Гэты тэкст прысвечаны адразу двум асобам — першым гродзенскім беларускім настаўнікам Тэклі Станішэўскай і Аляксандру Грыкоўскаму. Мы вельмі мала ведаем пра гэтых людзей — некалькі фотаздымкаў ды сціплыя біяграфічныя факты ў некралогах. Магчыма, іх звязвалі не толькі прафесійныя, але і рамантычныя адносіны і пра іх жыццё можна было б напісаць гераічную ды трагічную аповесць. Пакуль раскажам толькі тое, што ведаем.
Вясной 1916 года, 104 гады таму, у Гродне была адчынена першая ў нашым горадзе беларуская школа. Пасля віленскай, якую заснавалі у канцы 1915 года, гродзенская была другой школай на беларускіх землях. Да прыходу немцаў царскія ўлады не дазвалялі адчыняць школы з беларускай мовай навучання. Вучыцца па-беларуску можна было толькі падпольна. Немцы ў Першую сусветную вайну не збіраліся займацца ані русіфікацыяй, ані германізацыяй беларусаў, таму ў пачатку 1916 г. дазволілі адчыняць беларускія школы.
Беларуская школа пачала сваю дзейнасць у сакавіку 1916 г. як пачатковая, але пазней была рэарганізавана ў пачатковую навучальную ўстанову павышанага тыпу з 4-гадовым тэрмінам навучання.
Непасрэдна справай заснавання школкі займаліся выбітныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі, сябры Беларускай школьнай камісіі, створанай у Вільні яшчэ ў кастрычніку 1915 г. Неаднаразова яны прыязджалі ў Гродна, сустракаліся з мясцовай беларускай інтэлігенцыяй. Разумеючы важнасць адукацыі, Луцкевіч і Ластоўскі займаліся і выдавецкай дзейнасцю, рыхтавалі школьныя падручнікі. Яны былі не толькі тэарэтыкамі, але і мелі практычныя навыкі выкладання, працавалі ў беларускай школе ў Вільні.
Першымi беларускiмi настаўнiкамi ў Гродне сталi 18-гадовая Тэкля Станiшэўская i старэйшы за яе на пяць гадоў Аляксандр Грыкоўскi, за плячыма якiх былi беларускiя вучыцельскiя курсы.
Аляксандр Грыкоўскi паходзiў з вёскi Корнiна Бельскага павету. У 1916 г. ён скончыў Свіслацкую беларускую настаўніцкую семінарыю і адразу пачаў працу ў гродзенскай школе. Менш чым праз год ён стаў дырэктарам школкі.
Аляксандр Грыкоўскі актыўна займаўся грамадскай справай. У 1918 г. ўвайшоў у склад Беларускай Рады ў Вільні, быў сябрам Беларускай сувязі нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Апроч таго стаў першым старшынём Беларускага нацыянальнага камітэту ў Гродне. Але пражыў ён толькі 26 год, 13 лютага 1919 г. Аляксандр Грыкоўскі памёр ад хваробы, на якую пакутавала большасць прадстаўнікоў тагачаснай беларускай інтэлігенцыі - ад сухотаў. Пахаваны Грыкоўскі на гродзенскіх могілках.
Падобны лёс напаткаў і Тэклю Станішэўскую. Менавіта яна была першай настаўніцай у беларускай гродзенскай школцы. Аляксандр Грыкоўскі прыйшоў пасля. Маладая настаўніца нарадзілася ў Вільні ў 1898 г. і зусім нічога не ведаем пра яе дзяцінства. Але Тэкля Станішэўская да беларускага руху далучылася яшчэ дома: яна была сябрам беларускай музычна-драматычнай дружыны, iграла ў беларускiм тэатры.
У час, калі Тэкля Станішэўская працавала ў гродзенскай школе, там дзейнічалі тры класы. У газеце «Беларуская думка» пісалася «Праца Тэклі Станішэўскай у Горадні была безупыннай барацьбой за беларускае адраджэнне і за беларускую школу… Маладым беларускім адраджэнцам-вучыцялём прыходзілася кожны крок здабываць упорнай, доўгай і сыстэматычнай працаю». Дзякуючы Тэклі Станішэўскай і Аляксандру Грыкоўскаму — післася далей у газеце — быў закладзены даволі моцны падмурак беларускай адукацыі ў Гродне.
Дзяцей у школе было шмат. Вайна прывяла да таго, што ў гарадах аказалася вялікая колькасць бяздомных сірат, іх забіралі ў прытулак, які таксама знаходзіўся пры манастыры. Гэтыя самыя дзеці наведвалі і школу. Немцы крыху падтрымлівалі школу харчамі ды дровамі, але большасць падтрымкі ішла ад беларускага грамадства Вільні і Гродна.
Настаўнікі дзяліся з дзецьмі апошнім кавалкам хлеба, разам з імі цярпелі ад голаду і холаду. Вельмі цяжка было з падручнікамі і любой навучальнай літаратурай. І два гады працы ў такіх умовах падарвалі здароўе Тэклі Станішэўскай.
Улетку 1918 года Тэкля Станішэўская прыехала ў Вільню і ўжо болей не варочалася ў Гродна. У Вільні яна лячылася ад сухот і працавала, колькі магла, у беларускім прытулку «Золак» і ў беларускай кнігарні. У сакавіку 1919 года яна злягла ў літоўскай клініцы.
У сераду 21 траўня Тэкля Станішэўская памерла. Было гэта праз два месяцы пасля смерці і пахавання Аляксандра Грыкоўскага ў Гродне. 23 мая Тэкля Станішэўская была пахавана на могілках у Росе побач са сваім бацькам. У аўторак 26 мая 1919 года, у палову сёмага раніцы, у віленскім касцёле святога Яна адбылася жалобная імша за душу беларускай настаўніцы.
Дзейнасць беларускай школы працягвалася, нягледзячы на матэрыяльныя праблемы і пастаянныя змены памяшканняў. Яна існавала да 1927 года. Яшчэ ў пачатку 1920-х на будынку былога Барыса-Глебскага кляштара лунаў бела-чырвона-белы нацыянальны сцяг.
На старых гродзенскіх могілках нядаўна беларускія патрыёты паставілі сімвалічны помнік Аляксандру Грыкоўскаму. Добра было б адшукаць надмагілле Тэклі Станішэўскай на віленскіх Росах і прывесці яе помнік у парадак або паставіць новы. Першая гродзенская беларуская настаўніца заслужыла таго, каб ляжаць побач з Кастусём Каліноўскім.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…