Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць і тыя, што едуць у адваротным кірунку. Паўгадзіны язды ад Warszawa Śródmieście — і мы на прушкаўскай станцыі Творкі. Там мы сустракаем беларусак, якія знайшлі працу ў найстарэйшым псіхіятрычным шпіталі ў Польшчы.
Рэдакцыі MOST і Hrodna.life працягваюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
Алёне крыху за трыццаць, і яе гісторыя магла б быць пра палітычнае ўцякацтва. Але пакуль гэта гісторыя паспяховай працоўнай міграцыі. Алёна нарадзілася пад Брэстам — і для супрацоўніцы шпіталя ў Творках гэта сапраўды сімвалічна. З-пад Брэста паходзіў Ян Мазуркевіч — урач, у гонар якога названа лякарня.

Каля дзесяці гадоў таму Алёна скончыла Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт. Па размеркаванні трапіла ў адзін з псіхіятрычных шпіталяў Гродзенскай вобласці. Пасля працавала ў прыватным медычным цэнтры псіхатэрапеўткай.
У Польшчы псіхатэрапеўт у сябе на прыёме займаецца толькі «размоўнай» тэрапіяй. Па медычную тэрапію трэба ісці на прыём да псіхіятра — гэта асобны спецыяліст. У Беларусі ёсць лекары-псіхатэрапеўты. Яны могуць у сябе на прыёме паставіць дыягназ, выпісаць таблеткі і потым яшчэ правесці сеанс псіхатэрапіі. Менавіта так і працавала ў прыватнай клініцы Алёна.
«Разумела, што трэба з’язджаць, але не разумела, як»
У Польшчу лекарка пераехала пасля падзей 2020 года. У час пратэстаў Алёна разам з іншымі калегамі і каляжанкамі хадзіла на мітынгі. Заўсёды адкрыта пісала пра сваю палітычную пазіцыю ў сацыяльных сетках. У пэўны момант ёй пачалі паступаць пагрозы, кажа яна.
«Я зразумела, што трэба з’язджаць, але не разумела як», — расказвае Алёна. У 2021 годзе яна не ведала ні пра якія гуманітарныя шляхі, каб выехаць з Беларусі. Дакладней, чула, што некаторыя робяць гуманітарныя візы.
«Але я не думала тады пра сябе, як пра ахвяру рэпрэсій. Мяне ж ніколі не затрымлівалі, не штрафавалі», — кажа яна.

Таму Алёна вырашылася на працоўную эміграцыю. Заставалася толькі знайсці працу ў Польшчы. Некаторыя яе знаёмыя ўжо працавалі ў польскіх шпіталях і казалі, што пераезд не быў складаным.
«У кавідныя часы палякі стварылі спрошчаную праграму для лекараў і лекарак з постсавецкай прасторы, — расказвае Алёна. — Тады вельмі бракавала медыкаў, і нам дазволілі працаваць без усякай настрыфікацыі дыпломаў». Каб атрымаць працоўную візу, тады трэба было толькі запрашэнне са шпіталя.
Алёна звярнулася ў рэкрутынгавае агенцтва і там атрымала прапанову ад шпіталя ў Творках. Поўная яго назва — Мазавецкі спецыялізаваны цэнтр здароўя імя прафесара Яна Мазуркевіча.
Не спатрэбілася нават моўнага экзамену
Па прыездзе Алёна мусіла даслаць у Міністэрства аховы здароўя Польшчы свой універсітэцкі дыплом, пацвярджэнне стажу і сертыфікаты з курсаў павышэння кваліфікацыі і навучанняў.
«Міністэрства ўсё гэта разглядае і дае дазвол на пяць гадоў, — кажа Алёна, — Дазвол, што можна працаваць у гэтым канкрэтным шпіталі. Проста так змяніць месца працы я не магу: мне трэба будзе ізноў атрымаць дазвол ад міністэрства».
