Спадчына

Да 100-годдзя Васіля Быкава: успаміны пісьменніка пра Гродна — горад, дзе ён пражыў 25 гадоў

Беларускаму пісьменніку Васілю Быкаву 19 чэрвеня 2024 года магло б споўніцца 100 гадоў. Да юбілею Hrodna.life перачытаў аўтабіяграфічную кнігу пісьменніка «Доўгая дарога дадому» і абраў самыя цікавыя моманты, звязаныя з жыццём Быкава ў Гродне.

Пісьменнік жыў у Гродне 25 гадоў: з 1947 да 1949 і з 1955 да 1978 года. Тут ён пачынаў сваю творчую дзейнасць у мастацкіх майстэрнях і рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда». Менавіта ў Гродне Быкаў напісаў «Мёртвым не баліць», «Жураўліны крык», «Альпійскую баладу» і «Сотнікава».

Абраў Гродна, бо Мінск ляжаў у руінах

У Гродна Васіль Быкаў прыехаў у 1947 годзе, калі звольніўся ў запас пасля Другой сусветнай вайны.

«Вясной, якраз перад Першым маем, прыйшоў загад на маё звальненьне ў запас. […] Найперш паўстала пытаньне: куды ехаць? Канешне, у Беларусь, тут не было сумневу, але куды канкрэтна? Да бацькоў у калгас патыкацца ня мела сэнсу, але куды яшчэ? Дзе знайсьці прытулак, хаця б на першым часе?» [тут і далей захаваны аўтарскі правапіс з кнігі «Доўгая дарога дадому"].

Спачатку будучы пісьменнік прыехаў у Мінск. «Раней у сталіцы ня быў, і тое, што там убачыў, зьбянтэжыла. Горад ляжаў у руінах». Быкаў планаваў працягнуць навучанне ў мастацкім вучылішчы, якое ў яго не атрымалася скончыць з-за нападу нямецкіх войскаў на СССР у 1941 годзе.

Але ў мінскім Саюзе мастакоў яму сказалі, што «пакуль ніякай вучобы няма, вучылішча не працуе, дзе яно будзе — у Віцебску ці Менску, — яшчэ ўрадам ня вызначана. Жыць тут цяжка. Вам, кажа, няма рацыі тут заставацца. У некаторых абласьцях ёсьць аддзяленьні мастацкага фонду і неблагія калектывы мастакоў. Напрыклад, у Бярэсьці ці Горадні. Раю паехаць туды, там будзе праца, і пражыць там лягчэй, чым у Менску. А пасьля, можа, адчыніцца і мастацкае вучылішча. Падумаў я, што, відаць, так і трэба зрабіць. Якраз на Дзень перамогі цягніком цераз Баранавічы паехаў у Горадна — горад, дзе ў мяне не было ніводнай знаёмай душы. I які гэтак грунтоўна і на шмат год прычыніўся да майго чалавечага лёсу».

Чытайце таксама: «Это кажется невероятным». В Гродно нашли фронтовые рисунки Василя Быкова

Першую ноч правёў на чыгуначным вакзале

На гродзенскім чыгуначным вакзале будучы пісьменнік правёў сваю першую ноч у Гродне.

«З першага пагляду горад мне спадабаўся, не такi ўжо i пабураны (хоць у цэнтры i траплялiся руiны некаторых будынкаў), але ў iм адчувалася пэўная „заходнасьць“, рысы сярэднявечча — у старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вулiц. Зноў жа — два замкi i Нёман. Дужа гэта мiла здалося майму сэрцу, зьнябытаму на чужыне. Паўдня хадзiў па вулiцах, прыглядаўся, але куды зайсьцi не наважыўся. Першую гарадзенскую ноч правёў на вакзале».

Будынак таго вакзала не захаваўся. Яго зруйнавалі ў 1986 годзе. Знаходзіўся ён зусім побач з сучасным вакзалам.

У майстэрні мастацкага фонду знайшоў сяброў і жыллё

Пасля ночы на чыгуначным вакзале Васіль Быкаў пайшоў шукаць майстэрню мастацкага фонду. «Майстэрня была якраз у цэнтры на вуліцы Клары Цэткін [cучасная вуліца Дамініканская — Hrodna.life] — маленькі пакойчык у старым доме».

