Спадчына

«Гэты дом пабудаваў мой бацька, якога саветы саслалі ў Сібір». Гісторыя сям'і чыгуначніка з вуліцы Славацкага

82-гадовая Марыя Дзянісаўна жыве ў сваім доме на вуліцы Славацкага. Гэты дом пабудаваў яе бацька. Ён быў чыгуначнікам, якога ў пасляваенныя гады паводле даносу саслалі ў Сібір. Пра жыццё ў Гродне і тое, як маленькая дзяўчынка ў 1940-х страціла бацькоў, жанчына распавяла Hrodna.life.

Марыя Дзянісаўна Гецэвіч (Дзежыц) нарадзілася ў 1937 годзе на вуліцы Славацкага. Каталічка. Усё жыццё жыве ў Гродне. Дачка польскага чыгуначніка.

На Славацкага жылі чыгуначнікі

«Мой тата працаваў на чыгунцы машыністам першага класа. Ездзіў у Варшаву і Вільню. Мама была хатняй гаспадыняй і часам працавала швачкай. Бацькі паслю шлюбу спачатку жылі на прыватнай кватэры, недалёка ад заапарка. Але пасля вырашылі пабудаваць уласны дом. Тату, як чыгуначніку, выдзелілі ўчастак зямлі на ўскраіне горада, на вуліцы Славацкага. Па крэдыт на будаўніцтва ён адмыслова ездзіў у Варшаву».

Гродзенскія чыгуначнікі, 1920-я гг. Бацька Марыі ў ніжнім шэрагу першы справа
Будаўніцтва дома на Славацкага пачалі ў 1934 годзе. Суседзі сям'і Дзежыц на вуліцы былі таксама служачымі на чыгунцы.

«На зямлі, якую атрымаў бацька, была гара, таму ён наймаў рамізнікаў, каб вывозілі непатрэбны грунт. За палякамі на нашай вуліцы жылі адны чыгуначнікі. Былі Рэйдак, Гайдановічы, Старун, Нычыпарукі і іншыя. Спачатку бацька планаваў пабудаваць аднапавярховы дом, бо ў іх з мамай была адна дачка. А потым я нарадзілася, тады пачалі ўзводзіць і другі паверх. Жылі мы нядрэнна, хоць і быў крэдыт. Тады бацька нармальна зарабляў, а мама займалася хатняй гаспадаркай. У нас на ўчастку былі свінні, куры і свой агарод».

Бацькі Марыі, 1930-я гг.
Бацька Марыі з сястрой і няняй, 1930-я гг.
Марыя з мамай ў заапарку, 1930-я гг.

«Вялікі дом маеш — значыць кулак»

У 1939 годзе, калі ў Гродна ўвайшлі часткі савецкай арміі, у доме Дзежыцаў пасяліліся два афіцэры. Гаспадар тым часам працягваў працаваць машыністам і пры новай уладзе.

«Калі прыйшлі саветы, то нас не кранулі, мы працягвалі жыць у сваім доме. Але аднойчы да нас прыйшлі і сказалі: „Вялікі дом маеш — значыць кулак. Гэта не тваё“. А што ў нас раскулачваць? Дом і тое недабудаваны быў, мы былі звычайнай сям’ёй. У выніку сталі да нас людзей падсяляць. Адзін час на кватэры жылі яўрэі, а пасля нам падсялілі двух афіцэраў. Ніхто не хацеў іх браць на кватэру, але прыходзілася браць. Нашых звалі Саша і Лёша. Жылі спакойна яны, нам не грубілі. Неяк у адзін дзень прыйшлі і сказалі: „Усё гаспадыня, мы адступаем“. Яшчэ перад самай вайной з немцамі сталі да нас у дом сяліцца людзі і на другім паверсе, хоць і нічога не было гатова. Там жыла сям’я Жыўнаў, хтосьці з іх быў стваральнікам музея прыроды ў Гродне».

Марыя з сястрой, пач. 1940-х гг.

Самае страшнае падчас акупацыі - закладнікі

З прыходам немцаў у 1941 годзе бацька Марыі Дзянісаўны яшчэ працаваў першы час машыністам на чыгунцы, але пасля адмовіўся — баяўся за сваё жыццё. Ён стаў працаваць на станцыі перакладчыкам. А ў іх дом на Славацкага падсялілася сям’я нямецкага афіцэра.