Каб пачаць працу, Алёне нават не спатрэбілася здаваць моўны экзамен.
«Я проста падпісала нейкую паперу, што змагу паразумецца з пацыентамі», — паціскае плячамі лекарка.
Ужо ў Польшчы Алёна пакрысе пачала змяняць сваё меркаванне наконт таго, ці яе пераезд быў вымушаны.
«Я размаўляла з калегамі тут, — дзеліцца Алёна. — Пацыенты з Беларусі казалі, што з маёй гісторыяй можна было б нават падавацца на міжнародную абарону. Я гэтага пакуль не раблю. Хаця і ў Беларусь ужо не езджу».
Вяртанне ў «студэнцкі інтэрнат»
Тэрыторыя шпіталя — адкрытая. Мы з Алёнай вольна ідзём ад аднаго цаглянага будынка да іншага. Час ад часу бачым сабачнікаў, якія выгульваюць гадаванцаў, і дзяўчат-падлеткаў, якія выйшлі на шпацыр.

Шпіталь у гэтым месцы існуе з 1891 года. У адным з карпусоў дагэтуль вісіць мемарыяльная таблічка на рускай мове з падзякай цару Аляксандру III, які загадаў яго пабудаваць.
Зусім блізка грукаціць цягнік, спыняецца на той самай станцыі Творкі. Праз некалькі хвілін сустракаем натоўп людзей, якія ідуць са станцыі дахаты напрамкі праз тэрыторыю шпіталя.
«Я тут пражыла амаль паўгода. — Алёна паказвае на адзін з карпусоў шпіталя. — Там першыя паверхі займаюць аддзяленні, а на паддашку жывуць лекары і лекаркі».
Мансардны паверх сапраўды займаюць медыкі, якія пераехалі з Беларусі. Алёна кажа, некаторым з яе беларускіх калег ужо за пяцьдзясят. Яны жывуць фактычна ў адной кватэры з агульнай кухня і ванным пакоем. У кожнай і кожнага свой пакой.

«Мне падабалася гэтая атмасфера студэнцкага інтэрната, — смяецца Алёна. — І прасцей было адаптавацца да працы, калі вакол калегі, з якімі можна параіцца. І, галоўнае, да працы зусім блізка».
«Пацыенты такія самыя, дыягназы — таксама»
У першыя месяцы ў Творках Алёна працавала асістэнткай лекара.
«Фактычна хадзіла побач са сваім польскім калегам, глядзела, як ён працуе, — успамінае яна. — Трошкі запаўняла дакументацыю, трошкі абмяркоўвала з калегамі клінічныя выпадкі. Прыглядалася, вучылася. Увечары яшчэ хадзіла на курсы польскай спецыяльнай для медыкаў».
Праз паўгода чакання Алёна атрымала дазвол на працу лекаркай.
«Пацыенты такія самыя, як і ў нас, — кажа Алёна. — Дыягназы — таксама. Залежнасці як залежнасці, шызафрэнія як шызафрэнія. Розніца, напрыклад, у тым, што няма аддзяленняў наркалогіі».
У краінах Еўрапейскага Саюза сапраўды няма такога кірунку медыцыны, як наркалогія. Людзі з залежнасцямі ад псіхаактыўных рэчываў лечацца разам з пацыентамі, у якіх іншыя псіхічныя расстройствы.
«Гэта ж сапраўды проста адно з псіхічных расстройстваў, — кажа Алёна. — У міжнароднай класіфікацыі хвароб залежнасці менавіта так і класіфікуюцца».
«Ніколі не думала, што буду жыць у кватэры з тэрасай»
«Існаванне наркалогіі як асобнай галіны медыцыны — гэта наша постсавецкая з’ява, — тлумачыць псіхіятарка Ірына. — Тады лічылася, што залежнасць — гэта больш сацыяльная з’ява, чым медычная».
