Публікуем чарговыя ўспаміны гродзенскіх старажылаў. Гэтая гісторыя — ад Леакадзіі Міцкевіч. 6 мая ёй спаўняецца 90 гадоў.
Міцкевіч Леакадзія-Зоф'я Мартынаўна нарадзілася ў 1930 годзе ў Гродне. Каталічка. Жыла на вуліцы Лістоўскага (суч. Кірава). У 1939 годзе страціла бацьку, а ў перыяд Другой сусветнай вайны двух яе братоў вывезлі ў Германію. Пасля вайны гродзенка пайшла працаваць на тытунёвую фабрыку. Выйшла замуж за савецкага афіцэра.
Шыкоўная кватэра і забяспечанае дзяцінства
«Дзе менавіта ў Гродне я нарадзілася, нават і не ведаю, але бацькі мяне хрысцілі ў Беластоку, у «чырвоным касцёле» [беластоцкая архікатэдра на Рынку Касцюшкі - рэд.]. Сям’я наша складалася з пяці чалавек: тата — вайсковец, мама — хатняя гаспадыня, два браты Эдвард і Леон — вучыліся ў школе Адама Міцкевіча, і я — Леакадзія.
Я была самая малодшая, да вайны ў садок не хадзіла, усё дзяцінства правяла дома або на вуліцы, вакол суседзі - яўрэі. Мы жылі ў самым цэнтры Гродна, на вуліцы Лістоўскага. У доме № 18 на другім паверсе ў нас была шыкоўная кватэра з двума гаўбцамі. Бацька ў мяне быў пісьменным чалавекам, ведаў восем моў".
Леакадзія памятае, што яе бацька быў вайскоўцам і перабудоўваў аэрадром у Караліне. У Міцкевічаў нават дом у ваколіцы аэрадрома быў.
«Якую менавіта тата пасаду займаў, я нават і не ведаю, усе яго дакументы прапалі ў вайну. Увогуле, дзякуючы бацьку, дзяцінства ў мяне было багатае і забяспечанае».
Баяліся паездкі на «белыя мядзведзі»
У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. У гэтыя дні загінуў бацька Леакадзіі: яго параніілі ў час абароны горада ад Чырвонай арміі.
«Восенню 1939 года я толькі пайшла ў школу пры Бернардзінскім касцёле, як пачалася вайна. Як усё адбывалася ў Гродне, я не памятаю, бо маленькая была.
Неўзабаве ў Гродна прыйшлі савецкія салдаты і пачалася абарона. Хтосьці з польскіх жаўнераў прыбег і па майго бацьку. Недзе там на барыкадах яго паранілі. Тры дні ён ляжаў у шпіталі і памёр. Пасля гэтага мама з трыма дзецьмі засталася адна. Увесь час мы баяліся, што па нас прыйдуць камуністы і вывезуць як белапалякаў або паноў. Тады казалі, што павязуць «на белыя мядзведзі».
Мама Леакадзіі, калі выходзіла на вуліцу, завязвала хустачку, а дзяцей адмыслова апранала ў старую вопратку, каб не паказваць высокі сацыяльны статус. Гэта першы час дапамагала.
Леакадзія распавядае, што вывозілі гродзенцаў пераважна ўначы. Так зніклі многія суседзі.
«Незадоўга да ваенных дзеянняў у 1941 годзе прыйшлі і па нас. Нашы рэчы ўжо былі гатовыя. Пасадзілі нас у цягнік, надзіва ў добрыя вагоны, і павезлі чамусьці ў напрамку Літвы. І недзе пад Вільняй пачалася бамбёжка. На СССР напалі немцы. Цягнік стаў і ўсе пачалі разбягацца. Мы так і выратаваліся».
Два браты зніклі ў Германіі
Пасля ўцёкаў сям’я Леакадзіі дайшла да Друскенік. І паступова вёскамі дабіралася да Гродна. Міцкевічы хаваліся ў вяскоўцаў, баяліся трапляцца салдатам.
«Мама давала вяскоўцам золата і грошы, каб хавалі і кармілі нас. Праз некаторы час мы дайшлі да Гродна, а там ужо былі немцы. Кватэра на Лістоўскага пуставала, мы былі шчаслівыя, што вярнуліся дадому, хоць са старых нашых рэчаў нічога ўжо не было.
