Мы сабралі для вас 6 галоўных правілаў эканомных вандровак. Не, спаць на вуліцы і тусавацца ля чорнага ўваходу ў рэстараны не прыйдзецца. Усё як мае быць у звычайным падарожжы. Толькі ў некалькі разоў танней.
Досведам дзеліцца журналістка Hrodna.life, якая за апошні год я наведала 4 краіны і 6 гарадоў і ў выніку зразумела, як можна было ашчадзіць у кожным выпадку.
У кожным з гарадоў знаходзілася штосьці з катэгорыі «А вось калі б ведала загаддзя…». Што яна вывучыла за гэты час?
Масква — планаваць падарожжа трэба за некалькі месяцаў, а не дзён
Паехаць у расійскую сталіцу на выхадныя мне прапанавалі за тыдзень да адпраўлення. Набыць квіткі я вырашыла праз 2 дні. І гэта была самая дрэнная ідэя за ўвесь час!
Адкрыла ўсе вядомыя сайты са зніжкамі - ні адна ўжо не была актуальнай. Квіткі на аўтобусы разабралі, як гарачыя маскоўскія чабурэкі. Затое авіякампаніі сардэчна чакалі. Яшчэ б: шлях у адзін бок каштаваў 150 BYN.
У дзень адпраўлення, седзячы ў маршрутцы аўтавакзал-аэрапорт, з болем назірала, як адыходзіць аўтобус у Маскву. Ён мог быць і маім усяго за 50 BYN, а то і 20 BYN.
З таго часу я вырашыла планаваць паездкі загаддзя. Прасцей пасля падбіваць планы, абмінаючы дату падарожжа ў календары, чым у спешцы шукаць што патанней, каб увогуле выехаць.
Вільня — бясплатнага luxury жылля не бывае
Перад вандроўкай у Вільню я была ўпэўнена, што ўсе мясцовыя каўчсёрферы чакаюць такога госця, як я. За некалькі дзён да паездкі зразумела, што яны ўвогуле нікога не чакаюць. У людзей ёсць іншыя госці, іншыя планы. Прыйшлося шукаць таннае месца.
Кватэры з аб’яваў у інтэрнэце звычайна не зусім выгадныя для аднаго-двух вандроўнікаў. Добры варыянт — хостэлы. Канешне, у выпадках, калі замаўляюцца раней за дату паездкі. Таму мы спыніліся ў недарагім, але і не вельмі танным хостэле побач з вакзалам. Месца было зручнае. Але ўсё ж трып пайшоў не паводле плану.
Толькі па прыездзе дадому я даведалася, што ў гатэлях ёсць праграмы лаяльнасці. Напрыклад, сетка AccorHotels уключае шэраг гасцініц па ўсім свеце, у тым ліку, і Ibis Styles у Вільні. Ночыш у гатэлях на добрых умовах, атрымоўваеш балы і пасля «расплочваешся» імі за жыллё і паслугі партнёраў.
Балы можна атрымаць не толькі за начлег, але і за сняданкі і абеды ў гатэлі, а нават за сяброўства з экалогіяй! Папрасіў не прыбіраць у пакоі адзін дзень — атрымаў балы. Назбіраў 2000 балаў - маеш добрую зніжку на гатэль.
Ратэрдам — калі можаш ісці пешшу, ідзі
У еўрапейскіх гарадах кошт праезду ў грамадскім транспарце перавышае наш у некалькі разоў. Мясцовым бывае прасцей даехаць да патрэбнага месца на сваім аўто, чым выкарыстоўваць гарадскія лініі. Але нашто нам — турыстам — браць машыну?
Падчас шпацыру ў Ратэрдаме (дарэчы, надвор’е было добрае) вырашылі з сяброўкай адзін раз пад’ехаць два прыпынкі. За іх аддалі па 7 еўра! Карацей, больш у аўтобусы не садзіліся. Нават у дождж.