З Ірынай мы сустрэліся ў кватэры, якую яна здымае ў горадзе Прушкаў. Юрыдычна Творкі — гэта раён Прушкава. Размаўляем на вялікай тэрасе, дзе стаяць садовыя крэслы і шкляны столік. П’ем гарбату з парцалянавых філіжанак. Ірына з гонарам дэманструе вінтажныя чайныя лыжкі, якія прывезла з Беларусі.
«Ніколі не думала, што буду жыць у кватэры з тэрасай, — усміхаецца Ірына. — Мне да працы ўсяго паўгадзіны пешшу. Або можна дайсці да чыгункі і праехаць адну станцыю. А шмат якія калегі ездзяць на працу з Варшавы. І дабірацца даўжэй, і кватэры значна даражэй».
Ірына скончыла Гродзенскі медычны ўніверсітэт. Некалькі гадоў таму яна ўладкавалася на працу ў творкаўскі шпіталь. Лекарка мусіла прайсці той самы шлях з рэкрутынгам праз агенцтва, атрыманнем дазволу ад Міністэрства аховы здароўя і працай асістэнткай псіхіятра.
Ірына кажа, што ёй пераезд даўся няпроста.
«Я была вельмі наіўная ў моўным пытанні, — дзеліцца псіхіятарка. — Мне падавалася, што анічога складанага не будзе, бо я ж разумею польскую і нават магу штосьці сказаць. Думала, што ўжо месяцы праз тры буду размаўляць так, што мяне будзе не заткнуць. Але я сябе пераацаніла ў гэтым. Мне было вельмі-вельмі цяжка».

Асноўная складанасць была не ў тым, каб паразумецца з калегамі і каляжанкамі, а ў тым, каб зразумець, што кажуць пацыенты.
«У псіхіятрыі свая спецыфіка, — кажа Ірына. — Пацыенты частка гавораць невыразна або праз сваё расстройства, або праз эфект медыкаментаў. А бывае, што проста праз адсутнасць зубоў. З часам станавілася лягчэй, але я шчыра раю ўсім, хто збіраецца пераязджаць, пачынаць вучыць мову загадзя».
Ірына згодная, што ніякай значнай розніцы паміж пацыентамі і пацыенткамі ў Беларусі і ў Польшчы няма. Але яе ад пачатку моцна ўразіла розніца ў стаўленні да пацыентаў.
Псіхіятрычныя шпіталі ў Польшчы і ў Беларусі. У чым розніца?
«Па-першае, мяне ўразіла, што тут пацыентам дазволена мець пры сабе тэлефоны, — расказвае Ірына. — У Беларусі ў аддзяленнях вострых станаў тэлефоны строга забароненыя. Калі я запытвалася ў калег, як жа так яны дазваляюць пацыентам карыстацца тэлефонамі, мне здзіўлена адказвалі, што гэта іх права».
Таксама Ірыну ўразіла стаўленне да скаргаў на лекараў і лекарак у адміністрацыю творкаўскага шпіталя.
«У нас скарга — гэта катастрофа, — тлумачыць Ірына. — У беларускім шпіталі ніхто не будзе разбірацца, ці вінаваты лекар насамрэч, ці не. На цябе паскардзіліся — табе пападзе».
Тым часам у Алёны ёсць нават асабістая гісторыя пра скаргі.
«На мяне тут нядаўна паскардзіліся родныя пацыента, — кажа Алёна. — Палічылі, што я не мушу яго выпісваць. Дык са мной здарылася проста ціхая істэрыка: я памятаю, якія наступствы для лекаркі ў Беларусі, калі на цябе напішуць скаргу. Тут мяне ўсё аддзяленне супакойвала. Казалі, не хвалюйся, гэта ўсяго толькі скарга. Сапраўды, аніякіх наступстваў для мяне не было».
