Вахмістру Кавалеўскаму з Сувалак у Гродне не пашанцавала. Калі ён разам з чатырма саслужыўцамі патануў у Нёмане, яго шукалі тыдзень. А калі цела вылавілі з вады і даставілі сям'і, высветлілася, што труп абакралі: зніклі два гадзіннікі, усе дакументы з грашыма і іншыя каштоўнасці.

З вясны да восені гродзенцы і прыезджыя актыўна выкарыстоўвалі Нёман для падарожжаў і актыўнага адпачынку. Не заўсёды яны заканчваліся добра. Пра гродзенскіх тапельцаў міжваеннага перыяду расказвае гістарычны канал Hrodna 11:27.

Пляжы Гродна 100 гадоў таму: дзе гродзенцы купаліся, траплялі ў прыгоды і… гінулі

У пачатку 1920-х, калі горад аднаўляўся пасля стратаў Першай сусветнай вайны, пытанне адпачынку гродзенцаў, тым больш на вадзе, не ставілася. Хапала іншых праблем. Але ўжо ў 1928 годзе на Нёмане паўстала прыстань і пачаў дзейнічаць вяслярскі клуб «W.K.W. Niemen». Пасля разліваў ракі пачатку 1930-х гадоў, набярэжная была добраўпарадкавана, на ёй палепшылі пляжы. Дзейнічала водная паліцыя, якая назірала за купаннем гараджан.

У межах гораду дазволеныя для купання пляжы размяшчаліся па абодва бакі ад сённяшняга старога моста. Ахвотныя таксама накіроўваліся да Пышкоў і далей да Ласосна. Заўзятары вострых адчуванняў любілі скакаць з гарадскіх мастоў. Часам гэта заканчвалася трагедыяй. Напрыклад, 7 ліпеня 1924 года адзін з гродзенскіх плыўцоў пасля скачку разбіў галаву аб камень на дне Нёмана.

Жыццё на пляжах таксама бурліла напоўніцу — крадзяжы, алкаголь ды бойкі. Так, 1 жніўня 1933 года газеты паведамлялі, што на пляжы каля Ласосны адпачываў Лейба Пазняк, сын уладальніка крамы вопраткі на плошчы Баторыя. На яго напалі трое мясцовых хлопцаў і нажамі нанеслі некалькі колатых ран. Пазняк здолеў дастаць пісталет і выстраліў з яго ў паветра, толькі такім чынам адбіўшыся ад нападнікаў. Яго даставілі ў лякарню Блюмштэйна.

Самы небяспечны месяц для купання

У 1920-я гады на Нёмане, яго прытоках і азёрах Гродзеншчыны цягам аднаго году магло здарыцца ад 12 да 22 смяротных выпадкаў. Далей рабілася горш: у 1930-я гэтыя лічбы дасягаліся цягам толькі аднаго летняга месяца! Найбольш «актыўным» выпадаў ліпень.

Гэта было звязана з распаўсюджваннем турызму на Гродзеншчыне. Важнымі цэнтрамі прыцягнення сталі Друскенікі Гродзенскага павету ды Азёры, каля якіх летам паўставалі шматлікія дзіцячыя лагеры. Таксама ў рэгіёне развівалася веславанне. І таксама не без ахвяр. Яшчэ ў ліпені 1924 года падчас купання на Нёмане патанулі адразу чатыры весляра, а пятага ўдалося выратаваць.

Пра выпадак, які здарыўся з сям’ёй весляроў каля вёскі Русаковічы, паведамлялі газеты 12 ліпеня 1932 года. На каяку праплываў паручнік Гачынскі з жонкай і чатырохгадовым дзіцём. Каяк перакуліўся, жонка здолела выплысці, а вось муж з дзіцём трапілі на глыбіню і пачалі тануць.

