5000 чалавек прыехалі пад Беласток, каб хадзіць побач з кумірамі, слухаць музыку і сустрэць сяброў. Там праходзіў фестываль Tutaka, які атрымаў ласкавую мянушку «Тутаковішча». Журналісты Hrodna.life прыехалі туды, каб правесці чатыры гадзіны на дыскусіях, паглядзець на Святлану Ціханоўскую і «абуджаных» беларусаў і зафіксаваць, як гэта было.
Дабірацца на паляну Борык, дзе гістарычна праходзіла «Басовішча», а цяпер праходзіць «Tutaka», прасцей за ўсё на аўтамабілі. Я давяраюся сябрам з аўто … і паспяхова прапускаю акцыю салідарнасці з палітвязнямі, выступ Маляваныча і сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, якая заяўлялася як адна з галоўных падзей фестывалю.
Пазней прыяцелі раскажуць, што ўсе спрабавалі зрабіць дэмакратычна: сустрэча праходзіла без мікрафонаў, Святлану пасадзілі на палеты ля сцэны. Але па адчуваннях, усё роўна атрымалася «быццам класны кіраўнік прыйшоў». Жадаючыя фатаграфаваліся з прэзідэнтам Светай і нават шапталі ёй на вушка сакрэты.
Фестываль сустракае праблемамі з паркоўкай і БЧБ-сцягамі на машынах. Чутная руская, беларуская, польская, англійская гаворка. Дзеці, сабакі, сцягі - беларускія і ўкраінскія, міні-футбол, сушка рэчаў, калонкі, ровары, застоллі. У большасці людзей — тэматычныя майкі з надпісамі і малюнкамі, за якія ў Беларусі далі б некалькі гадоў калоніі за распальванне варожасці.
На тэрыторыі фестывалю складана прайсці некалькі метраў, каб не прыйшлося з кімсьці вітацца або абдымацца. Бачу беларусаў з Беларусі - яны перасталі з намі размаўляць пасля публікацыі навіны пра іх затрыманне. Першы глыток піва. Тут жа страляюць цыгарэту.
— Слэміцца будзем?
— А што гэта значыць?
Адразу двое маіх спадарожнікаў ўпершыню на паляне Борык. Водгукі пра «Tutaka» лаканічныя: ад «Пакуль не ведаю» да «Пакуль усё падабаецца».
На пытанне аб «БАСах» кажуць: «А што гэта?».
Мяняю басаножкі на кеды, каб у натоўпе мне не адтапталі ногі, і пад крыкі «Жыве Беларусь» іду на канцэрт. У чарзе ў прыбіральню чутныя размовы пра сэксуальнае жыццё, неабходнасці плаціць 500 рублёў за кватэру і выпіць самагонкі і «ромчыку». Хтосьці па-польску размаўляе з вакалістам Dzieciuki, а хтосьці фатаграфуецца з былым супрацоўнікам «Гродна Азот». Былы сілавік абдымаецца з былымі палітвязнямі.
Уладзімір Пугач на малой сцэне спявае песні, якія можна памятаць з дзяцінства і БТ. Ён нагадвае, што «J:Mors» яшчэ існуе і запрашае на канцэрты ў Польшчы. «Карацей, мы працягваем рабіць, ствараць песні, рыхтуем новы альбом», — кажа Уладзімір.
Уладзіміра змяняюць Dzieciuki з новым інтэрнацыянальным складам, сонцаахоўнымі акулярамі і майкамі «Не смяротнаму пакаранню». Людзі пачынаюць рухацца. Спалоханая жанчына спрабуе абараніць ад танцуючых дзіцяці. «На кол пасадзім «маскалёў» замест «халуёў» спявае Алесь Дзянісаў у песні «Трымайся, браце». «Ужо можна», — тлумачыць ён.
Спяваем на пару з незнаёмцам куплет песні «Чорны хлеб і гарбаты». Знаёмы ў майцы «Басовішча 2013» тлумачыць, чаму найлепшыя «БАСы» былі ў 2007. Хтосьці страціў тэлефон. Хтосьці разарваў штаны і атрымаў лёгкія траўмы.
Вядучыя прапануюць працягнуць «вяселле», верагодна, маючы на ўвазе «весялосць». На іншай пляцоўцы гуляе Papa Bo Selektah з Аляксандрам Памідоравым. Побач танчаць кіраўнік аднаго фонду з глітэрам на твары і праваабаронца, які адседзеў. Бачу надпіс «Проста Танцуй», людзей у растаманскіх штанах і дым. Знаёмыя робяць прапановы, аб прыняцці якіх мае спадарожнікі раніцай пашкадуюць. У Facebook пішуць пасты з абвінавачваннем тых, хто прыехаў танцаваць на фестываль і недастаткова смуткуе аб Пушкіне.