«Трэба разумець, што часта нашыя пацыенты пішуць скаргі, і гэта праява іх хваробы, — каментуе Ірына. — У Беларусі ніхто не хоча гэтага разумець. А яшчэ вельмі баяцца, каб не дай бог ніхто з аддзялення не патэлефанаваў у міліцыю ці яшчэ куды. Можа таму і кантралююць тыя тэлефоны. У Творках нядаўна выпадак быў, калі пацыент з майго аддзялення патэлефанаваў у паліцыю. Маўляў, яго тут катуюць. Паліцыя прыехала, разабраліся, што з пацыентам усё ў парадку, аніякіх пытанняў не было. Усе разумеюць, што чалавек хварэе, але ж усё адно званіць у дзяржаўныя органы — гэта яго права».
Таксама ў шпіталь рэгулярна наведваюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы грамадскіх арганізацый, якія сочаць за выкананнем правоў пацыента.
«Рэгулярна прыходзіць грамадская арганізацыя, — кажа Алёна. — І іх паўсюль вольна прапускаюць. У Беларусі ж псіхіятрычныя шпіталі — месцы вельмі закрытыя».
Савецкая спадчына, псеўданавуковыя метады і карная псіхіятрыя
Заканамерна ўзнікае пытанне: ці не звязаная закрытасць беларускіх шпіталяў з так званай карнай псіхіятрыяй, якую так намагаюцца прыхаваць?
«Я магу казаць толькі за тыя клінікі, дзе я працавала, але там я ніколі не сутыкалася з карнай псіхіятрыяй, — кажа Ірына. — Мне падаецца, гэта такая старая легенда. У Беларусі ёсць іншыя праявы савецкасці ў медыцыне, але карнай псіхіятрыі няма».
Да такіх праяў, акрамя асобных аддзяленняў для наркалогіі, адносяцца і некаторыя метады лячэння людзей з залежнасцямі.
«Адразу пасля ўніверсітэта, калі я толькі прыйшла на працу, заспела яшчэ ўжыванне метаду ўвядзенне пацыента з псіхозам у інсулінавую кому, — успамінае Ірына. — Аднак хутка гэты метад з савецкай спадчыны ўжываць перасталі. Надта ён быў небяспечны і мала эфектыўны пры гэтым».
Інсулінакаматозная тэрапія — гэта метад тэрапіі ў псіхіятрыі, калі ў пацыента ці пацыенткі штучна выклікаюць гіпаглікемічную кому праз увядзенне вялікіх доз інсуліну. Праз рэзкае падзенне глюкозы ў крыві чалавек губляе прытомнасць. Лічылася, што такі метад дапамагае выводзіць людзей з псіхатычных станаў, аднак аб’ектыўных пацвярджэнняў гэтаму не было. Пры гэтым гіпаглікемічная кома можа выклікаць нават параліч жыццёва важных цэнтраў мозгу. Цяпер у большасці краін свету адмовіліся ад гэтага метаду, паколькі ён неэфектыўны і рызыкоўны для жыцця і здароўя.
«У Беларусі дагэтуль практыкуюць кадаванне для лячэння ад алкагольнай залежнасці, — кажа Алёна. — Даўно зразумела, што гэта не навуковы метад. Дзеля справядлівасці я перыядычна спаткаю польскіх пацыентаў, да якіх таксама ўжывалі кадаванне. Але ў нашым шпіталі гэтага дакладна няма».
Метад кадавання распрацаваў у 1980-я ўкраінскі псіхіятр Аляксандр Даўжэнка. Ён атрымаў папулярнасць па ўсім Савецкім Саюзе. Сутнасць метаду была ў тым, каб прымусіць чалавека адчуваць агіду да алкаголю.

«У Беларусі дагэтуль практыкуюць кадаванне для лячэння ад алкагольнай залежнасці, — кажа Алёна. — Даўно зразумела, што гэта не навуковы метад. Дзеля справядлівасці я перыядычна спаткаю польскіх пацыентаў, да якіх таксама ўжывалі кадаванне. Але ў нашым шпіталі гэтага дакладна няма».