Неяк мы вырашылі з братамі пайсці ў кінатэатр — сёння гэта «Чырвоная зорка», ён быў недалёка ад нас. І чарга там была вялікая, выходзіла на дарогу. Раптам пад’ехалі немцы на чорнай машыне, выйшлі салдаты з сабакамі і пачалі адбіраць людзей. Бралі моцных і высокіх, у іх лік увайшлі два мае браты. Аднаму было ўсяго 12 гадоў, а другому 14. Я бягом дадому — распавядаць маці пра гэта. Яна пабегла да гестапа і стаяла там на каленях, прасіла адпусціць дзяцей. Але ніхто яе не паслухаў, Эдварда і Леона павезлі на прымусовыя работы ў Германію".
Першы час браты пісалі ў Гродна, што яны ў Кёнігсбергу і добра ўладкаваліся ў гаспадара. Лавілі ў моры рыбу. Прасілі ў маці дакументы, каб даказаць, што яны палякі.
«Неяк мы сабралі ім пасылку з дакументамі і сухарамі, паслалі яе па адрасе ў Кенігсберг. Але яна прыйшла назад, толькі ўжо без сухароў. З тых часоў больш сувязі з братамі ў мяне не было. Я ўсё жыццё шукаю іх, але нідзе няма і следу. Ніхто не ведае, куды яны зніклі, мае гродзенскія браты».
Яўрэйскае пытанне ў Гродне
Успамінае Леакадзія і гродзенскіх яўрэяў: іх жыццё да вайны і ў перыяд нямецкай акупацыі.
«Тое, што да вайны ў Гродне многія палякі дрэнна ставіліся да яўрэяў, гэта факт. Было шмат выпадкаў, і нават мае браты пісалі на сценах „не купляй у жыда“, казалі не кантактаваць з яўрэямі, бо яны маленькіх дзяцей забіраюць на мацу. Але мы жылі побач і ў мяне было шмат яўрэйскіх сяброў. Я нават іх мову ведала. Асабіста ў мяне стаўленне да яўрэяў змянілася, калі прыйшлі немцы. Яны з імі сталі паводзіць сябе, як з жывёламі».
Леакадзія кажа, што немцы першы час моцна не чапалі яўрэяў, прымушалі насіць павязкі і зоркі, а таксама загадалі ім не хадзіць па тратуары.
«Быў выпадак, калі мы з сяброўкай яўрэйкай Ліляй ішлі па горадзе і немец да нас падышоў і пхнуў яе на дарогу, паказаў ёй, што яна яўрэйка і павінна ісці па дарозе. Але гэта яшчэ ціха было. Далей яўрэяў чакала гета».
Перадачкі для сяброўкі
Падчас нямецкай акупацыі ў Гродне былі створаны два гета. Адно ў цэнтры горада, а другое недалёка ад аўтавакзала, у раёне вуліцы Антонава і на тэрыторыі раёна «Слабодка».
«Я добра памятаю другое гета. Яго межы былі аж да вуліцы Падольнай, да праваслаўных могілак. І вось да гэтага гета я бегала і насіла перадачкі сваёй сяброўцы Лілі. Мама казала: схадзі і занясі прадукты, толькі будзь асцярожная. Немцы на дзяцей не звярталі ўвагі. І вось я пакідала Лілі каля плота ежу і ўцякала. Там была невялікая ямка, і яна мне часам што-небудзь пакіне. Адзін раз бярэтку сваю пакінула, якая мне калісьці падабалася. Я вельмі перажывала за Лілю і яе сям’ю. Дагэтуль не магу забыць яе сямейную бабку — салодкую, такая смачная была, ніхто такую не рабіў больш.
Калі ў Гродне сталі расфарміроўваць гета, немцы вялі калоны людзей па цэнтры горада. І вось адна яўрэйка спрабавала перадаць мне маленькае дзіця. Толькі я ўзяла малое ў рукі, як атрымала ад немца, упала, і мама мяне адцягнула ад дарогі. А што з дзіцём стала, я не ведаю. Мама ўсё перажывала і малілася. Казала: што за жыццё прыйшло ў Гродна — то адны звяры, то іншыя".
Яшчэ жанчына ўзгадвае, што немцы прымушалі глядзець на пакаранні партызан. Збіралі па вуліцы людзей і гналі на плошчу.
«І мяне здзівіла, што ніводзін немец не выбіваў табурэтку з пад ног чалавека, усё рабілі паліцаі. Нашы хлопчыкі, якім было па 20−30 гадоў, тыя, хто ў свой час уцякаў ад рускіх».
Працавала на тытунёвай фабрыцы і трапіла ў турму
У 1944 годзе мама Леакадзіі выйшла фіктыўна замуж за маладога гродзенца. Яму было 25, а ёй 40. Усё для таго, каб Міцкевічаў зноў не вывезлі з Гродна.