Праз некалькі няспынных гадзін перамяшчэння пешшу ўжо пачалі атрымоўваць асалоду. Можна спыніцца ў любы момант, зайсці ў вузкі дворык, схавацца ў краме, пасядзець ці падбегчы. А эканомія якая!
Піцер — кошты на квіткі лепш параўноўваць
Піцер — горад вялікі і цікавы. Толькі па Неўскім праспекце будзеш шпацыраваць гадзіну ў адзін бок. А як наведаць усе славутасці за некалькі дзён?
Побач з кожнай славутасцю ёсць метро ці прыпынак. Гэта той выпадак, калі грамадскі транспарт зручна выкарыстоўваць. І зрабіць гэта можна адносна танна.
Кошт піцерскіх квіткоў з еўрапейскімі параўноўваць нельга. 45 расійскіх рублёў для нас былі ўвогуле капейкамі. Але з’ездіш пару разоў туды-назад — і добрая сума набяжыць.
Гэтым разам перад (!) паездкай я даведалася, як сэканоміць. Знаёмыя аматары вандровак расказалі пра «адзіны праязны», які можна набыць на 90 хвілін, дзень, два, тры, тыдзень, месяц — як заўгодна. І каштуе ён ад 65 рублёў. Звычайна праязныя выходзяць выгадней за разавыя квіткі па маршруце. Таму трэба заўсёды параўноваць прапанаваныя варыянты.
Амстэрдам — шукайце бясплатныя экскурсіі і музеі
На адной з вуліц Амстэрдама на пару хвілін удалося пабыць у якасці экскурсантаў. Маглі б застацца з імі і да канца, але былі без ровараў.
Ведаеце гэтае неадольнае жаданне далучыцца да суполкі турыстаў так, каб вас не заўважыў экскурсавод? Мяне заўважыў. І прапанаваў працягнуць разам з імі. Аказалася, зусім бясплатна. Гэта была экскурсія ад ініцыятывы «City free tour».
Дарэчы, у адным з самых дарагіх еўрапейскіх гарадоў ёсць шмат бясплатных магчымасцяў для эканомных турыстаў: экскурсіі, музеі, паркі, бібліятэкі, аглядныя пляцоўкі. І ўся гэта інфа ёсць у інтэрнэце. Дастаткова патраціць 30 хвілін — і насычаная праграма на ўвесь адпачынак забяспечана.
Львоў - з кампаніяй выходзіць танней
Львоў лічыцца адным з самых танных напрамкаў для беларусаў. Менавіта таму кожны другі на плошчы Рынак у цэнтры — наш зямляк. Не дзіўным будзе сустрэць тут сяброў ці знаёмых. І калі аб’яднаца з імі ў адну вялікую кампанію — адпачынак выйдзе ўвогуле танным.
Кватэры ў горадзе здаюць з фіксаваным коштам. Напрыклад, аднапакаёўка недалёка ад цэнтра абышлася нам у 35 $ за ноч. Калі б яшчэ дваіх турыстаў «палажылі» на вольную канапу, атрымалася б тая ж сума на ўсіх.
З ежай таксама. Ва ўстановах немагчыма замаўляць шмат, таму што пасля вас чакаюць яшчэ з дзясятак такіх жа цікавых кафэ, рэстаранаў, бараў. Адной стравы на ўсіх, каб пакаштаваць, будзе дастаткова. А па цане на чалавека выйдзе менш, чым абед у сталоўцы каля работы.
Такім чынам, выязджаць за мяжу (і рабіць гэта рэгулярна) не абавязкова з вялікай колькасцю грошай і асабістым самалётам. Прастога жадання і мінімальнай эканоміі будзе дастаткова, каб зрабіць гэта ўжо ў наступныя выхадныя. Куды накіруецеся вы? Магчыма, у Вільню, каб ацаніць гасцінны гатэль Ibis Styles?
ТАА «Ірвінга Група»
УНП 191 751 509