Стэфан Баторый. Фрагмент карціны Яна Матэйкі "Баторы пад Псковам"
Артыкул Hrodna.life, прысвечаны каралю Польшчы і вялікаму князю літоўскаму Стэфану Баторыю, выклікаў дыскусію сярод чытачоў блога s13.ru. Яна зводзілася да аднаго пытання: «А што ўсё ж зрабіў найвялікшы кароль для нашага горада, апрача таго, што памёр тут?»
Пытанне нельга пакідаць без адказу, таму сціпла, толькі ў агульных рысах раскажам пра дзейнасць Баторыя для горада над Нёманам. Яго палітычныя і вайсковыя заслугі закранаць не будзем.
Стэфан Баторый быў абсалютна талерантны ў дачыненні да іншых рэлігій і канфесій. Сам ён быў шчыра веруючым католікам, але многія з роду Баторыяў прынялі пратэстантызм, а ягоны сябар Андрэй Бекеш быў ці то радыкальным пратэстантам-арыянінам ці то нават атэістам.
У яўрэяў Стэфан Баторый неаднойчы пазычаў грошы на вайсковыя паходы і іншыя дзяржаўныя справы. За гэта яны атрымалі ад яго прывілей пабудаваць каменную сінагогу літаральна ў ста метрах ад каралеўскага палаца. Будаваў сінагогу той самы дойлід, які вымураваў цудоўны Стары замак.
Гэта толькі легенда, але яна паказвае: караля і вялікага князя любілі ўсе ягоныя падданыя незалежна ад нацыянальнасці.
5 снежня 1576 г. Баторый пацвярджае ўсе ільготы гораду Гродна, зацвярджае правы гараднян на склады солі, вызваляе гарадскія саладоўні і бровары ад падаткаў, якія былі ўсталяваны яго папярэднікам Жігімонтам Аўгустам, як надзвычайная мера з нагоды вайны з Масковіяй. Соль у тыя часы каштавала дорага і магчымасць для гродзенцаў не плаціць падаткі за соль істотна ўздымала іх даходы.
Праз некаторы час, ужо ў пачатку 1580-х гг., Стэфан Баторый дазваляе гродзенскім мяшчанам збудаваць на Нёмане млын, на Рынку — карчму і гандляваць там півам, віном і мёдам (гарэлкі гродзенцы ў тыя часы не ўжывалі) без аплаты акцызу. Прыбытак ад млына і карчмы ідзе на патрэбы горада.
Млын быў вельмі цікавы. Два злучаныя паміж сабою плыты, паміж якімі было млыновае кола, што раскручвалася вадою. Гродзенцы малолі на млыне сваё збожжа і абслугоўвалі шляхту і сялян. Горад настолькі ўзбагаціўся, што прыкладна ў гэты час у Гродне паўстала першая мураваная ратуша, якая стала сімвалам незалежнасці горада над Нёманам.
У 1582 г. кароль загадвае не затрымліваць караблі гродзенскіх мяшчанаў з хлебам па Нёману ў Кёнігсберг. Гэта наогул была проста фантастыка. Прусія ў тыя часы была васалам Рэчы Паспалітай і самі прусакі падатку не бралі. Яго маглі ўзяць толькі каралеўскія мытнікі. Цяпер выходзіла, што прыбыткі тагачаснага гродзенскага бізнеса вырасталі ў шмат разоў.
Шмат кароль зрабіў і для ўпарадкавання сістэмы вагаў, паштовых зносін, тарыфаў, увёў грыгарыянскі календар (5 кастрычніка 1582 г. у Гродне змянілася адразу 15 кастрычніка). Нагадаем, былая Расійская імперыя перайшла на Грыгарыянскі каляндар у адпаведнасці з дэкрэтам Леніна толькі ў 1918 годзе. Праўда, кароль не мучаў праваслаўных і не забараніў царкве карыстацца юліянскім календаром у сваім справаводстве.
Адным словам, галоўнымі прынцыпамі караля ў эканамічных справах была шырокая аўтаномія гарадоў і свабода гандлю. Важныя, актуальныя дасюль рэчы!
Баторый упершыню прыехаў у Гродна 29 ліпеня 1579 г. і з таго часу прыязджаў у наш горад 11 разоў, апошнія два гады жыцця (1584 — 1586 гг.) пражыў тут амаль без выездаў.
Гродна з гэтага часу становіцца яго рэзідэнцыяй. Баторый пачынае перабудоўваць замак Вітаўта на Замкавай гары (перабудова працягваецца да сярэдзіны 1580-х гг.). У выніку горад атрымлівае проста шэдэўральны палац, роўнаму якому не было тады ў Рэчы Паспалітай.
www.youtube.com/watch?v=4L3gLWjpSOo
За год да смерці Стэфан Баторый склаў завяшчанне, у якім пакідаў 96 фларэнаў любімай Трансільваніі і 20 тысяч вайсковаму шпіталю для старых жаўнераў у Варшаве. «Каханаму Гродна» кароль завяшчаў 30 тысяч фларэнаў.
Адзін залаты фларэн (тое самае, што дукат і роўна аднаму злотаму) быў па тых часах вялізарнай сумай грошай. За яго можна было набыць 15 адкормленых гусей або пашыць 2 пары абутку. Вельмі прыблізна перавёўшы гэтыя грошы на сучасную валюту выходзіць, што Баторый завяшчаў нашаму гораду каля 6 мільёнаў долараў. Такой сумы з асабістых даходаў ніколі не пакідаў нашаму гораду ніводзін уладар ці чыноўнік.
І нарэшце, Стэфан Баторый завяшчае для Гродна… самога сябе — ён выказвае пажаданне, каб гэты горад стаўся месцам яго вечнага спакою. У пачатку 1584 г. кароль у прыватнай размове сказаў італьянцу Кампана: «мне гэты горад і для жыцця і для вечнага адпачынку найбольш дарагі».
Кароль не меў дзяцей, праўда, хадзілі чуткі пра тое, што недзе ў лясах пад Гродна ён сустракаўся з прыгажэннай дачкой лесніка, які ахоўваў каралеўскія пушчы.
У XVII ст. у кнізе Валерыяна Неканда-Трэпкі «Liber chamorum…» пад нумарам 875 згадваецца нехта «Кнабоўскі, байструк караля Стэфана», які ў 1613 годзе служыў у кавалерыі Рэчы Паспалітай разам з 12 сваімі коннікамі. Кнабоўскі быццам жыў у Гродне… Мо дзе па нашым горадзе ходзіць нехта з нашчадкаў вялікага караля.
Такім чынам Баторый не толькі выратаваў Рэч Паспалітую, даўшы нашым продкам яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў міра і эканамічнага росквіту, але і пачаў сапраўдны залаты век Гродна. Да 1600 г. горад пакрыўся каменнымі будынкамі, у 1629 г. у Гродне з’явіўся ўласны вадаправод, а ў 1650 годзе было вырашана пабудаваць каменны мост праз Нёман. Але літаральна праз пяць гадоў пачалася крывавая вайна, ад наступстваў якой Гродна і ўся наша Беларусь не маглі аправіцца больш за два стагоддзі.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…