«Бацька ведаў нямецкую мову, пра гэта даведаліся і прапанавалі яму быць перакладчыкам. Ён пагадзіўся. А на цягніку ўжо не хацеў ездзіць, бо многія цягнікі партызаны пускалі з рэек. Тата пастаянна знаходзіўся на станцыі, быў нейкім дзяжурным, а таксама займаўся адносінамі з насельніцтвам — перакладаў для немцаў. Таксама ён дапамагаў сем’ям чыгуначнікаў. Калі прыйшлі немцы, то многія сем'і засталіся без кармільцаў, то ён з калегамі збіраў грошы для іх. На вуліцы стараліся размаўляць толькі са сваімі. На Славацкага ў адным доме быў радыёпрымач, то тата часта хадзіў туды з сябрамі слухаць амерыканцаў. Пра гэта ведалі адзінкі, толькі самыя блізкія людзі.

Каля сямейнага дома, 1943 г.
Дом сям'і Дзежыц, 1943 г.
Дзеці на Славацкага, 1943 г.

І за немцамі ў нашым доме працягвалі жыць іншыя людзі. Праз некаторы час пасля пачатку вайны да нас заехала нямецкая сям’я. Яны да нас нармальна ставіліся, іншы раз дзяліліся сваім пайком. А там было масла і іншыя прадукты. Мы не галадалі. Памятаю, у іх быў хлопчык Фрыдрых, мы з ім гулялі. Афіцэр, які ў нас жыў, прапаноўваў бацьку дабудаваць дом, а пасля нас перасяліць на другі паверх. Але неяк мы адстаялі пабудову, бацька сам жадаў пасля вайны дабудаваць дом.

З маіх успамінаў самае страшнае падчас акупацыі - гэта калі немцы бралі людзей у закладнікі. Бывала дзесьці заб’юць якога-небудзь немца ці пусцяць з рэек эшалон, то тады прыязджалі ноччу на матацыклах салдаты, заходзілі ў дом і бралі закладнікаў. Нашу гродзенскую інтэлігенцыю так і расстралялі. Таму іншы раз мы спалі апранутымі. Казалі, што калі прымеш на кватэру немцаў, то ўладальнікаў не возьмуць у закладнікі. Можа гэта нас і ратавала".

Мясцовых гродзенцаў сустракалі і збівалі

Пасля вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года главу сямейства Дзежыц арыштавала савецкая ўлада за працу на немцаў. Яго саслалі ўглыб Расіі.

«Калі саветы прагналі немцаў, некаторыя палякі з’язджалі адразу на захад. Бацька ж мой казаў: «А чаго я паеду, калі нікому нічога дрэннага не зрабіў. Заўсёды абараняў і дапамагаў людзям». Але аказалася інакш, расейцы на бацьку данеслі і яго ўзялі. Сказалі, што ён працаваў на немцаў. Далі яму 25 гадоў лагераў. Спачатку ён быў у нашай турме, то мама насіла яму пасылкі. Ён нават перадаваў нам запіскі, а пасля яго саслалі ў Сібір. Там ён дзесьці ў 1948 годзе адмарозіў сабе ногі, ляжаў у шпіталі і памёр. Вось так ні за што добры чалавек страціў жыццё. Тады проста за глупства маглі арыштаваць, нават за анекдот, калі белы певень перамог чырвонага.

Марыя з сястрой, кан. 1940-х гг.
Марыя з сястрой, кан. 1940-х гг.

Дзікунства было першы час пасля вайны. Прыязджалі сюды сям'і савецкіх афіцэраў, яны не мелі ніякага паняцця пра культуру. Гэта цяпер яны сталі культурнымі, а тады ў пасляваенныя гады нас — мясцовых гродзенцаў - яны сустракалі і збівалі. Са школы іншы раз спакойна не магла дайсці да дома. Бралі партфель і выкідалі сшыткі. Абзывалі нас пшэкамі, а мы іх называлі кацапамі. Яны прыехалі і пачалі панаваць у нашым горадзе, вывозілі людзей, зачынялі польскія школы, прымушалі ўступаць у піянеры і камсамол".

Планавалі з’ехаць у Польшчу

Марыя Дзянісаўна распавядае, што яе мама вельмі перажывала з-за страты мужа. Жанчына засталася адна з двума дзецьмі, яна не ведала што ёй рабіць і чым займацца.

«Пасля вайны шматлікія гродзенцы, у тым ліку і нашы сваякі, з’язджалі ў Польшу. Мы таксама планавалі. Частку рэчаў адправілі са сваякамі на Памор’е. Засталіся ў Гродне з некаторымі скрынямі, чакалі нейкага моманту, але так нікуды і не паехалі. Мама не прыняла канчатковае рашэнне. У 1949 годзе ў яе адбыўся інсульт і яна памерла. Мы з сястрой засталіся адны ў сямейным доме. Жылі неяк паўгода, са сваякоў ніхто не хацеў нас браць. Пасля да нас прыйшла апякунка, яна са сваёй сям’ёй пасялілася на другім паверсе, а мы працягвалі жыць на першым. У сваім доме я жыву дагэтуль».

Марыя Дзянісаўна ў 2019 годзе

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024