Гродзенцаў, якія ў міжваенны час пабывалі ў музеі Старога замка, засталося вельмі мала. Адна са сведкаў тых часоў - 94-гадовая Ніна Сямёнава, якая ўсё жыццё жыве ў Новым свеце на вуліцы Ватуціна. Чым запомніўся замак Баторыя і музей заснаваны Юзафам Ядкоўскім у 1930-я, гродзенка распавяла Hrodna.life.
Пра Ніну Іосіфаўну, якая ў 1923 году нарадзілася ў Гродне, мы ўжо падрабязна распавядалі. Сталая гродзенка не так даўно адзначыла 94-годдзе і сёння спакойна працягвае жыць у сваім доме на Ватуціна. Паперы аб зносе хаты пакуль перасталі ёй прыходзіць. У вольны час Ніна Іосіфаўна ўспамінае дзяцінства і маладосць у Гродне і сваімі гісторыямі ахвотна дзеліцца.
[irp posts="33 385″ name="Гродзенскі Новы Свет зноў будуць зносіць: пад знос трапляе і 94-гадовая карэнная гродзенка"]
[irp posts="33 912″ name=" Мае арганічнае расстройства асобы". Гарадскія службы распавялі, чаму завезлі пенсіянерку з Ватуціна ў псіхіятрычную бальніцу"]
Наведаць музей у замку прапанавалі суседзі
Першы раз Ніна Іосіфаўна трапіла ў Стары замак у пачатку 1930-х гадоў, калі на экскурсію яе запрасілі суседзі.
«Рэканструкцыю Старога замка сёння я бачу толькі па тэлевізары і ўжо чула пра гучныя знаходкi. Мне вось цікава, якім будзе замак пасля рэканструкцыі, бо ўсё жыццё мы пражылі пры адным, а зараз наша пярліна будзе зусім іншай.
Давялося мне патрапіць у замак Баторыя ў пачатку 1930-х гадоў. Трапіла я туды па запрашэнні суседзяў па вуліцы, да якіх тады прыехаў сур’ёзны сваяк з Варшавы", — распавядае Ніна Іосіфаўна.
У музей — у бахілах
Сталая гродзенка распавядае, што з суседзямі яе сям’я жыла вельмі добра — быццам адна сям’я. Часта разам абедалі.
«Аднойчы, калі да суседзяў прыехаў сваяк, мы на машыне паехалі ў замак. Нас там сустракалі з аркестрам, як ганаровых гасцей. Каля замка паказалі рэшткі старой царквы, да якой трэба было спускацца па прыступках. Там нават нешта падобнае на алтар было, памятаю, і нейкія гліняныя канструкцыі з абгарэлым збожжам.
Былі мы і ў замку. Калі не памыляюся, пад музей там было адведзена некалькі пакояў, каб у іх зайсці нам далі бахілы, бо там усюды быў прыгожы паркет. Што за экспанаты былі ў пакоях, мне цяжка ўспомніць. Але залу прысвечаную Баторыю я яшчэ неяк памятаю. Там стаяў ложак караля пад навесам".
Насіла ў замак абед мужу
Апошні раз Ніна Іосіфаўна была ў Старым замку ў пасляваенныя гады, калі насіла абед свайму мужу — мастаку Ігару Сямёнаву.
«Можа, гэта быў пачатак 1950-х гадоў, цяжка ўспомніць, але памятаю, што, муж там чымсьці займаўся. А я яму абед насіла ў замак. Ці быў там музей у той час, ужо не ўзгадаю. Муж таксама нічога не распавядаў.
А вось праз пару год на старых могілках я сустрэла сяброўку, яна з мужам якраз жыла каля замка. Яны там займаліся аднаўленнем чагосьці. Яна казала мне так: «Не магу глядзець, з музея выносяць усё ў кішэнях». Верагодна, выносілі нейкія экспанаты, але што менавіта я не ведаю. У замку больш я не была".
Кнігу Ядкоўскага чытае і сёння
Ёсць у Ніны Іосіфаўны вельмі каштоўная для яе кніга стваральніка музея Юзафа Ядкоўскага, выдадзеная ў пачатку 1920-х і прысвечаная Гродна. Чытаючы яе, сталая гродзенка ўспамінае міжваенны горад і паход у замак Баторыя.
«Кнігу Ядкоўскага я і цяпер з вялікім задавальненнем чытаю, купілі яе яшчэ да 1939 года. Яна мне вельмі дарагая, напэўна, такіх у арыгінале засталося вельмі мала. А наогул старых і каштоўных кніг у нашай сям'і было вельмі шмат, пакуль мама iх не аддала школьнікам на макулатуру.
Ядкоўскага я асабіста не бачыла, але ведаю, што акрамя музея ён яшчэ выкладаў у мужчынскай гімназіі. А я сама вучылася ў жаночай прыватнай гімназіі імя Эміліі Плятэр".
Вядома, што яшчэ да пачатку Другой сусветнай заснавальнік Гродзенскага музея ў старым замку Юзаф Ядкоўскі з’ехаў у Варшаву ды так і не вярнуўся ў родны горад. А вось яго музей у замку аднавілі ў пасляваенныя гады і ён паспяхова працуе і цяпер.