— Арганізатары, прынясіце маніторы, я граю ўсляпую, — просіць Papa Bo.
За вогнішчамі на намётавым полі - размовы пра крэдыты на кватэру ў Еўропе, заробкі, дабрачыннасць і абвінавачванне палітвязняў, якія пазней сталі «па-за палітыкай». Становіцца халадней, а размовы — п’янейшымі. Пакінутае піва становіцца агульным. Надыходзіць перыяд безчасоўя, пакуль неба над хвоямі не становіцца шэрым. Засыпаем пад размовы пра «Ляпис Трубецкой» і мэтазгоднасць абмеркавання беларускай культуры на рускай мове.
Паспаць тым, хто ўсё ж лёг, атрымоўваецца няшмат. Раніцай на сталах недапіты алкаголь, брудныя талеркі, калонкі. Хтосьці ўжо п’яны, хтосьці - не клаўся. Ля вогнішча — размовы пра тое, што ўначы актывіст камусьці «ў*баў», а дзяўчына паказала сасок.
Пакуль людзі курсуюць на возера і назад са скрынямі піва, 20 чалавек прыйшлі паслухаць дыскусіі - пра палітвязняў, беларускі бізнес і беларускую культуру за мяжой і беларусаў Падляшша. Гучалі тэзісы пра тое, каго трэба прызнаваць палітвязням, што беларускасць павінна быць «сэксі», а культура — з элементам актывізму, з эміграцыі вернуцца ў Беларусь адзінкі - але з каштоўным досведам.
Ці павінен бізнэс дапамагаць беларусам у краіне? Ці трэба дапамагаць Украіне? Ці трэба працягваць санкцыйны ціск, калі гэта шкодзіць бізнэсоўцам унутры Беларусі? Навошта БЧБ-сцяг на ЛГБТ-прайдзе? За сцэнай свае дыскусіі: аб сумленнасці выступоўцаў і аб’ёме грантаў.
Паралельна праходзіць прэзентацыя ініцыятыў, якімі чалавек у «тэме» паспявае насыціцца за першыя месяцы эміграцыі: і ёгай, і народнымі строямі, і Маляванычам з Кацяй Сныцінай. Людзі, якія заявілі аб пазіцыі ў 2020-м, выступаюць у тым ліку перад тымі, хто ніколі яе не хаваў. Падзеі праходзяць на трох пляцоўках. Арганізатары тлумачаць: хацелі даць пляцоўку ўсім, хто хацеў выказацца, але грошай, каб зрабіць фестываль трохдзённым, не хапіла.
У «ветэранаў» фестывалю — свае актыўнасці. Пра традыцыі распавёў журналіст Андрэй Мялешка, які быў на «Басовішчы» раз 20.
«Калі мы прыязджаем на „Басовішча“ сюды, мы абавязкова ходзім на заправачку паесці бігаса або „на флякі“ [традыцыйны польскі суп — Hrodna.life]. Схадзіць на возера, прайсціся на лесе…». Андрэй лічыць, што фестываль стаў больш палітычным і на ім «занадта шмат камер, на якія трапляюць людзі, якія прыехалі сюды з Беларусі».
— А калі ён не быў [палітычным]? Фестываль «Басовішча» заўсёды з’яўляўся «БЧБшным» фестывалем. Тут нічога не памянялася, — адказвае на гэта Павел Станкевіч, арганізатар фестывалю і кіраўнік фонду «Tutaka».
— Галоўнае гэта тое, што адбываецца ў намётавым лагеры, — упэўнены адзін з «ветэранаў» «Басовішча», з якім я спрабую зверыць адчуванні. — Усім маім сябрам няма розніцы, што адбываецца па-за ім. Часам людзі прыязджалі і не ведалі, хто выступае. Галоўнае — гэта сустрэцца. У некоторых людзей ужо ўнукі выраслі [за час гісторыі фестывалю].
Суразмоўца лае арганізацыю фестывалю. Маўляў, канцэрт пачаўся позна, на «задворках» (на малой сцэне — Hrodna.life), хоць хэдлайнеры павінны гуляць на вялікай сцэне. Не хапіла конкурсу маладых выканаўцаў і таго, да чаго пастаянныя наведвальнікі прывыклі. Затое хваліць новыя душавыя кабіны.
— Што яшчэ абавязкова трэба зрабіць на фестывалі?
— Трахнуць каго-небудзь. Гэта традыцыя. Бывала, што проста ідзеш, глядзіш у вочы, без слоў кагосьці хапаеш за руку і ідзеш цалавацца. Дзе гэта можа адбыцца? Толькі тут.
