Нагодай абмеркаваць тэму гарадскога актывізму ў праграме “Вокны горада” стаў удзел гродзенкі Лены Майсюк у шоў “Горад”, якое дапамагае гарадскім актывістам вырашаць праблемы горада.
Навошта людзі спрабуюць рабіць штосці ва ўласны вольны час, ці заменяць гарадскія актывісты чыноўнікаў з адміністрацыі, чаму пляцоўкі для сабак патрэбны ў горадзе найперш людзям і яшчэ шмат пытанняў пра гродзенскія праблемы абмеркавалі вядучыя Ганна Руда і Яраслаў Чычын з гарадскімі актывістамі: Ленай Майсюк з “Зялёнага дазору”, журналісткай Hrodna.life Ірынай Новік і ўдзельніцай многіх гарадскіх мерапрыемстваў Віялетай Пасвісцелік, якая прыйла на перадачу з сабакам Ізяй. Праграма ішла ў прамым эфіры 3 мая.

Стварэнне пляцоўкі для выгула – не адзіная ініцыятыва гарадскіх актывістаў, каторай мы дапамагаем ажыццявіцца. Разам з гісторыкам Сашам Перагудавым мы паднялі пытанне аб неабходнасці ў цэнтры шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц, а з актывістамі “Зялёнага дазора” дамагліся належнага догляду дрэваў, пашкоджаных пры будаўнічых работах каля Гараднічанкі і зрабілі яшчэ шмат добрых справаў. Увогуле – гарадскія актывісты і валанцёры – пастаянныя героі на старонках Hrodna.life.
Нашым меркаваннем, менавіта такія людзі і ствараюць аблічча горада, робяць яго утульным, жывым, сяброўскім і па-сапраўднаму еўрапейскім.
https://youtu.be/L3aowiLJXcs
Што да пляцоўкі для выгула сабак, то яны патрэбны не толькі ўладальнікам жывёлаў. Агароджаныя пляцоўкі – гэта бяспека для раварыстаў, пешаходаў і асабліва дзяцей на вуліцы. Калі людзі з сабакамі і без сабак перастануць апасацца адзін аднаго, то жыццё для ўсіх жыхароў горада зробіцца больш прыемным. Усе ахвотныя паўдзельнічаць у стварэнні пляцовак могуць далучыцца да суполкі праекта ў сацыяльных сетках і ахвяраваць сродкі на абсталяванне пляцоўкі праз Тalaka.by.