Там Быкава сустрэлі супрацоўнікі. «Выхаванец Варшаўскай акадэміі мастацтваў Аляксандр Кох звадзіў мяне на сваю кватэру, дзе я пакінуў чамаданчык, а ягоная гаспадыня, мілая гарадзенская полька, пачаставала мяне квартай малака з лустай хлеба».

«Паразуменне і шчаслівую сустрэчу» Быкаў з мастакамі адсвяткавалі ў рэстаране «Нёман». Будучаму пісьменніку знайшлі кватэру ў занёманскай частцы горада.

«Грошай у мяне было няшмат (выходное пособие), а пасьля рэстарану амаль не засталося нічога. Затое я набыў сяброў, якія мяне ўладкавалі за Нёманам на кватэру да сардэчнай Мар'і Iванаўны, што надоўга стала бы маёй другой маці».

Рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда» на Савецкай, 8

Побач з мастацкай майстэрняй на вуліцы Савецкай, 8 размяшчалася рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». Час ад часу Быкаў перасякаў з «газетчыкамі» ў «піўнушцы на рагу дзвюх вуліцаў».

«Тады ў рэдакцыі працаваў бухгалтарам стары (год пад 70) палкоўнік былой царскай арміі, ён таксама заходзіў туды — выпіць з палучкі піва. Калі-нікалі мы размаўлялі, той распавядаў шмат цікавага з свае царскай службы. Аднойчы ў хвіліну п’янаватай добрасьці ён і сказаў мне, што ня шкодзіла б падумаць пра сваю будучыню, і тым зачапіў нейкія чульлівыя струны ў маёй душы. Вы ведаеце беларускую мову, сказаў ён, а ў нас частку тыражу пачынаюць выпускаць па-беларуску. Зайдзіце ў сакратарыят, можа, будзе патрэба».

Праз некалькі дзён Быкаў прыйшоў у сакратарыят газеты, дзе яму прапанавалі напісаць заяву па-беларуску — і яго прынялі на працу карэктарам беларускага выдання. На думку Быкава, яго прынялі, бо не знайшлі ў яго заяве занадта шмат памылак.

«Трохі папрацаваўшы ў карэктарскай, перайшоў у сакратарыят. Пачыналася новая старонка маёй біяграфіі. Здавалася мне, што я выходзіў на нейкую прамую, але толькі здавалася. Наперадзе яшчэ былі выкруты лёсу, пякельныя рэцыдывы ўсё той жа ваеншчыны, якая ўпарта не хацела выпушчаць мяне з сваіх жалезных абдымкаў. А пакуль у рэдакцыі было спакойна, мне падабалася».

Падчас працы ў рэдакцыі газеты Быкаў напісаў сваё першае апавяданне пра апошні дзень вайны. «Намесьнік рэдактара А.Салаўёў прачытаў і сказаў: очань значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ў нейкія ўласныя здольнасьці. Але наступнае апавяданьне напісаў ня хутка. Прычынай таму зьявілася немалаважная акалічнасьць».

Быў на вайсковых зборах побач з Грандзічамі

Быкава выклікалі на вайсковыя зборы, якія працягваліся тры летнія месяцы. Намётавы лагер размяшчаўся ў лесе недалёка ад вёскі Грандзічы на беразе Нёмана. Пасля гэтых збораў пісьменніка адправілі на чарговыя зборы, але ўжо ў Слонім.

«У сьвеце пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з пэрспэктывай перарасьці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысьціся было немагчыма».

У 1949 годзе Васіля Быкава разам з сям’ёй адправілі служыць на Далёкі ўсход. Адтуль пісьменнік вернецца ў Гродна толькі ў 1955 годзе, пасля канчатковай дэмабілізацыі.

У пошуках жытла ўлез у кватэру КДБ

Пасля вяртання ў Гродна Быкаў з сям’ёй пасяліўся ў «мізэрненькай» кватэры жончынай сястры Веры ў старым доме. Але пісьменнік разумеў, што доўга там жыць нельга. Ваенкамат Быкаву таксама нічым не мог дапамагчы ў пытанні жытла. Таму пісьменнік проста стаў на ўлік і атрымаў першую ўласную кватэру ў Гродне толькі ў 1958 годзе.

Муж жончынай сястры — Павел Змітравіч — прапанаваў Быкаву пажыць на кватэры аднаго з працаўнікоў, які з’ехаў.