Чаму «спрацоўвала» кадаванне
Метад кадавання распрацаваў у 1980-я ўкраінскі псіхіятр Аляксандр Даўжэнка. Ён атрымаў папулярнасць па ўсім Савецкім Саюзе. Сутнасць метаду была ў тым, каб прымусіць чалавека адчуваць агіду да алкаголю.
«Калі я вучылася ва ўніверсітэце, я марыла, што мяне аднойчы пасвяцяць у тайну гэтага кода, — з усмешка згадвае Ірына. — Потым аказалася, што аніякага коду няма. Гэта метад прамога пераканання. Хтосьці выкарыстоўвае трансавыя практыкі, хтосьці без усялякага гіпнозу проста кажа пацыенту: глядзі, будзеш піць — з табой здарыцца нешта страшнае. А каб пераканаць пацыента, яму, напрыклад, робяць ін'екцыю нікатынавай кіслаты і даюць выпіць гарэлкі. Праз нікатынавую кіслату чалавеку становіцца дрэнна, і лекар кажа: глядзі, вып’еш — зноў стане дрэнна. Насамрэч эфект не мае ніякай сувязі з прыёмам алкаголю. Пацыенту стала б дрэнна ад нікатынавай кіслаты, нават каб ён не піў».
Метад Даўжэнкі лічыцца псеўданавуковым. Псіхіятры і псіхіятаркі, якія прытрымліваюцца метадаў доказнай медыцыны, не ўжываюць кадавання ў сваёй працы. Але ў беларускіх шпіталях гэты метад дагэтуль выкарыстоўваюць.
«Не на аддзяленнях, канешне, — тлумачыць Ірына. — Гэта ўваходзіць у спіс дадатковых платных паслуг. Шпіталю трэба неяк грошы зарабляць, у нас жа псіхіятрыя заўсёды фінансуецца па астаткавым прынцыпе».
«Насамрэч, я бачыла выпадкі, калі кадаванні спрацоўвалі, — расказвае Алёна, — але тут мусіла сысціся некалькі фактараў. Па-першае, жаданне самога чалавека. Па-другое, асяроддзе. Калі, напрыклад, усе сябры таксама закадаваныя і не зрываюцца, то гэта будзе ўплываць на пацыента станоўча».
Грамадскую арганізацыю ў беларускі шпіталь не пусцяць
Яшчэ адна прыкмета «савецкасці» ў беларускіх шпіталях, як лічыць Ірына, гэта вялікая нагрузка на лекара ці лекарку.
«У нас абсалютна савецкія нормы, — кажа Ірына. — У Беларусі — нармальная сітуацыя, калі адзін лекар адказвае за 25 пацыентаў. У Польшчы няма прапісанай нормы, але ў аднаго лекара ў сярэднім 6−8 пацыентаў. Гэта цалкам адэкватная нагрузка. Ну, і тое, што ў Беларусі шпіталі больш закрытыя — у гэтым таксама ёсць розніца».
Ірына тлумачыць, што ў Беларусі гэтая закрытасць вынікае не з таго, што лекары намагаюцца нешта прыхаваць, а проста са страху «як бы чаго не выйшла». Ніякіх грамадскіх арганізацый у беларускі шпіталь не пусцяць. Але ж і выйсці з аддзяленняў пацыентам і пацыенткам ніхто не забараняе. Калі нават пацыент знаходзіцца ў аддзяленні вострых станаў — гэта звычайна закрытыя аддзяленні, — ён можа ў любы момант звярнуцца да лекара і напісаць адмову ад шпіталізацыі.
«Адзінае, што згодна з заканадаўствам мы не можам адпусціць пацыента, які відавочна прадстаўляе небяспеку для сябе ці людзей навокал. А таксама пацыентаў, чыё жыццё ці здароўе стане пад пагрозай, калі ён не будзе прымаць адпаведную тэрапію ва ўмовах стацыянара», — кажа Ірына.

