Людзі і справы

«Толькі адзін выбар — бегчы». Таксіст з Гродна распавёў, чаму не прыйшоў у суд і як апынуўся ў Літве

3 сакавіка Аляксей Лапа павінен быў выступіць у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна з апошнім словам і чакаць рашэння суддзі. Збітаму ў жніўні АМАПам таксісту пракурор запатрабаваў пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Але ў суд Аляксей, які вінаватым сябе не лічыць, не прыйшоў. Ён перабег беларуска-літоўскую мяжу (калі менавіта, ён не паведамляе) і папрасіў палітычнага прытулку ў Літве. Гродзенец падзяліўся сваёй гісторыяй з Hrodna.life.

Аляксей Лапа — 31-гадовы часова беспрацоўны, да затрымання 11 жніўня 2020 года працаваў таксістам. У той дзень яго з сябрамі затрымалі і збілі. Пазней Лапу і аднаго з прыяцеляў абвінавацілі ў гвалце над амапаўцамі. Разбіральніцтва ішло ў судзе Кастрычніцкага раёна чатыры месяцы. Аляксей называе сябе пацярпелым, але ніяк не вінаватым.

«Не хацелася з’язджаць да апошняга»

Аб сваім рашэнні пакінуць краіну Аляксей нікому не паведамляў. Са сваякамі звязаўся толькі калі перасёк літоўскую мяжу. У размове з карэспандэнтам Hrodna.life гродзенец прызнаўся, што ўцёкі — самае адчайнае рашэнне ў яго жыцці.

«У мяне быў толькі адзін выбар — бегчы. Я з’яўляюся пацярпелым, а мне хочуць даць тры гады калоніі. Пасля таго, што адбываецца ў краіне, у мяне проста не было веры беларускаму правасуддзю. Шчыра, не хацелася з’язджаць да апошняга, але трэба было прымаць рашэнне: садзіцца ў турму або з’язджаць з краіны».

Лапа пераходзіў літоўскую мяжу ноччу. Ён разумеў, што яго могуць затрымаць яшчэ на беларускім баку і ўзяць пад варту.

«Было страшна. Не было ўпэўненасці, што змагу перабегчы ў Літву. Рызыка ў такіх сітуацыях заўсёды ёсць. Таму трэба было бегчы толькі наперад. У выніку атрымалася пералезці плот і выйсці на літоўскую тэрыторыю. Праз некалькі хвілін да мяне пад’ехала машына памежнікаў, спыталі — чаму я тут знаходжуся. Праверылі заплечнік з рэчамі і павезлі на заставу».

Затрыманне кіроўцы і пасажыраў аўто 11 жніўня

Пакуль на каранціне, потым у лагеры для бежанцаў

Пры сустрэчы з літоўскімі памежнікамі Аляксей папрасіў палітычнага прытулку. На заставе ў яго забралі рэчы і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Мне адразу сказалі, каб я нічога не баяўся. Ніхто выдаваць мяне беларускаму боку не збіраецца. Папрасілі напісаць сваю гісторыю і чаму прашу прытулку ў Літве. Пасля гэтага прыехаў прадстаўнік міграцыйнай службы і мяне выпусцілі».

Пакуль Аляксей знаходзіцца на каранціне на заставе літоўскіх памежнікаў і чакае вынікі тэсту на COVID-19. Пасля каранціну гродзенца павінны перавезці ў лагер для бежанцаў.

«Пасля збіцця ў жніўні ў мяне пагоршылася здароўе. Гэта быў неабгрунтаваны гвалт у дачыненні да мяне і іншых мірных грамадзян Беларусі. Такога быць не павінна. Я гатовы вярнуцца ў Беларусь, калі законы пачнуць працаваць на карысць грамадзян».

У жніўні 2020 года Аляксей звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай: прасіў правесці праверку па факце збіцця яго супрацоўнікамі АМАПа. У студзені 2021 года прыйшоў адказ: адмовіць у завядзенні крымінальнай справы «за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства».

Апошняе слова

3 сакавіка Аляксей Лапа павінен быў выступіць у судзе Кастрычніцкага раёну Горадні з апошнім словам. Да суда ён рыхтаваўся і напісаў 35 старонак тэксту для апошняга слова. Hrodna.life апублікаваў яго цалкам.

«Тое, што адбылося са мной 11−12 жніўня 2020 года, гэта цяжкая траўма, як фізічная, так і маральная. З ёй складана справіцца, адбітак застанецца на ўсё жыццё. Фізічны боль, які я адчуў, я не пажадаю нікому, нават тым, чыімі непасрэднымі дзеяннямі ён быў мне прычынены. Параўнаць мае адчуванні можна з перажываннямі, якія вынеслі героі кніг, фільмамі пра Другую сусветную вайну, у якіх апісваюцца здзекі фашыстаў над ваеннапалоннымі».

У Гродне Аляксей афармляў дакументы на інваліднасць з-за траўмаў, якія атрымаў у момант затрымання. У яго было мноства пераломаў і ўдараў. У 2020 годзе Лапе правялі дзве аперацыі. У Літве ён плануе таксама прасіць аб медыцынскай дапамозе. З гродзенцам ужо звязаліся прадстаўнікі фондаў, якія аказваюць дапамогу бежанцам з Беларусі.

Пасадзіць або апраўдаць: што раней казалі ў судзе пракурор і адвакат?

22 лютага пракурор запатрабаваў Аляксею пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, і папрасіў узяць яго пад варту пасля абвяшчэння прысуду. Таксама пракурор запатрабаваў канфіскацыю аўтамабіля Лапы і кампенсацыю судовых выдаткаў.

Адвакат настойваў, што Аляксея Лапу трэба апраўдаць па некалькіх прычынах. Па-першае, з-за парушэння нормаў Крымінальна-працэсуальнага закона пры завядзенні справы. Па-другое, з-за парушэння закона пры вытворчасці папярэдняга следства і недаказанасці ўдзелу Аляксея ў здзяйсненні злачынства. Па-трэцяе, з-за адсутнасці прамога намеру ў Лапы, чым характарызуецца арт. 364, і адсутнасць грамадска-неюбяспечнага дзеяння.

Як развівалася справа?

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025