«…кажа: ёсьць магчымасьць. Адзін іхні работнік зьехаў на раён, ягоная кватэра вызвалілася. Трэба займаць. Увогуле акт незаконны, але цяпер усе так робяць, інакш не дачакаешся. […] Злавіў на вуліцы машыну і перавёз свае клумкі.

Кватэрка ўвогуле аказалася самая занядбаная, пакойчык зь сяньмі, дзьверы ў двор. Замок без ключа, заткнуты дужкай за прабой. Няспраўная грубка, тэлефон на падаконьніку. Тэлефон выклікаў у мяне падазрэньне — чаму ён тут? Да таго ж нявыключаны.

Чаму і для чаго, высьветлілася ранкам, як у дзьверы моцна пастукалі. Завіталі двое і ветліва пацікавіліся, хто тут пасяліўся. Я патлумачыў, яны моўчкі выйшлі. Праз пару гадзінаў прыйшлі зноў, але ўжо зь міліцыянтам і дамаўправам. «Немедленно освободить квартиру! Почему? А потому. Иначе выбросим сами».

У абед прыбягае жончына сястра Вера — у іх таксама скандал. Выклікалі Паўла, пагражалі адказнасьцю. Куды выклікалі? Ды ў КДБ, ён жа там працуе. А гэта ж іхняя тайная кватэра, дзе яны спатыкаюцца з кім трэба. Во дык справы, сказаў сабе Быкаў, во дык улез. Мала што сам улез, дык яшчэ і чалавеку нашкодзіў.

Яшчэ некалькі дзён стукалі ў дзьверы, пагражалі і папярэджвалі. I я ня вытрываў, пайшоў у пошукі іншай кватэры. Спаткаў на вуліцы даўняга знаёмага мастака Блізьняцова, і ён кажа: ёсьць кватэра, нядаўна вызвалілася. Праўда, халодная і без вады. I без туалету. Ня ведаю, ці падключана да электрасеткі. Кватэра аказалася на вуліцы Падгорнай, паблізу ад Нёмана, куды я і пераехаў пад новы 1956 год".

На вуліцы Падгорнай Быкаў напісаў сваё першае апавяданне пасля звальнення з войска. Яго ён аднёс у рэдакцыю «Гродзенскай праўды», дзе пазнаёміўся з літкансультантам Міхасём Васільком.

Чытайце таксама: «З добрай энергетыкай». У Гродне можна набыць кватэру, у якой жыў Васіль Быкаў

Нічыпарук рэзаў Быкава

Калі Быкаў захварэў на апендыцыт і пасля першай аперацыі ў яго адбыліся ўскладненні, то пісьменніка ратаваў вядомы гродзенскі хірург Іван Нічыпарук.

«У той час я захварэў. На апэндыцыт. Але каб тое вызначыць, спатрэбіўся час, а „хуткая“ прывезла мяне ў бальніцу позна ўначы. Дзяжурны хірург пад той час ужо „хлопнуў“ сваю дозу сьпірытусу і лёг спаць. Рэзаць мяне ўзяўся, як праспаўся, мабыць, час быў упушчаны. Як выпісаўся, пачаліся ўскладненьні. Дактары не маглі даўмецца, думалі, што брушны тыф. Добра, што папыталіся ў старога гарадзенскага лекара Нічыпарука, які адразу паклаў мяне на хірургічны стол і разрэзаў другі раз. Тым і ўратаваў, бо я ўжо не ўставаў».

Чытайце таксама: «Нічыпарука ведаў увесь горад». Гісторыя доктара, які лячыў людзей у Гродне пры любой уладзе

Быкаў мог узначаліць гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў

Калі Гродзенскі абласны камітэт разам з пісьменніцкім кіраўніцтвам у Мінску ў 1959 годзе вырашылі стварыць абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў, то творцаў паклікалі ў абласны камітэт.

«Сакратаром сьпярша прапанавалі быць мне. Але я адмовіўся на карысьць Аляксея Карпюка, які з належнай хэнцю ўзяўся арганізоўваць адзьдзяленьне. Першым чынам ён адваяваў для офісу зальчык у Доме Ажэшкі, абсталяваў яго мэбляй. Пасьля пачаў клапаціцца, каб пісьменьнікаў прымацавалі да спэцпаліклінікі. Тое нам дужа спадабалася, і мы ўсяляк падтрымлівалі Карпюка. А той, набыўшы адпаведны статус, пачаў забіраць вышэй, умешвацца ў жыцьцё гораду, часта па розных справах хадзіў да начальства ў абкам».