На іх крыкі прыбеглі харцэры Ян Бернтранд і Раман Ціхы з 23-й познанскай харцэрскай дружыны, якія адпачывалі на беразе Нёмана. Менавіта яны здолелі выратаваць тапельцаў. Першую дапамогу ім аказалі Лех Будзыньскі і Здзіслаў Карковяк.

Чытайце таксама: Пакупацца і не атрымаць штраф: карта дазволеных пляжаў у Гродне і Гродзенскай вобласці 2025

Аркестр тапельцаў і рабаванне трупа

13 жніўня 1933 года гродзенскія газеты паведамлялі пра няшчасны выпадак, які меў месца з 3-м палком конніцы з Сувалак, які праводзіў вучэнні на Нёмане ў ваколіцах Гродна.

Яны наладзілі пераправу, падчас праезду па якой паром моцна разгайдала. Некалькі салдат трапілі ў раку і патанулі. Вайскоўцы спачатку трымалі гэта ў таямніцы, але калі па горадзе папаўзлі плёткі пра маштаб трагедыі, вымушаны былі прызнаць гібель пецярых салдат.

Усё праз тое, што адзін з паромаў, які быў у пераправе, стаў тануць. Ратаваць яго аддалі загад салдатам, якія, як пазней высветлілася, не ўмелі плаваць. Калі ж яны сталі тануць, ім на ратунак кінуліся іншыя салдаты.

Пачалася паніка, у выніку якой пяцёра, пераважна з аркестру разам з капельмейстрам, патанулі. Ахвяр было б яшчэ больш, каб не гродзенскія рыбакі, якія кінуліся на ратаванне і ў свае чоўны зацягнулі шмат іншых салдат. За гэта іх пазней узнагародзілі.

Пошукі целаў доўжыліся амаль тыдзень. Чацвярых знайшлі каля вёскі Дарашэвічы (гміна Лаша) і даставілі ў Сувалкі для пахавання. Аднак, як высветлілася, з цела знойдзенага вахмістра Кавалеўскага скралі асабістыя рэчы: два гадзіннікі і ўсе дакументы з грашыма. Да таго ж на мундзіры засталіся толькі нараменнікі і рукавы, а ўсё астатняе было зрэзана. З каштоўных рэчаў застаўся толькі шлюбны пярсцёнак. Вор не змог сцягнуць яго з пальца, хаця, як было бачна, нават спрабаваў яго адкусіць, а пасля і зрэзаць.

Апошнім загінулым, чыё цела не ўдавалася знайсці, быў салдат 3-га кавалерыйскага палку Швядко, ураджэнец Азёраў каля Гродна. За знаходжанне яго цела полк паабяцаў узнагароду ў 50 злотых. Тады гэта быў месячны заробак некваліфікаванага рабочага або працаўніка небагатай сельскай гаспадаркі ці каля траціны зарплаты рабочага ў сярэдняй ці буйной прамысловасці. То бок, немалыя грошы. Пачуўшы пра гэта, на Нёман адправіліся шматлікія добраахвотнікі. У выніку цела Швядко знайшлі і перадалі маці для пахавання ў Азёрах.

Тапіліся не толькі летам

Аднак трагедыі на вадзе здараліся цягам усяго году, таму што на Нёмане было багата рыбакоў, а праз раку ладзіліся пераправы.

Так, 24 снежня 1932 годзе ў яўрэйскай лазні на Нёмане падчас купання нечакана памёр вярстальнік Вінцэнт Трылеўскі. 7 студзеня 1935 года ў Нёмане патануў работнік, які вырабляў лёд на рацэ побач з чыгуначным мостам. Ён упаў у палонку і яго цела не ўдалося знайсці. А 7 лістапада 1938 года у 12.30 Сяргей Манюшка, які жыў на Прадмейскай, 17 (сёння вуліца Прыгарадная) перавозіў лодкай каля Румлёўкі каменне з левага берагу Нёмана на правы. Лодка праз цяжар пачала набіраць ваду. Манюшка скочыў у ваду і паспрабаваў даплысці да берагу, але не здолеў.