Гродзенцу Максіму 27 і апошнія некалькі гадоў ён спрабаваў сябе ў многіх прафесіях, але знайсці нешта сваё так і не здолеў. У снежні 2017 года хлопец стаў беспрацоўным і пачаў даваць аб’явы: ён гатовы выносіць замест людзей смецце. На гэтым ён плануе зарабляць грошы.

Усё акрамя будаўнічага смецця

Такі від паслуг — вынас смецця з-пад дзвярэй — у Беларусі, і тым больш у Гродне, не распаўсюджаны. Але, напрыклад, у Расіі гэтым бізнесам займаюцца цэлыя фірмы.

«Ідэю са смеццем мы з сябрам паднялі яшчэ да таго, як пачалі заварваць смеццеправоды ў Гродне, — распавядае Максім. — Я вучыўся на станочніка, але па спецыяльнасці працаваў мала. Першы заказ па вынасе смецця быў ад знаёмых. Можна сказаць, пробны заказ. Потым яшчэ прапанавалі вынесці смецце некалькі разоў. Бяруся за ўсё акрамя будаўнічага смецця».

Пакуль Максім грошай за паслугі не бярэ: кажа, што практыкуецца. Але неўзабаве плануе стаць індывідуальным прадпрымальнікам і заключаць з кліентамі дамовы.

«Я Максім і я выношу смецце». Гродзенец хоча зрабіць бізнес на смецці
Максім гатовы выносіць смецце ў любым раёне горада

Для ўсяго пад’езда — зніжка

Максім плануе заключаць дамовы на месяц. Яго паслугі будуць каштаваць каля 10 рублёў. У гэтую суму ўваходзіць вынас смецця тры разы ў тыдзень: панядзелак, серада, пятніца. Але з кожным кліентам Максім гатовы дамаўляцца індывідуальна.

«Калі кліент захоча, каб смецце выносілі часцей, то буду браць перадаплату каля 5 рублёў. Таксама планую заключаць дамовы з усім пад’ездам, што для кліентаў будзе значна танней. Напрыклад, 5 рублёў з кватэры ў месяц. Бізнес са смеццем ў Гродне новы, можам спрабаваць. Людзям трэба будзе толькі выставіць смецце за дзверы».

Ужо просяцца ў каманду

Пакуль Максім плануе працаваць адзін. Калі ж будзе шмат заказаў, хлопец гатовы набраць каманду.

«Мне зараз шмат званкоў паступае, бо расклеіў аб’явы па горадзе. Хтосьці пытае пра паслугі, хтосьці жартуе, а хтосьці наогул ваяваць хоча. Тэлефанаваў нейкі начальнік або майстар і распытваў, як гэта я буду смецце выносіць „на іх тэрыторыі“. Пагаварыць нармальна не атрымалася, чалавек кінуў слухаўку».

Нядаўна Максіму патэлефанаваў мясцовы студэнт і прасіўся ў каманду. Але хлопец пакуль плануе працаваць самастойна. Калі заказы далёкія — будзе ездзіць на машыне. А вось калі перастане паспяваць — запросіць людзей для супрацоўніцтва.