Чытайце таксама: Хто такі Аляксей Карпюк і чаму пра яго памятаюць гродзенцы

Быкаў меў маторную лодку і гойсаў на ёй па Нёмане

На левым беразе Нёмана ў пісьменніка быў гараж. Там Быкаў захоўваў сваю тэхніку, у тым ліку і маторную лодку, на якой любіў вандраваць па Нёмане.

«Неяк, прыйшоўшы ў рэдакцыю, Валя Чэкін сказаў, што купіў лодку з маторам, запрашаў пракаціцца па Нёмане. Прыхапіўшы з сабой падрослага сына Васю, пайшлі цераз мост на той бераг Нёману, дзе было багата настаўлена маторак, там жа, на беразе, грувасьціліся мэталёвыя скрынкі з рачным начыньнем. Валя запусьціў свой „вецярок“, і мы паціху пачухалі пад чыгуначны мост уверх па Нёмане. З вады я ніколі яшчэ ня бачыў ягоных берагоў, водмеляў, стром, прыбярэжных паселішчаў і бароў, усё мне было новае і прывабнае. […] Празь нейкі час я таксама купіў матор (болей дужы „віхор“) і лодку „казанку“ з булямі; з пратэкцыі Валянціна займеў на лодачным прычале месца. Удвух зь ім мы пачалі гойсаць па Нёмане, лавіць рыбу. Да рыбалкі я хутка астыў, зразумеўшы, што рыба мяне ня любіць».

Як Караткевіч у «Беларусі» абліў шампанскім Дануту Бічэль

«Аднойчы да нас прыехаў любы ўсімі Уладзімер Караткевіч. Тады ён пісаў „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ і хацеў паглядзець на гродзенскія „касталомныя вежы“. Не чакаючы, калі яму гаспадары наладзяць пачостку, сам склікаў тутэйшых літаратараў у рэстаран „Беларусь“ (які яшчэ тады быў), пачаў адкаркоўваць бутэльку шампанскага і абліў любую ім Дануту [паэтка Данута Бічэль — Hrodna.life]. Пасьля гжэчна выбачаўся і цалаваў яе ручкі».

Быкаву білі вокны і тэрарызавалі праз тэлефон

«Дома, на Кашавога [сучасная Вялікая Траецкая — Hrodna.life], яшчэ было ня позна, бліскаў тэлевізар, і раптам — удар у вакно, шыбіна — у друз, на падлозе кавалак цагліны. Я выбег на вуліцу — нідзе нікога. Назаўтра пасьля невясёлага роздуму пайшоў у міліцыю, напісаў заяву. Пасьля змусілі перапісаць, сказалі, будуць расьсьледаваць. Нейкі час чакаў выніку, пасьля перастаў чакаць. Пачаў чакаць іншых вынікаў, якія і пасьледавалі».

Тады Аляксей Карпюк дамогся ў кіраўніцтва вобласці, каб дома ў пісьменнікаў паставілі тэлефоны. «Стала зручна куды пазваніць, ня трэба было бегчы на пошту ці да аўтаматаў, якія ніколі не былі спраўныя. Але пачалося іншае ліха, прынамсі для мяне. Пачалі званіць — з Горадні, Менску, Масквы ці чорт ведае адкуль, — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кімсьці арганізаваны. Але вядома, кім. У любы час дня і ночы трашчэў тэлефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложку і чуў першае пытаньне: «Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?». Або: «Многа вам заплаціла ЦРУ за паклёп на партыю і Чырвоную армію?».

Чытайце таксама: Жыхары Гродна прапанавалі паставіць у горадзе помнік Быкаву. Вось што адказала Зоя Кулеша з гарвыканкама

Быкава і Клейна збілі побач з турмой

Быкаў піша, што мала з кім таварышаваў у Гродне. Часцей за ўсё ён меў зносіны з пісьменнікам Аляксеем Карпюком ці гісторыкам Барысам Клейнам. Калі аднойчы ўвечары Клейн завітаў у госці да Быкава, а потым той пайшоў яго праваджаць да дому, іх абодвух збілі наўпрост пад пад’ездам Клейна.