Колькасць гадзін наведванняў у польскіх псіхіятрычных шпіталях таксама моцна адрозніваюцца ад беларускіх. У польскіх шпіталях наведваць родных і блізкіх можна на працягу 6−8 гадзін на дзень. У Беларусі — толькі цягам дзвюх.
«У Польшчы вельмі граматныя псіхолагі»
«Мяне яшчэ ўразіла, калі я пабачыла, што загадчык аддзялення вітаецца з усімі пацыентамі за руку, — дзеліцца Алёна. — Я ніколі не бачыла такога ў Беларусі. Думаю, такое недзе магло быць тэарэтычна. Але я не бачыла».
Таксама яна згадвае псіхолагаў і псіхалагінь, якія працуюць у творкаўскім шпіталі поруч з ёй.
«Тут вельмі моцныя псіхолагі ў параўнанні з Беларуссю, — расказвае Алёна. — У беларускіх псіхолагаў дакладна няма такой грунтоўнай клінічнай падрыхтоўкі».
«Псіхолагі тут вельмі граматныя, што датычыцца дыягностыкі, — пагаджаецца Ірына. — Гэта вельмі значныя рэчы: псіхалагічная дыягностыка, тэставанне, апісанне».
У Творках з кожным пацыентам працуе і псіхіятр, і псіхолаг. Калі ёсць магчымасць, яны ідуць да новага пацыента разам і апытваюць яго разам. Калі няма такой магчымасці, то па чарзе. Можна падумаць, што з пацыентам мог бы даць рады адзін псіхіятр. Аднак, псіхолаг дае больш поўную карціну.
«Напрыклад, я бачу, што ў пацыента назіраецца інтэлектуальнае зніжэнне. Але якога ўзроўню? Або мне падаецца, што ў чалавека ёсць рысы разладу асобу. Але наколькі моцна яны выражаныя? Гэта вызначае псіхолаг», — тлумачыць Алёна.

Ірына кажа, што часам дыскутуе з псіхолагам па некаторых пытаннях, але апошняе слова заўсёды за ёй, бо яна лекар і прызначае лячэнне.
У Беларусі намагаліся не ставіць шызафрэнію, а ў Польшчы яе ставяць ахвотна
Ірыну моцна ўразіла стаўленне да некаторых дыягназаў у Польшчы.
«Напрыклад, мы ў Беларусі намагаліся не ставіць пацыенту шызафрэнію, бо гэта накладае на чалавека моцныя абмежаванні па працы. А тут, наадварот, ставяць шызафрэнію вельмі ахвотна, бо прадугледжаныя зніжкі на лекі».
У Беларусі магчымасць уладкавацца на працу пры наяўнасці пэўных дыягназаў рэгулюе інструкцыя аб парадку правядзення абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працоўных. У спіс прац, якія не могуць выконваць людзі з дыягназам шызафрэнія ўваходзяць, напрыклад, прафесіі кранаўшчыка, электрыка, лесанарыхтоўшчыка, авіяцыйнага дыспетчара, буфетчыка, настаўніка, фітнес-трэнера і майстра па манікюры. Ірына лічыць, што такі спіс забароненых прафесій — наступствы стыгмы ў дачыненні да людзей з псіхічнымі захворваннямі, якая часта не мае рэальнага дачынення да здароўя пацыентаў і людзей, якія іх атачаюць.

Таксама Ірыне падабаецца разнастайнасць медыкаментаў, якія можна ўжываць у Польшчы для лячэння пацыентаў і пацыентак.
«У Беларусі даволі сціплы шэраг медыкаментаў, — кажа Ірына. — З улікам таго, што гэта яшчэ і даволі дарагія прэпараты, даводзіцца пільна абіраць, што прызначыць пацыенту і што ён можа потым дазволіць сабе прымаць самастойна. Часта бывае, што калі пацыенту не пасуе пэўны прэпарат, яго проста няма чым замяніць».
