Людзі і справы

Каты, ваўкі, лісы і іншыя: 7 дзіцячых кніг, якія варта прачытаць і дарослым

Чытаючы гэтыя кнігі дзецям, вы самі пасмяецеся, паплачаце і лепш зразумееце складаныя рэчы. Святлана з кнігарні «БЭБІ-БУК», што ў ГД «Нёман», расказвае пра тыя кнігі, якія будуць цікавыя ўсім, незалежна ад узросту.

1."Суперкніга пра Біла з Болаю", Гуніла Бэргстрэм

Гэта вершаваная кніга шведскага аўтара ў перакладзе на беларускую мову. Аналагаў ёй няма. Я б рэкамендавала яе ўсім незалежна ад узросту, полу і сацыяльнага статусу. Гісторыю расказвае хлопчык, у якога малодшая сястра нарадзілася з аўтызмам. Кніга расказвае, як яны пра гэта даведаліся, і як праходзіла прыняцце сям’ёй навіны.

Гэта сур’ёзная, важная і вельмі складаная тэма, якая ў нас замоўчваецца. Я б зрабіла"Суперкнігу пра Біла з Болаю" кнігай года. На яе прыкладзе мы бачым, што акурат хлопчык, а не дарослыя, успрымае сваю сястру адэкватна. І ў дзяцей мы можам гэтаму павучыцца. Цікавая гісторыя пра прыняцце іншых і пра тое, каб дазваляць іншым быць сабой.

Асаблівасці. У кнізе вясёлыя ілюстрацыі, а заснавана яна на рэальнай гісторыі. Пісьменніца Гуніла Бэргстрэм сапраўды выхоўвала дачку, хворую на аўтызм. Зараз дачка ўжо дарослая.

Кошт: 16.60 BYN


2. «Усе бачылі ката», Брэндан Венцаль

Французская кніга стала бэстселерам «The New York Times». Яна пра тое, што на розныя рэчы можна паглядзець з розных бакоў. Кніга дзіцячая, але і дарослыя могуць паразглядаць яе, каб лягчэй прымаць чужы пункт гледжання.

Галоўны герой — кот. Яго сустракаюць розныя персанажы: дзіця, сабака, ліс, рыба, мыш, блыха, змяя, скунс, чарвяк і кажан. І кожны бачыць яго па-свойму: рыба — як вялікага і расплывістага, змяя — у цеплавізарным зроку, скунс — як чорна-белага. Для чарвяка кот гэта ваганні глебы, а для блыхі - цэлы сусвет! Кожны бачыць ката, і для кожнага ён свой. Такая трошкі філасофская, але пры гэтым вясёлая і нешматслоўная кніга.

Асаблівасці. Выкарыстоўваецца цікавая тэхніка малявання — калажная ілюстрацыя. Таксама ёсць адукацыйны момант пра розныя тыпы зроку ў жывёл.

Кошт: 24.00 BYN


3. «Вялікі воўк і маленькі воўк», Надзін Брюн-Косм, Аліўе Талек

Гэтая кніга ўваходзіць у абавязковую школьную праграму ў Францыі. Я б уключыла яе і ў нашу. Яна пра любоў, сяброўства і ўзнікненне даверу паміж жывымі істотамі. У дадзеным выпадку — паміж ваўкамі.

Пачынаецца яна проста: вялікі воўк заўсёды жыў адзін пад сваім дрэвам, быў самотным і цалкам задаволеным сваім жыццём. Аднойчы ён убачыў, як да яго дрэва падыходзіць маленькі воўк. І вялікаму стала страшна, што маленькі воўк будзе большы за яго. Гэта пра тое, як мы часам баімся ўпусціць кагосьці ў сваё жыццё. Але наступіла ноч і вялікі воўк даў маленькаму краёчак коўдры. Ранкам яны палезлі на дрэва рабіць зарадку — і вялікі воўк спалохаўся, што маленькі зробіць яе лепш. Гэта такія тонкія эмацыйныя рэчы, прапісаныя простай дзіцячай мовай і знаёмыя кожнаму даросламу.

Вялікі воўк дзяліўся з маленькім апельсінамі, а той чакаў яго з лесу. Аднойчы вялікі воўк вярнуўся дадому, а маленькага там не было. І ўпершыню ён не вячэраў. Упершыню не спаў ноччу. І чакаў маленькага ваўка доўга-доўна. І думаў пра тое, што калі ён вернецца, то вялікі воўк дасць яму больш коўдры, і больш апельсінаў. І дазволіць яму зрабіць зарадку лепш за яго. І маленькі воўк вярнуўся. Такая кніга пра любоў і раставанне.

Асаблівасці: вельмі якасны пераклад, які ў такіх кнігах грае вялікую ролю.

Кошт: 16 BYN


4. «Я цябе ўжо люблю», Джоры Джон

Кніга пра той варыянт любові, пры якім даводзіцца трошкі пацярпець таго, каго мы любім. Яшчэ адзін бэстселер «The New York Times».

Гэта гісторыя пра мядзведзя і гусіка. Яны суседзі. Мядзведзь — інтраверт, любіць пабыць адзін і займацца сваімі справамі. Гусь — экстраверт, прачынаецца рана і фантануе ідэямі. І ў іх такі канфлікт інтарэсаў, які раскрываецца праз абаяльныя карцінкі і смешныя дыялогі. Кніга вучыць нас цярплівасці ў адносінах да нашых знаёмых і родных.

