Палатняны каўбой Вудзі тры фільмы стараўся рабіць шчаслівымі дзяцей, а ў чацвёртай частцы стваральнікі дазволілі яму пазмагацца і за сваё цацачнае шчасце. Чарговая «Гісторыя цацак», хоць спачатку здавалася лішняй, усё гэтак жа зроблена паводле найвышэйшых піксараўскіх стандартаў.

Гісторыя даўжынёй у 25 гадоў

«Гісторыя цацак» пачала свой шлях у 1995 годзе і стала адным з першапраходцаў у камп’ютарнай анімацыі. Сёння першыя трохмерныя выявы персанажаў гэтага мультфільма можна палічыць «кардоннымі» і састарэлымі, але 25 (!) гадоў таму гэта было сапраўдным тэхнічным прарывам.

www.youtube.com/watch?v=LxPsUWHWzfo

Стваральнікі мультфільма, студыя «Pixar», яшчэ не былі сусветнавядомай кузняй анімацыйных шэдэўраў, але, магчыма, Стыў Джобс прадбачыў нешта, калі выкупляў яе ў Джорджа Лукаса. У выніку іх першы поўнаметражны мультфільм пра прыгоды палатнянага каўбоя Вудзі і пластмасавага космарэйнджара База Лайтара здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю.

Мэта забаўкі - служыць дзіцяці

Цацкі Вудзі і Баз у трох удалых экранных гісторыях паспелі стаць сапраўднымі сябрамі, даведаліся пра сваё захапляльнае мінулае і перажылі сталенне свайго гаспадара — хлопчыка Эндзі. Сюжэт усіх частак круціўся вакол разнастайных здарэнняў, у якія траплялі яго жывыя ўлюбёнцы. Але галоўнай іх мэтай заўсёды было вярнуцца да свайго гаспадара. Служыць дзіцяці, падыгрываць яго ўяўленню, прыўносіць у яго рэальнае жыццё святочны настрой — сэнс існавання кожнай цацкі.

У чым навізна чацвертай часткі?

Мне чацвёртая частка пачаткова здавалася лішняй, бо ў фінале «Вялікіх уцёкаў» Вудзі і кампанія ў лепшых сентыментальных танах развіталіся з дарослым Эндзі. Яны атрымалі новую дбайную гаспадыню, дзяўчынку Боні, і маглі яшчэ гадоў 15 атрымліваць асалоду ад бесклапотнага жыцця ў чаканні наступнага паўналецця.

Але аўтары вырашылі змяніць вектар апавядання, дзе ўзаемасувязь «дзіця-цацка» не з’яўляецца галоўнай. Вудзі, выконваючы свой адвечны доўг перад Боні, сустрэне сваё каханне з мінулага і ўстане перад выбарам асабістага альбо калектыўнага шчасця. А асабістае шчасце прадугледжвае разрыў глыбінных сувязяў паміж галоўным героем і звыклым яму парадкам. Вельмі смелы ход для стваральнікаў «Гісторыі цацак», дзе дзіця было свайго роду бажаством для сваіх цацак, а зараз адна з іх вырашыла падвергнуць гэта сумневу.

NEW FRIEND! – In Disney and Pixar’s “Toy Story 4,” Bonnie makes a new friend in kindergarten orientation—literally. When Forky—Bonnie’s craft-project-turned-toy—declares himself trash and not a toy, Woody takes it upon himself to show Forky why he should embrace being a toy. Featuring the voices of Tony Hale and Tom Hanks as Forky and Woody, “Toy Story 4” opens in U.S. theaters on June 21, 2019. ©2019 Dinsey/Pixar. All Rights Reserved.

Але Вудзі не здзяйсняе рэвалюцыю для дасягнення свайго шчасця. Ён трансфармуе сваё прызначэнне пасля шматгадовай службы чалавеку. У чацвёртым фільме ён многім ахвяруе, каб Баз і астатнія сябры маглі адпусціць яго ў вольнае плаванне. Важнае адрачэнне — перадача свайго гукавога модуля іншай ляльцы, якая пылілася дзесяцігоддзі на паліцах антыкварнай крамы. Вудзі свядома адмаўляецца ад голасу, які дазваляў яму весці зносіны з чалавекам, і ператварае галоўнага плахіша ў мілага пупса.

«Гісторыя цацак 4». Калі цацка мае права на шчасце

Стваральнікаў «Гісторыі цацак» шмат у чым папракаюць за шаблоннае паказванне дзіцячых персанажаў. У «Галаваломцы», «Таямніцы Кока» і «Гісторыі цацак» дзеці, каб зразумець сэнс жыцця, павінны абавязкова «адпакутаваць» сваё права быць шчаслівымі. Глядач бачыць гэта і абавязкова ўсплакне. Але студыя «Pixar» на аснове гэтага простага правіла выбудоўвае вялікія лабірынты з узаемаадносін персанажаў, дзе з банальнай гісторыі вырастае велізарны свет, зразумелы чалавеку любога ўзросту. І «Гісторыя цацак» не выключэнне.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life