У ЕС доступ да медыкамента рэгулюе Еўрапейская агенцтва па лекавых сродках (EAM), таму новыя лекі вельмі хутка з’яўляюцца ў продажы. У Беларусі рэгістрацыя новых лекаў — больш павольны працэс, які да таго ж патрабуе фінансавых сродкаў. Праз тое, што ў Польшчы шчыльныя сувязі з фармакалагічнымі кампаніямі па ўсёй Еўропе, на рынку шмат прэпаратаў з адным і тым жа дзейным рэчывам, але ў розных цэнавых катэгорыях. Таму неабходны прэпарат дасяжны і людзям з больш сціплымі прыбыткамі.
«Упершыню ў жыцці не гляджу на цэны ў краме»
Узровень жыцця лекара ў Беларусі і Польшчы непараўнальны, лічаць суразмоўцы.
«Я ўпершыню ў жыцці не гляджу на цэны ў краме, — кажа Ірына. — Хоць я зараз мушу здымаць кватэру, а ў Беларусі жыла ва ўласнай, усё адно грошай у мяне зараз у разы болей, чым калі я працавала ў беларускім дзяржаўным шпіталі. Раней думала, што з’язджаю ў Польшчы толькі „да лепшых часоў“, а зараз не думаю, што адмоўлюся ад такога ўзроўню жыцця».
Палітычны фактар быў адным з тых, праз які Ірына вырашыла пераязджаць, але не галоўным.
«Ці маглі б мной зацікавіцца беларускія сілавікі? — разважае Ірына. — Імаверна. Аднак, думаю, я далёка не першая ў спісах на затрыманне. Тым не менш уся палітычная сітуацыя на мяне таксама ціснула. Да таго ж я не бачыла ў Беларусі магчымасцяў для росту. Не кар’ернага, не. (Я не марыла стаць галоўным лекарам. Барані Божа!) Фінансавага. Я разумела, што ў клініцы больш зарабляць не буду, а сыходзіць у прыватнае кансультаванне не хацелася. Не ўмею я сябе прадаваць, гэта не маё. У нейкі момант я падумала, што, калі не паспрабую, буду сябе ўсё жыццё вінаваціць за тое, што згубіла такую магчымасць. Цяпер зусім не шкадую, што з’ехала».
Алёна ўсміхаецца, згадваючы, колькі плацілі ў Беларусі.
«У прыватных цэнтрах плацяць няблага. Калі ўласная практыка — таксама атрымоўваецца нармальна зарабляць. Але ж у дзяржаўных шпіталях — гэта проста слёзы. Маладыя спецыялісты на адпрацоўцы рэдка могуць сабе дазволіць здымаць кватэру за зарплату. Або жывуць у інтэрнатах, або бацькі даюць на арэнду».
Пацыент-украінец не давяраў, бо беларуска
Пры ўсіх перавагах працы ў Польшчы нельга сказаць, што рашэнне пераехаць далося жанчынам лёгка. Алёна хвалявалася, што калегі і пацыенты будуць на яе негатыўна рэагаваць, бо яна беларуска. Аднак гэтага не здарылася. Яна можа прыгадаць толькі адзіны непрыемны выпадак.
«Я пазваніла ў іншы шпіталь, каб параіцца з мясцовым лекарам. Мне трэба было вызначыцца, ці пераводзіць пацыента ў іх шпіталь, ці не. Гэты лекар так і не адказаў на мае пытанні. Сказаў, што я сама мушу разбірацца ў такіх рэчах. Тады я папрасіла свайго калегу паляка патэлефанаваць. Яму адказалі на ўсе пытанні. У тэлефона быў гучны дынамік, і я пачула, як на тым канцу запыталіся: „Што, гэта вам тая ўкраінка, якая толькі што званіла, наскардзілася?“»
Ірына прыгадвае смешны выпадак, калі яна ішла з працы, размаўляючы па тэлефоне па-руску.