«Жылі мы некаторы час усе разам. Пасля вайны я пайшла вучыцца ў вячэрнюю школу, як пераростак. Адразу ў чацвёрты клас. Рускай мовы не ведала, такія словы як „сахар“ і „сухари“ блытала. Але пасля ўсё нагнала».
У 1946 годзе Леакадзія пайшла працаваць на тытунёвую фабрыку. Ёй яшчэ не было 18 гадоў.
«Спачатку складвала папяросы. Я добра лічыла, гэта заўважыла бухгалтарка і мяне вырашылі павысіць. У 17 гадоў я адказвала за груз, які рыхтавалі на Берлін і ў Пекін. У мяне ў падначаленні былі грузчыкі і ўпакоўшчыкі. Вельмі адказная праца. Я ўсё лічыла, а потым ляпіла налепкі з пячаткай на скрыні і кантралявала пагрузку прадукцыі на вагоны».
Аднойчы Леакадзія захварэла і на працоўным месцы страціла прытомнасць. У яе была моцная ангіна і яе забралі ў шпіталь.
«Пакуль я хварэла на маё месца паставілі новую жанчыну, а яна ўсё паблытала і адправіла не туда вагоны: „Кацюшу“ ў Пекін, а „Нёман“ у Берлін. А там іншая цана і ўпакоўка, вялікая розніца ў кошце. Карацей кажучы — мільёны грошай».
За такое шкодніцтва адказнаму работніку пагражала 25 гадоў лагераў. Абвінавацілі ва ўсім непаўнагадовую Леакадзію.
«Ніхто мне нават не падаў руку і не сказаў, што я дзіця. Бо і віны маёй там не было, я захварэла, а вагоны адпраўляў іншы чалавек. І вось мяне пачаў судзіць ваенны трыбунал. Крычалі, што я спецыяльна пераблытала вагоны. Падышоў да мяне толькі старшыня партыйнай арганізацыі, паразмаўляў і хацеў сустрэцца з маці. Увечары ён прыйшоў да нас і сказаў: бярыце адваката і настойвайце на тым, што непаўнагадовую дзяўчынку не маглі ставіць на такую адказную працу».
Леакадзія кажа, што адбывалася нешта страшнае. Кінулі яе спачатку ў «яму» — турму на Тэльмана.
«Пяць дзён я там прабыла. Далей быў суд, мяне апраўдалі і пасадзілі ў выніку галоўнага бухгалтара. Але ж і яна была невінаватая».
З’ехала ў Расію і вярнулася
Пасля ўсіх гэтых падзей памерла мама Леакадзіі. Не перажыла яна хваляванні. Юная гродзенка засталася адна з айчымам. Але неўзабаве сустрэла свайго будучага мужа — савецкага афіцэра.
«Саветы сабе, немцы сабе, другія саветы прыходзяць і зноў тое ж самае. Тое, што мы перажылі, напэўна, толькі ў нас у горадзе такое магло быць. Перажылі гродзенцы страшныя падзеі. Пачынаючы, з 1939 года я страціла бацьку, двух братоў, маці і многіх сваіх сяброў. Мне яшчэ і 18 не было, я засталася ў Гродне толькі з айчымам. Ён піў, дадому не хацелася нават вяртацца».
Неяк Леакадзія сядзела каля дома і побач праходзіў савецкі афіцэр. Ён падышоў і пазнаёміўся з ёй.
«Мы разгаварыліся. Пасля размовы гэты афіцэр пашкадаваў мяне і пайшоў штурхануў добранька айчыма. Перад сваім ад’ездам ён пакінуў мне свае карткі на прадукты. Гэты афіцэр у будучыні стаў маім мужам. Яго звалі Сцяпан, на 12 гадоў старэйшы быў за мяне. Ён ўсю вайну прайшоў, быў афіцэрам і ездзіў на машыне. І вось неяк ён мяне падвёз да вячэрняй школы і папрасіў пачакаць яго два гады, хацеў каб я стала яго жонкай. Ён паехаў, а я чакала. Пакуль яго не было за мной прыглядала жанчына, якая была вартаўніком у нашым доме».
Будучы муж Леакадзіі Сцяпан прыехаў яшчэ да канца 1940-х гадоў і тады гродзенка выйшла за яго замуж.
«А праз некаторы час мы з ім паехалі ў Расію. Маталіся там па розных месцах каля 10 гадоў. Усюды я сябе адчувала некамфортна. Кім толькі мяне там не называлі, і жыдоўкай, полькай і немкай. У выніку мы вярнуліся ў Гродна і вельмі была радая гэтаму. У родным горадзе я працягваю жыць і сёння і ганаруся што я гродзенка».