і белым халаце. Паглядзеў мае раны, нешта зрабіў і заклеіў. Мне нават балюча не было і ён грошай не запатрабаваў. Бясплатна лячылі, а да яўрэя я ўжо не пайшоў. Пасля некалькіх працэдур я пакінуў Гродна і на веласіпедзе паехаў у вёску. Жыць у Гродна з тых часоў я больш і не вярнуўся. Жылі на вёсцы, на сваёй зямлі. Страх не дазваляў вярнуцца ў родны горад».

Стэфан Хоцей, 2019 г.

«Калі б адкрылі мяжу на каленях прыпоўз бы»

З 1941 года Стэфан быў толькі аднойчы ў Гродне, у савецкія гады па запрашэнні знаёмых. Зараз жа ён гатовы вярнуцца ў гэты горад.

«Саветы спачатку ў Гродне шукалі інтэлігенцыю, а пасля і немцы. Вывозілі і расстрэльвалі такіх людзей. Можа нас і ўратавала, што мы з’ехалі з Гродна. Вярнуўся я ў родны горад толькі ў 1984 годзе, разам з жонкай прыязджалі.

Яшчэ да паездкі мне часта па начах снілася, як я іду па нейкім касцёле і націскаю на педаль аргана і дзьмуць мяхі ад яго. Але я не разумеў, дзе гэта. А як зайшоў у Францішканскі касцёл і падняўся наверх, зразумеў, што менавіта гэтае месца мне сніцца. Там дзе мяне хрысцілі. Уяўляеце, цэлае жыццё адзін і той жа сон, і гэта быў гродзенскі касцёл. І гэта з дзіцячых гадоў…

У той час наш дом на Брыгіцкай яшчэ стаяў, але там жылі вайскоўцы. Я сёння сумую па Гродна, калі б адкрылі мяжу на каленях прыпоўз бы. Больш за ўсё сумую па Нёмане, нават па ўсім. Гэта мой родны горад, я б нават хацеў у ім памерці".

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024