Асаблівасці. Калі прачытаеш гэтую кнігу, адразу захочацца набыць яшчэ. Ёсць кнігі з той жа серыі «Час ужо дамоў» і «Час ужо спаць» з тымі ж абаяльнымі персанажамі.

Кошт: 13.90 BYN


5. «Пакс», Сара Пэніпакер

Кніга прызнаная: гэта бэстселер «The New York Times» і лепшая дзіцячая кніга 2016 года па версіі Amazon. Рэжысёры змагаюцца за права яе экранізаваць. Пра яе кажуць, што калі б Рэмарк пісаў для дзяцей, то ён пісаў бы так.

Гэта гісторыя пра лісяня і хлопчыка. У кожнага з іх адбываецца трагедыя: у хлопчыка памірае маці, а лісіня губляе бацькоў у лесе. Яны сустракаюцца ў такі цяжкі жыццёвы перыяд і знаходзяць падтрымку адзін у адным. Але пачынаецца вайна, бацька хлопчыка ідзе на фронт, і хлопчык вымушаны пераехаць да дзеда. Хлопчыку даводзіцца развітацца з лісянём. Але потым ён адпраўляецца яго шукаць.

Асаблівасці: кніга для людзей з моцнымі нервамі, бо яна вельмі шчымлівая. Але такія кнігі робяць нас лепшымі. Прыгожыя малюнкі алоўкам і добрыя апісанні прыроды.

Кошт: 26.50 BYN


6. «Жук-гнаявік лётае ў прыцемках», Марыя Грыпэ

Гэта дэтэктыў топавага аўтара. Марыя Грыпэ шмат піcала і яшчэ пры жыцці паспела стаць адным з самых важных аўтараў у сусветнай дзіцячай літаратуры.

Кніга ўжо экранізаваная. Яна дасць фору шмат якім «дарослым» раманам. У ёй адсутнічаюць балючыя тэму кшталту наркотыкаў, ранняй цяжарнасці, якіх хапае ў сучаснай падлеткавай прозе. Яна добрая, пазітыўная, свежая. Гэта міфічны дэтэктыў, які вядзе нас у гісторыю, да экспедыцыі Карла Лінэя, да вазаў з грабніц фараонаў. І пры гэтым мы разблытваем гісторыю кахання.

Трое дзяцей застаюцца даглядаць стары дом і кветкі. Яны сустракаюць гнаявога жука, які падае ім знакі. Па гэтых падказках дзеці трапляюць на гарышча, дзе знаходзяць перапіску памочніка Карла Лінэя і спрабуюць аднавіць храналогію падзей.

Асаблівасці: кніга трымае ў напружанні і дае шмат навуковай інфармацыі па біялогіі і гісторыі.

Кошт: 26.00 BYN


7. «Гісторыя старой кватэры», Аляксандра Літвіна

Кніга прызнана расійскай прафесійнай грамадскасцю лепшым інавацыйным літаратурным праектам года і стала лаўрэатам конкурса «Рэвізор». Мастак Ганна Дзясніцкая атрымала адну з самых прэстыжных узнагарод у вобласці кніжнай ілюстрацыі «Залаты яблык» у Браціславе.

Гэта кніга-падарожжа ў гісторыю кватэры. Яна пачынаецца з 1872 года з першым гаспадаром. І праз кватэру праходзіць уся гісторыя 20-га стагоддзя: і вясёлая, і драматычная. Першая сустветная вайна, Вялікая Айчынная вайна, генацыд, рэпрэсіі, вобшукі, уцёкі. Ёсць і вясёлыя моманты, жыццё як яно ёсць.

Асаблівасці. З героямі можна пазнаёміцца і знайсці іх на старонках кнігі. Акрамя гісторыі сямей, кніга перадае глыбокае пагружэнне ў эпоху. Паказваюцца прадметы побыту, раскрываецца іх функцыянал. У кнізе ёсць фотаздымкі, газетныя выразкі, квіткі, сканы лістоў.

Кніга прысвячаецца «нашым бабулям і дзядулям». Думаю, ідэальны варыянт — гэта сабрацца ўсёй сям’ёй, паразмаўляць пра мінулае і паспрабаваць напісаць сваю гісторыю.

Кошт: 39.60 BYN


Дзіцячая кнігарня «БЭБІ-БУК»

вул.Савецкая, 18, ГД «Нёман», 2 паверх

Час працы:

пн-пт: 11.00−20.00
сб: 11.00−19.00
нд: 11.00−18.00
абед: 15.00−15.30

Кантакты: +375 (33) 6 261 132, vk.com/babybook

— Вялікі выбар дзіцячай літаратуры: мастацкая і развіваючая, вершы і проза, кнігі айчынных і замежных аўтараў, класіка і навінкі, кнігі падарункавыя і на кожны дзень, для хлопчыкаў і дзяўчынак, на ўзрост ад 0 да 10 гадоў.

— Індывідуальны падыход да кожнага пакупніка.

— Прыемныя сюрпрызы, шмат акцый, вясёлых падарункаў і цікавых мерапрыемстваў.

ІП Рыдван С. Ю.

УНП 591 168 791

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024