Hrodna.life працягвае публікаваць гісторыі cталых гродзенцаў, якія ўвойдуць у другую кнігу ўспамінаў. Новая гісторыя — ад 86-гадовага Рычарда Далькевіча, які ў дзяцінстве разам з бацькам сплаўляў лес па Нёмане.

Рычард Віктаравіч Далькевіч нарадзіўся ў 1933 годзе ў Гродне на вуліцы Пшэдмейскай [суч. Прыгарадная]. Каталік. Усё жыццё жыве ў Гродне.

«Нёман быў іншы»

«Нарадзіўся я на вуліцы Пшэдмейскай, яна знаходзілася каля могілак і Нёмана. Там жылі адны палякі. Недалёка ад нашага дома быў тартак [лесапілка], там працаваў мой бацька. Неяк яго запрасілі плыты ганяць, бо ён добра ведаў Нёман, фарватар ракі. Ён і мяне часта браў на працу. На плытах з бярвеннямі мы рабілі буданы з саломы і плылі па рацэ, бывала і па некалькі дзён. Калі я быў вельмі маленькі, ён мне забараняў выходзіць з гэтага будана, баяўся за мяне. А калі я ўжо крыху падрос, то па шляху мы лавілі рыбу, любаваліся прыродай. Раней Нёман быў іншы — глыбакаводны і рыбы там была вялікая колькасць, на любы густ».


Забытыя будынкі Гродна. Тартак «Лес», які нагадваў замак ды знік бясследна


Рычард Віктаравіч распавядае, што ў 1930-я гады яго сям’я жыла добра ў параўнанні з іншымі суседзямі. Усё гэта дзякуючы бацьку і Нёману, які быў побач з домам.

«Загружалася бярвёнамі мы ў Гродне на левым беразе і, бывала, плылі да Друскенік. Аднойчы быў момант, што нас абакралі. Не ўпільнавалі сваіх рэчаў, і такое бывала. А былі моманты, што прыходзілася дзяліцца дрэвам з людзьмі. Напрыклад, калі плылі праз вёскі, людзі прасілі адвязаць некалькі калодак. Бацька дапамагаў за якое-небудзь узнагароджанне. Было гэта нелегальна, але людзям трэба было дапамагаць, асабліва пасля вайны. У летні перыяд бацька працаваў з лесам, а ў зімовы ішоў на піўзавод. Мама, як і кожная звычайная ў той час жанчына, была хатняй гаспадыняй. Займалася дзецьмі і гаспадаркай».

«Мы з бацькам былі плытагонамі». Успаміны гродзенца, які дапамагаў сплаўляць лес па Нёмане
Каля бернардынскага касцёла (сёння ў панадворку семінарыі)/ Пасля першай камуніі, 1930-я гг.

«Пра Тадзіка Ясінскага — праўдзівая гісторыя»

Пры першых саветах у 1939 годзе бацька Рычарда Віктаравіча працягваў займацца лесам на Нёмане. Але жыць гродзенскай сям'і стала больш складана.

«Савецкую ўладу ў Гродне наша сям’я не сустракала. Гараджане самі зладзілі абарону. Тады была перастрэлка з двух берагоў. Маладыя гродзенскія пацаны ішлі на танкі. Аднаго такога хлопца Тадзіка Ясінскага савецкія салдаты прывязалі на танк — як шчыт. Гэта была праўдзівая гісторыя. Хлапчук загінуў і яго пахавалі на каталіцкіх могілках. Выбару не было, прыходзілася жыць гродзенцам за першымі саветамі, чакалі лепшага жыцця, але хутка пачалася вайна з немцамі».

«Мы з бацькам былі плытагонамі». Успаміны гродзенца, які дапамагаў сплаўляць лес па Нёмане
Сям’я Далькевіч. Рычард пасярэдзіне. 1930-я гг.

Цукровыя таблеткі ад немца

Гродзенец кажа, што немцы прыйшлі ў горад нечакана для многіх. Не паспелі мясцовыя прывыкнуць да саветаў, як у горадзе з’явілася новая ўлада.

«Разам з немцамі ў Гродне былі іспанцы. Гэта я добра памятаю, яны яшчэ гралі на гармоніках. Неяк нам пацанам давалі шчоткі, каб мы грывы іх коней чухалі.

