Спрадвеку галоўным выклікам для дойлідаў было пераадоленне зямнога прыцягнення: кожнае пакаленне імкнулася ўзвесці свае вежы і шпілі вышэй, чым у папярэднікаў. Нядаўна знакамітая Саграда-Фамілія ў Барселоне афіцыйна стала самым высокім храмам у свеце — яе вышыня дасягнула 172,5 метра. Каб абысці ўсіх канкурэнтаў на планеце, шэдэўру Антоніа Гаўдзі спатрэбілася больш за 140 гадоў будаўніцтва!

З гэтай нагоды канал Hrodna 11:27 сабраў топ самых высокіх храмаў Гродзеншчыны. Ад знакамітых на ўсю краіну неагатычных волатаў да трагічна страчанай спадчыны — вось дзе шукаць самыя высокія вежы ў нашым рэгіёне.

Важна адзначыць, што гэты топ дастаткова ўмоўны, бо ў большасці выпадкаў ніхто дакладна не вымяраў вышыню храмаў.

Барселонская Саграда-Фамілія — самы высокі храм у свеце.
Барселонская Саграда-Фамілія — самы высокі храм у свеце. Фатаздымак зроблены дзякуючы супрацоўніцтву з Turisme de Barcelona

1. Нотр-Дам Гродзеншчыны: Траецкі касцёл у Гервятах (61 метр)

Абсалютны рэкардсмен Гродзенскай вобласці і адзін з самых высокіх касцёлаў усёй Беларусі. Яго шпіль уздымаецца на 61 метр — гэта адпавядае вышыні дваццаціпавярховага дома.

Неагатычны помнік у Астравецкім раёне ўзводзілі на мяжы XIX і XX стагоддзяў (1899-1903 гады) па праекце архітэктара Аляксея Полазава, дапрацаваным Вацлавам Міхневічам. Гісторыя яго будаўніцтва абрасла легендамі: у прыватнасці, лічыцца, што для надання асаблівай трываласці ў вапнавы раствор дадавалі тысячы сырых яек, якія збіралі па навакольных вёсках. Лагістыку таксама прадумалі дасканала: цэглу выраблялі на спецыяльна пабудаваным побач заводзе, а дахоўку везлі цягнікамі з Германіі. Сёння Гервяты — гэта наша лакальная «Саграда» ў кантэксце турыстычнай прывабнасці.

2. Цагляная іголка: Траецкі касцёл у Шылавічах (55 метраў)

На фоне высокай папулярнасці гервяцкай святыні, манументальная пабудова ў Ваўкавыскім раёне захоўвае спакойную атмасферу, застаючыся невідавочным, але вельмі выразным пунктам на карце вобласці. Касцёл Святой Тройцы ўзвышаецца на 55 метраў і кардынальна змяняе ландшафт невялікага аграгарадка.

Храм будавалі з 1907 па 1914 год. Для сваёй лакацыі ён выглядае масіўна і строга. Манументальная цагляная вежа працуе як маяк і бачная за шмат кіламетраў да ўезду ў Шылавічы. Архітэктурны дэкор фасада не перацягвае на сябе ўвагу: уражанне дасягаецца за кошт чыстай геаметрыі, фактуры неатынкаванай чырвонай цэглы і, вядома, вышыні. Калі стаіш ля яго масіўных дзвярэй, маштаб пабудовы стварае адчуванне манументальнасці, параўнальнай з гістарычнымі саборамі Заходняй Еўропы.

3. Сэрца горада: Фарны касцёл у Гродне (каля 55 метраў)

Кафедральны сабор Святога Францыска Ксаверыя — галоўная вертыкаль гістарычнага цэнтра Гродна. Вышыня яго вежаў разам з крыжамі дасягае звыш паўсотні метраў.

У адрозненне ад геаметрычнай строгасці неаготыкі, гродзенскі Фарны — гэта ўрачыстае і дынамічнае барока. Езуіты, якія яго будавалі, імкнуліся стварыць адчуванне магутнасці не толькі праз вышыню, але і праз складаную пластыку фасада. Унутры ж знаходзіцца яшчэ адзін рэкорд — 21-метровы драўляны галоўны алтар, адзін з самых высокіх у Еўропе ў сваёй катэгорыі. Баракальныя вежы Фарнага стагоддзямі служылі арыенцірам, а на паўночнай з іх вядзе няспынны адлік часу адзін з самых старых дзеючых гадзіннікаў Усходняй Еўропы. Яго гісторыя пачынаецца з 1496 года на вежы гарадской ратушы, адкуль яго пазней і перанеслі на касцёл.

Спрэчка за 3 месца: гродзенскі касцёл бернардзінцаў

Касцёл Адшукання Святога Крыжа, або інакш бернардзінскі касцёл, знаходзіцца на высокім пагорку і візуальна ўзвышаецца над усім горадам. Таму яго часта называюць самым высокім у Гродне. Пры гэтым вышыня адзінай яго вежы таксама павінна быць каля 60 метраў. Але пакуль няма пераканаўчых дадзеных, будзем лічыць, што ён раздзяляе трэцяе месца з Фарным касцёлам.

А яшчэ гэта самы стары каталіцкі храм Гродна. Ён спалучае рысы готыкі, рэнесансу і барока. Касцёл пабудавалі ў 1602-1618 гг., асобныя элементы дабудоўвалі ў XVIII ст. Высокую вежу-званіцу надбудоўвалі акурат тады – у 1788 годзе. Яе два верхнія познебарочныя ярусы спраектаваў архітэктар Міхалкевіч.

Прывід мінулага: Фара Вітаўта (50-60 метраў)

Гаворачы пра гарадскія вышыні, нельга не згадаць страчанае. Фара Вітаўта (касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі) на працягу стагоддзяў была архітэктурным цэнтрам Гродна. Восенню 2026-га споўніцца 65 гадоў з моманту, як касцёл стаў часткай страчанай спадчыны: ён быў узарваны савецкімі ўладамі ў ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года.

Вышыня вежы Фары Вітаўта, у залежнасці ад гістарычнага перыяду і шматлікіх перабудоў (ад готыкі і маньерызму праз класіцызм да псеўдарускага стылю і неаготыкі), ацэньваецца ў 50–60 метраў. Храм перажыў пажары і войны, але быў знішчаны ў мірны час. Гэты выбух не толькі знішчыў гістарычны помнік, але і назаўжды змяніў візуальнае аблічча Гродна. Сёння мы можам толькі ўяўляць па старых фотаздымках, як выглядаў бы цэнтр горада, калі б гэты велічны храм застаўся на сваім месцы.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы