Наведаць кавалак Гродзеншчыны замежнікі змогуць без візы ўжо з 26 кастрычніка. Палажэнне аб парадку наведвання замежнікамі парка «Аўгустоўскі канал» зацвердзіў 17 кастрычніка Савет міністраў. Hrodna.life разабраў Пастанову № 827 саўміна, каб арыентавацца ў ёй было прасцей.

1. Якія дакументы трэба мець пры сабе замежніку, каб трапіць у Беларусь без візы?

— пашпарт ці іншы дакумент, прызначаны для выезду за мяжу

— дакумент на права наведвання парка «Аўгустоўскі канал»

У дакуменце на права наведвання парка ўказваецца час побыту і праграма падарожжа.

Дакумент выглядае вось так: для індывідуальных турыстаў, для груп.

2. Як атрымаць дакумент на права наведвання Аўгустоўскага каналу?

Трэба звярнуцца да тураператара.

У электроннай ці пісьмовай форме вы дасылаеце наступныя звесткі:

— прозвішча, імя, імя па бацьку (калі ёсць)

— дата нараджэння

— грамадзянства (падданства)

— серыя і нумар пашпарта

— пол

Тураператары забяспечваюць перадачу інфармацыі пра замежніка ў органы памежнай службы не пазней, чым за 24 гадзіны да запланаванай паездкі.

Уезд на тэрыторыю Беларусі праходзіць праз памежныя пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» («Кузніца Беластоцкая») — на мяжы з Польшчай; «Прывалка» («Швяндубрэ»), «Прывалка» («Райгардас») — на мяжы з Літвой.

Пры гэтым турысту трэба мець з сабой не менш за дзве базавыя велічыні (42 BYN) на кожны дзень знаходжання ў краіне.

3. Што рабіць замежніку, які згубіў дакумент на права наведвання парку?

Трэба звярнуцца да тураператара, які прадаставіў турпаслугі, каб атрымаць дублікат дакумента.

4. Што рабіць, калі згубіў дакумент для выезда з Беларусі?

Звярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных справаў Беларусі, то бок — у міліцыю. У выпадку стыхійных бедстваў ці іншых надзвычайных сітуацый, якія замінаюць выехаць з краіны ў патрэбны тэрмін, турысту таксама варта звяртацца ў органы ўнутраных справаў Беларусі.

[irp posts="437″ name="Гродзенскі турыстычны партал для замежнікаў мае з’явіцца цягам месяца"]

Знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі замежнікі змогуць толькі цягам пяці дзён і толькі на тэрыторыі парка «Аўгустоўскі канал». За парушэнне гэтых умоў можна атрымаць адміністрацыйнае наказанне.

Пастанова набудзе моц з 26 кастрычніка 2016 года і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года.

kartavisafree