У 1940-х гг. бацька працягваў сплаўляць лес. Толькі было на рацэ ўжо больш праверак, немцы асцярожнічалі, і баяліся каб на плытах не перавозілі якую-небудзь выбухоўку або кантрабанду. Праз некаторы час пасля прыходу немцаў да нас дадому завіталі салдаты і сказалі выходзіць бацьку на працу на піўзавод. Хтосьці ім сказаў, што ён там працаваў раней. Прыйшлося яму на завод вярнуцца і працаваць піваварам. Я часта браў санкі і хадзіў туды да яго, а ён мне ў вядро наліваў рэшткі ад піва. Усё гэта я вёз дадому, а вечарам у сямейным коле пілі.

«Мы з бацькам былі плытагонамі». Успаміны гродзенца, які дапамагаў сплаўляць лес па Нёмане
Гродзенцы працуюць са льдом на піўзаводзе, 1940-я гг.
За немцамі нам не дазвалялі ў двары трымаць гаспадарку, таму часам было цяжка з ежай. Даводзілася лавіць рыбу, добра што Нёман быў за сто метраў ад дома. Я часта прыносіў маме нейкую малую рыбу, а яна пажарыць. Смачна было.

Памятаю неяк выйшаў я да Нёмана з вудай, а на беразе немец стаяў з сяброўкай. Паклікаў ён мяне і папрасіў вуду. Я яму паказаў, як закідваць. А ён як замахнуўся, так і зачапіў сваёй паненцы сукенку, яна апынулася ў яе на галаве. Жанчына крычала, а ён смяяўся. А я ж нічога дрэннага не зрабіў у гэтай сітуацыі, не вінаваты, у мяне толькі папрасілі вуду. Немец паклікаў мяне да сябе і даў скрыначку з чымсьці салодкім у выглядзе пілюль. Я спачатку не зразумеў, што гэта. Пакінуў вуду на беразе і пабег на эмоцыях дадому. Кажу маме — во, немец даў мне, а яна пачала казаць, што есці нельга — можа быць атручана. Але па выніку мы гэтыя пілюлі або як іх тады называлі пікулкі, напэўна, тыдні два з гарбатай пілі. Гэта былі сапраўдныя цукровыя таблеткі, а да гэтага мы бачылі толькі сахарын.

Дапамагалі яўрэям

Агулам па ўспамінах у немцах юны Рычард не ўбачыў нічога дрэннага, за выключэннем толькі некаторых момантаў.

«Падчас акупацыі было складана гродзенцам, асабліва яўрэям. Іх забралі ў гета. Адно было недалёка ад нас, на сучаснай вуліцы Антонава. Плот праходзіў якраз каля могілак. Неяк немцы выдалі ўказ, каб мясцовыя дапамаглі вязням. Мы дапамагалі. Памятаю, мама наварыла неяк паўвядра гароху і мы з ёй прынеслі пад гета. Падышла нейкая яўрэйка, зняла завушніцы ці гадзіннік, не памятаю ўжо, і дала нам у знак падзякі. Пасля гета расфармавалі і ўсіх яўрэяў вывезлі. Сёння у Гродне толькі адна памятная шыльда і толькі каля увахода ў другое гета, на Замкавай.

Пасля вайны ў горадзе было шмат зброі, некаторыя мясцовыя збіралі. Асабіста ў мяне быў цэлы чамадан гранат. Я гэтым карыстаўся. Асабліва на Нёмане глушыў рыбу. Не паспяваў яе збіраць, так шмат было. А так з бацькам і пасля вайны мы працягвалі сплаўляць лес па Нёмане".

У 1946 годзе 13-гадовы Рычард пайшоў вучыцца яшчэ ў польскую школу «Батарувку», але пасля яе расфармавалі і перавялі хлопца ў школу на вуліцу Паўночную [суч. Валковіча].

«Мы з бацькам былі плытагонамі». Успаміны гродзенца, які дапамагаў сплаўляць лес па Нёмане
У школе на Валковіча, 1947 г.

«Мы з бацькам былі плытагонамі». Успаміны гродзенца, які дапамагаў сплаўляць лес па Нёмане
Рычард Далькевіч у 2019 г.
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life