Спадчына

Таямнічы план Гродна: што мы ведаем пра трэцюю па старажытнасці выяву горада, ад якой засталася толькі фотакопія

Ніводзін беларускі горад не мае такой выдатнай графічнай дакументацыі як Гродна. У 1567 г. была створана знакамітая гравюра «Праўдзівае адлюстраванне горада Гродна ў Літве» — гравюра Цюндта-Адэльгаўзера. Праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 1600 г. паўстала вядомае «Гродна» Тамаша Макоўскага. А што пазней? Аказваецца, існаваў яшчэ адзін старадаўні план горада, які быў страчаны ў час Другой сусветнай вайны. Пра яго піша канал пра гісторыю Hrodna 11:27.

Гравюры на кефіры і вокнах крамы

Гравюры Цюндта-Адэльгаўзера і Макоўскага шмат разоў перадрукоўваліся ў 17−19 стст. Яны паказваюць нам пераўтварэнне сярэднявечнага Гродна ў рэнесансны горад, сапраўдную трэцюю сталіцу Рэчы Паспалітай.

Сёння яны сталі часткай гарадской штодзённасці. Напрыклад, гравюру Цюнта-Адэльгаўзера можна ўбачыць на сцяне гімназіі № 10 або на вокнах крамы «Баторыя». Купляючы малако, кефір ці масла гандлёвай маркі «ГороденЪ», кожны можна дэтальна разгледзець Стары Замак і Фару Вітаўта на гравюры Тамаша Макоўскага.

«Дзірка» даўжынёю ў два стагоддзі?

Што было далей? А далей былі цяжкія войны сярэдзіны 17 ст., якія назаўсёды змянілі Гродна. Далей арыгінальныя графічныя выявы Гродна пачынаюць з’яўляцца толькі на рубяжы 18−19 стст.

Чытайце таксама: Знайшлася невядомая гравюра Гродна. Цяпер ёй валодае гродзенскі мастак

Выходзіць, мы маем «дзірку» ў выявах горада даўжынёю аж у два стагоддзі? Аказваецца не. Трэцяй па старажытнасці выявай з’яўляецца таямнічы план горада, які да Другой Сусветнай вайны захоўваўся ў Варшаве, а сёння засталася толькі яго чорна-белая фотакопія.

Таямнічы план Гродна, які захоўваўся ў Варшаве. На ім бачна горад у першых дзесяцігоддзях XVIII ст.

Хто і калі намаляваў таямнічы план Гродна?

Гэта даволі дакладны план Гродна і бліжэйшых ваколіц, зроблены на нямецкай мове. На ім паказаныя рака Нёман, дарогі «ў Літву» і «ў Польшчу», а таксама падрабязна паказаны Гродна з усімі ўзгоркамі, равамі, выспамі на Нёмане і, што асабліва цікава, гарадской архітэктурай. Будынкі паказаны стылізавана (уніяцкія святыні з купаламі, а рыма-каталіцкія са шпілямі), але на ёй добра бачныя Каложская і Прачысценская цэрквы, касцёлы дамініканаў, францысканцаў, езуітаў, бернардынцаў, а таксама свецкія будынкі - Стары замак, палац Сапегаў (цяпер былы піўзавод), палац Радзівілаў за Нёманам. Нават мост на Стары замак з аркамі паказаны. Дамінуе над горадам часткова разбураная пасля чарговага пажару Фара Вітаўта.

Усё, што мы можам сёння, гэта прыкладна датаваць гэты план-малюнак першымі дзесяцігоддзямі 18 ст. Хутчэй за ўсё яго аўтарам быў нейкі вайсковец, бо ў гады Паўночнай вайны менавіта вайскоўцы складалі такія планы. Магчыма, яго аўтарам быў немец, магчыма, саксонец з Дрэздэна, які знаходзіўся на службе караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага. Але гэта толькі версіі.

Аўтар — французскі інжынер, які служыў Пятру І?

План гэты крыху нагадвае карты Жазэфа Гаспара Ламбера дэ Герэна (франц. Joseph-Gaspard Lambert de Guerin) — французскага інжынера, які ў званні генерал-маёра служыў у расійскай арміі ў 1701−1706 гг. Ён у час пераходаў арміі ад Варшавы да Гродна склаў некалькі карт заходніх ваколіц горада на Нёмане. Яго планы захаваліся ў Пецярбургу і на іх таксама паказаны Гродна, праўда зусім ужо ўмоўна.

Шкада, што мы бадай што ўжо ніколі не пабачым аргінал гэтага цікавага плана і не даведаемся гісторыю яго паходжання, але таму ён становіцца яшчэ больш цікавым і таямнічым.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025