«Аднойчы ўвечары ён прыйшоў да мяне на кватэру, мы пасядзелі трохі, і я пайшоў яго праводзіць дадому. Самую важную частку размовы, вядома, прыпасалі да гэтага часу. Клейн жыў недалёка, у цэнтры гораду, каля турмы. Прайшлі ў адзін канец, затым у другі. Было ўжо цёмна, людзей на вуліцы трапляла няшмат. Ля самага яго пад’езду раптам перад намі выніклі трое, заступілі дарогу. Сьпярша мы нават не зразумелі, чаму яны перагарадзілі нам вузкі шлях, як тут жа атрымалі па удары ў твары — я і Барыс. У таго адразу ўпалі пад ногі акуляры, я здушана крыкнуў: „У чым справа?“. I зноў атрымалі — другі раз. Тады мы закрычалі — на ўсю вуліцу. Адзін таропка перайшоў на другі бок, дзе ўжо стаяў трэці зь іх групы. Астатні раптам наблізіўся амаль ушчыльную, але замест таго, каб ударыць, ціха сказаў „Простите, ребята!“ і пайшоў да тых двух».

Паводле Быкава, яны зразумелі, чыіх рук гэта была справа, таму не сталі звяртацца ў органы.

Лекаваў Барадуліна марганцоўкай

«Неяк напрадвесьні ў Горадню завітаў мой ушацкі зямляк Рыгор Барадулін. Прыехаў з маладой жоначкай, усьмешыстай разумніцай Валяй. У Горадні жыла яго цешча, але з прычыны кватэрнай цеснаты ён спыніўся ў гатэлі „Нёман“. Гатэль гэты і рэстаран пры ім здаўна быў для нас „нешанцоўны“, не пашанцавала там і Рыгору, які, вячэраючы, вядома ж, атруціўся. Дзеля паратунку пазваніў мне. Адмысловых лекаў у мяне не аказалася, давялося лекаваць земляка прымітыўнаю марганцоўкай. Калі з добрых рук, дык паможа, жартаваў Рыгорка, глытаючы чырвоную дрэнь. I праўда — памагло. Мы зь ім добра пагутарылі, а пасьля авансам і замачылі ягоную папраўку. Рыгор быў мастак наконт тае справы, і ягоны востры ад прыроды розум рабіўся тады і яшчэ вастрэйшы».

Юбілей Быкава адзначалі ў Палацы Тэкстыльшчыкаў

У 1974 годзе Быкаву споўнілася 50 гадоў. Кіраўніцтва вобласці арганізавала ўрачыстую імпрэзу з гэтай нагоды. На думку пісьменніка, гэта зрабілі нібы ў якасці выбачэння за прычыненыя ранейшыя крыўды.

«Прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, інтэлігенцыі і нешматлікія сябры юбіляра. Пярэднія лаўкі заняло партыйнае кіраўніцтва вобласьці на чале з новым першым Кляцковым. На подыюм пасярод сцэны паставілі прывезенае з тэатральнага рэквізыту старамоднае, каралеўскага кшталту крэсла з высокім падсьпіньнікам і пазалочанай аздобай. Toe было самае пакутнае, што я мусіў трываць якіх пару гадзін. Я сядзеў, бы на патэльні, ледзьве слухаючы лісьлівыя выступленьні і прывітаньні і ў думках праклінаючы сябе за тое, што дажыўся да такога сораму. Тады ўжо я пэўна ведаў, што адношуся да тых людзей, якім трываць лаянку куды лягчэй, чым пахвалу. Да пахвалы не прывык і пачуваўся жахліва. Асабліва на вачох дзясяткаў знаёмых людзей, якія Бог ведае што пра мяне тады думалі».

Быкаву было шкада пакідаць Гродна

У 1978 годзе Быкаў канчаткова (у новую мінскую кватэру Быкаў засяліўся ў канцы 1977 года) пакінуў Гродна і з’ехаў у Мінск. У сталіцу Быкаў прывёз новую аповесць — апошні твор, які пісьменнік напісаў у Гродне — «Пайсці і не вярнуцца».

«Вельмі шкада было пакідаць Горадню, якая стала для мяне роднай, але мусіў перабрацца ў Менск».

Чытайце таксама: Мапа гродзенскіх мясцін Васіля Быкава

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024