«Нейкі мужчына крыкнуў мне, каб я „зваліла ў сваю Украіну“. Я адказала, што я беларуска. Адказ мяне ўразіў: „Усе вы так кажаце!“».
Пацыентам з Беларусі, Украіны і Расіі стараюцца прызначаць лекараў-імігрантаў. Алёна ўспамінае, што адзін з іх, украінец, спачатку не давяраў ёй, бо яна беларуска.
«Потым запытаўся, якога колеру наш сцяг. Я адказала, што бел-чырвона-белы. Тады ён супакоіўся, і кантакт у нас наладзіўся».
Эміграцыя — гэта моцнае выпрабаванне для псіхікі
Часам лекары, якія лячылі пацыентаў яшчэ ў Беларусі, сустракаюць іх у Польшчы. Ірына прыгадвае такі выпадак, калі пацыент пазнаў свайго былога ўрача.
«У іншай сітуацыі падумалі б, што гэта праява хваробы: пацыенту мроіцца, што яго пераследуе псіхіятр. Аказалася, што сапраўды ў нас працуе лекар з Брэста, які калісьці лячыў таго маладога чалавека».

Сама яна таксама аднойчы сустрэла пацыента, якога раней лічыла ў Беларусі.
«Ён мне кажа: „Здрасьце, а што вы тут робіце?“. А я кажу: „Тое ж, што і вы“».
Увогуле эміграцыя — гэта моцнае выпрабаванне для псіхікі. Таму нядзіўна, што шмат каму з пацыентаў, якія назіраліся ў псіхіятра на радзіме, зноў патрэбна дапамога пасля пераезду.
«Гэта распаўсюджаная сітуацыя, калі асоба сутыкаецца з пэўнымі расстройствамі пры пераездзе, — каментуе Алёна. — Асабліва калі гэта пераезд вымушаны. У пацыенткі, якая хварэе на рэкурэнтны дэпрэсіўны разлад, заканамерна можа пачацца чарговы эпізод праз стрэс».
Алёна кажа, што нават у самой сябе яна заўважала прыкметы разладу адаптацыі.
«У мяне зашкальваў узровень трывогі, — успамінае яна. — Увесь час былі сумневы, ці слушна я паступіла, што з’ехала».
Вярнуцца ў Беларусь? Толькі калі з польскай пенсіяй
У Ірыны таксама былі праблемы з адаптацыяй. Першыя паўгода яна адчувала трывогу і разгубленасць. Але зараз не плануе вяртацца працаваць у Беларусь.
«Даходы не параўнальныя з тым, што я мела ў Беларусі, — тлумачыць яна. — Але для мяне нават не гэта галоўнае. Тут мяне паважаюць. У любой урадавай арганізацыі да мяне звяртаюцца „пані доктар“. Кіраўніцтва не цісне і не прыдзіраецца да кожнай дробязі. Як пасля такога можна вярнуцца ў беларускі дзяржаўны шпіталь? Вось пераезд на пенсію можа быць добрай ідэяй. Асабліва калі маеш польскую пенсію».
Алёна кажа, што ўжо цалкам адаптавалася ў Польшчы і нават не ўяўляе, што можа вярнуцца жыць у Беларусі.
«Я б хацела, каб можна прыязджаць да бацькоў на выходныя, — дзеліцца Алёна. — Хачу, каб там усё было нармальна. Але вярнуцца туды пасля таго ўзроўню жыцця, што я маю зараз? Не ўяўляю».

Калі на вуліцы пахаладала і прыцямнела, мы з Алёнай паволі пайшлі да чыгуначнай станцыі «Творкі». Табло паказвала, што цягнік на Варшаву будзе праз 10 хвілін.
Побач з намі жанчына год шасцідзесяці пераказвала камусьці па тэлефоне, што сказаў лекар пра яе мужа. Гаварыла яна па-руску.
У мэтах бяспекі мы змянілі ўсе асабістыя дадзеныя гераінь, якія пагадзіліся пагаварыць з намі.