80 гадоў таму, 20 верасня 1939 года, пачалася абарона Гродна ад савецкай агрэсіі. Гродзенцы адбівалі атаку савецкіх войскаў тры дні. Абаронцам удалося знішчыць больш за дзясятак адзінак тэхнікі праціўніка, у тым ліку дзякуючы выкарыстанню гарызантальна устаноўленых зенітных гармат Bofors і кактэйляў Молатава. Сімвалам той абароны стаў 13-гадовы гродзенец Тадзік Ясінскі, якога, як кажуць, саветы прывязалі да танка як жывы шчыт.

Многія гродзенцы, якія нарадзіліся ў міжваенны час, у сваіх гісторыях пра верасень 1939 года ўспамінаюць адважнага Тадзіка Ясінскага. Вось дзве гісторыі ад старажылаў, якія патрапілі ў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя».

Пелагея Аляшкевіч (1932 г. н.)

«Абараняла Гродна ад непрыяцеля моладзь, рэшткі салдат і паліцыі. Памятаю, дырэктар аднаго з заводаў напоўніў бутэлькі запальнай сумессю і выдаваў людзям, каб яны гэтым сустракалі танкі. Многія маладыя хлопцы самааддана змагаліся і біліся, сярод іх быў і Тадзiк Ясінскі, якога пасля ранення прывязалі да танка як шчыт.


«Бацька адным з першых загінуў 1 верасня». Сталая гродзенка ўспамінае пачатак Другой сусветнай у Гродне


Ведаю, што пасля сёстрам міласэрнасці ўдалося яго забраць у рускіх салдат і перадаць маці. Дык тая маладая жанчына вельмі доўга плакала і праклінала не таго, хто яго забіў, а тых, хто яго паслаў на танкі. Моладзь у Гродне змагалася за свае дамы і сем'і. Памятаю, што вялікая група гродзенцаў забарыкадавалася ў Доме афіцэраў на Ажэшкі, але саветам атрымалася выбіць абаронцаў. Пасля ўсiх расстралялі на Сабачай горцы".

Тадзік Ясінскі - сімвал ці рэальны герой? 80 гадоў таму пачалася абарона Гродна
Кенатаф- сімвалічная магіла Тадзіка Ясінскага на каталіцкіх могілках у Гродне

Зыгмунт Левандовіч (1929 г. н.)

«Гэта ўсё было насамрэч, Тадзiка з танка адвязала жанчына-медык. Але ён не выжыў i памёр у шпiталi. Я памятаю яшчэ адзін выпадак, які многіх ўразіў. Мясцовыя санітары выратавалі савецкага танкіста, якога падбілі харцэры на вуглу Дамiнiканскай [сёння Савецкай — рэд.] і Ажэшкі. Яны яго забралі ў шпіталь і дапамаглі выжыць. Шмат хто казаў: навошта ратаваць рускага салдата, яго трэба забіваць. А жанчыны казалі, што гэта перадусім ранены чалавек, якому трэба дапамагчы».

Тадзік Ясінскі - гістарыяграфічная праблема і момант веры

Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч лічыць, што сёння постаць Тадзіка Ясінскага гэта з аднаго боку гістарыяграфічная праблема, а з іншага — момант веры. У верасні 1939 года ўзровень узаемнай нянавісці дасягнуў такога ўзроўню, што людзі былі гатовыя на розныя крокі.

«Тут усё вельмі проста — варта задумацца пра каго мы кажам. Калі мы разважаем наконт бесчалавечных крокаў адносна дзіцяці, то зразумела — гэта хутчэй за ўсё немагчыма. Але варта згадаць, што чалавек са зброяй гэта ўжо не дзіця — ён мог забіваць. Ён прыйшоў абараняць і забіваць у імя Радзімы, і ў гэтым сэнсе Тадзік Ясінскі безумоўна быў.

З пункту гледжання гістарыяграфіі, у архіве ёсць дакументы, якія пацвярджаюць ягонае існаванне. Гэта дакумент 1936 года, пра тое, што мясцовы паліцэйскі ў межах праграммы дапамогі бедным дзецям узяў сабе на ўтрыманне Тадзіка Ясінскага — сына жанчыны, у якой не было мужа. Узрост таксама супадае. І гэты Тадзік Ясінскі жыў у Гродне на вуліцы Боніфратарскай [сёння Свярдлова — рэд.]. Гэта азначае, што як мінімум хлопец з такім прозвішчам і біяграфіяй існаваў".

З савецкага боку была таксама нявінная ахвяра

Пра прывязванне Тадзіка да танка і яго смерць як пра факт пісала пасля вайны Гражына Ліпіньска. У польскай гістарыяграфіі гэтае апісанне лічыцца неабвержным фактам, кажа Чарнякевіч. Але архіўных пацверджанняў дагэтуль не знайшлося. Уся гісторыя Тадзіка будуецца на ўспамінах або на нейкай агульнай традыцыі.

«Тадзік Ясінскі гэта яшчэ ідэалагічны вобраз і ён такі неадзіны. Я заўсёды згадваю, што ў савецкай традыцыі ў абароне Гродна была таксама нявінная дзіцячая ахвяра — дачка мясцовага камуністычнага дзеяча Марыя Бертэль. Яна таксама мела 13 год. Гэта сакральны ўзрост, які невыпадковы: з аднаго боку гэта быццам ужо чынны ўзрост, а з іншага гэта яшчэ дзіця», — кажа Андрэй Чарнякевіч.

Гісторык дадае, што вобраз прывязаннага да танка хлопчыка як прапагандычны ідэалагічны штамп існуе і сёння. Варта ўзгадаць сітуацыю з Данбасам некалькі год таму і інтэрв'ю журналістам пра таго хлопчыка.

Загінуў баронячы Гродна

«Для мяне Тадзік Ясінскі - гістарчыная асоба, я амаль упэўнены ў тым, што ён трагічна загінуў. Абставіны ягонай смерці могуць адрознівацца ад тых версій, якія перадаюць польскія гісторыкі. Але, хутчэй за ўсё, ён загінуў баронячы Гродна. І гэта для мяне неабвержаны факт».

Гісторык адзначае, што дакладнае месца пахавання Тадзіка Ясінскага ў Гродне невядома. Сімвалічную магілу зрабілі на каталіцкіх могілках. Гісторык кажа, што ягоная магіла гэта сімвал усіх тых ахвяраў, якія панесла Гродна не толькі сярод каталіцкага насельніцтва ў верасні 1939 года.

Тадзік Ясінскі - сімвал ці рэальны герой? 80 гадоў таму пачалася абарона Гродна
Малюнак Віктара Літвінюка «Тадзік Ясінскі»

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life