Фестываль можна лічыць працягам «Басовішча», але ён не толькі пра рок-музыку, але і ўвогуле пра культуру, мастацтва, шырэй маштабам, лічыць Павел Станкевіч, кіраўнік фонду «Tutaka». Фестываль спрабавалі зрабіць сямейным.
— У 2020 годзе казалі пра тое, што вось, беларусы абудзіліся, каб думаць пра дэмакратыю, нацыянальную ідэнтычнасць, правы чалавека. Абудзіліся, каб быць дэмакратычнай дзяржавай. Але адначасова абуджэнне адбылося на Падляшшы тут 33 гады таму, калі адкрыўся фестываль «Басовішча». Гэта было абуджэнне беларусаў Падляшша, каб на сучасны манер, сучасным мастацтвам, сучаснай музыкай распавядаць пра сябе і пра сваю культуру. Не толькі традыцыйныя гурты — як на «Дажынкі». Але і такія, каб думаць пра сябе, як сучасную нацыю, — тлумачыць Станкевіч.
Перад канцэртам надыходзіць зацішша. Дыміцца вуголле, ляніва паспявае шашлык. Назапашваецца пахмелле. Абгараюць насы. Загар бронзавее. Дзеці ляжаць у гамаках. Выступоўцы кураць паміж сесіямі. Журналісты дзелавіта пстрыкаюць фотаапаратамі і хаваюць тэхніку ў сумкі. Вадкасць ўсмоктваецца і тут жа выходзіць з потам. Захутаныя ў БЧБ-сцягі дзеці крычаць «Жыве Беларусь!». Бойка ідзе гандаль — у тым ліку дабрачынны. Актыўныя гутаркі працягваюцца за столікамі паміж трыма «намётамі».
— Вы наогул сыходзілі адсюль?
— Не, з ночы.
— Як вы трымаецеся?
— На цыгарэтах.
Яны сыходзяць адна за адной. За сталах — пустыя пачкі і інсталяцыя з пустых бутэлек. «Дзесьці я вас бачыла», — кажа юная дзяўчына кіраўніку адной з беларускіх партый. «Я думала, што вы такі важны», — здзіўляецца дзяўчына пасля абдымкаў і фота з Андрэем Стрыжаком. Фатографы прыходзяць у захапленне ад таго, што сфатаграфавалі Святлану Ціханоўскую з піражком і Франака Вячорку ля сцэны. Сашу Івуліна спрабуюць накарміць каўбаскамі.
Да галоўнай сцэны на канцэрт служба парадку не прапускае з алкаголем і бутэлькамі вады аб’ёмам больш 0,5. Таму людзі абляпляюць шэры плот. Вакалістка гурта Nochy скача, высока задзіраючы ногі. Botanic Project граюць рэгі-варыянт «А хто там ідзе?» і анансуюць новы альбом. Маргарыта Ляўчук з начосам у вобразе задае музыкам пытанні. Вакалістка Dlina Volny гіпнатызуе нізкім голасам і плаўнымі рухамі. Юрый Стыльскі з «Дай Дарогу» збіваецца з беларускай на рускую і запрашае дзяўчат на сцэну праспяваць песню пра «20 см». Людзі становяцца на лаўкі - не здымаючы абутак. Беларусы разгортваюць велізарны сцяг.
— Самыя вядомыя гурты не маюць зараз праблем, каб рабіць канцэрты па ўсёй Польшчы і іншых краінах. Нам цікава не проста рабіць тусоўку пад самыя знаныя гурты, але пры наяўнасці хэдлайнера прамаваць гурты, якія па нашым меркаванні вартыя таго, — сказаў Павел Станкевіч.
У 2019 годзе, закрываючы «Басовішча», арганізатар і музыкі казалі, што фестываль страціў свой сэнс. Маўляў, кожны мог пайсці на канцэрт Вольскага ў Мінску ці з’ездзіць на LIDBEER і «Рок за Бобров». У 2023 годзе беларусы прыйшлі да таго, з чаго пачыналі. Вакаліст Dzieciuki Аляксандр Дзянісаў з’ехаў у эміграцыю пасля ператрусаў і выклікаў у сілавыя структуры. Кліпы «Дай Дарогу» прызналі экстрэмісцкімі. «J:Морс» з’ехаў з Беларусі, бо ім не давалі пляцоўкі для выступаў. Турма дома чакае многіх беларусаў, таму ім застаецца размахваць сцягамі і замілоўвацца ўключэннем беларускага роўмінгу.
Напэўна фестывалю былі рады перавозчыкі, якія бралі 90−100 злотых за даезд да горада. Мы з’язджалі ў іншы ад мяжы бок — за спінай заставалася злепленая з таго, што ў нас было, Беларусь.
На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…