У спёку Марта сядзіць дома і п’е шмат вады. На двор яе не выцягнуць. Яна выходзіць толькі рана раніцай – пабегаць у цені. Пасля шпацыру Марта кладзецца на плітку ў калідоры і не хоча ўставаць. Марта – сабака пароды вест-хайленд-уайт-тэр’ер. Наталля, гаспадыня Марты, прыдумала свае спосабы дапамогі ўлюбёнцы: «Паліваем ёй жывот прахалоднай вадой, каб не было так горача. Калі не хоча піць ваду, дадаем у міску трохі кефіру, які яна любіць”.
Якія яшчэ лайфхакі выкарыстоўваюць гродзенцы, каб дапамагчы хатнім гадаванцам, і што ў выпадку спёкі раіць рабіць ветэрынар, даведалася карэспандэнтка Hrodna.life.
«Вы ж не будзеце трымаць парасон над сабакам»
Сабака Браен ходзіць на шпацыр з гаспадыняй Анастасіяй. “Браен – мужчына трывалы. Нават у спёку сыходзіць з вуліцы не хоча”, – кажа Анастасія. На шпацырах у гарачыню ён п’е ваду кожныя 3-5 хвілін. Для гэтага ў Анастасіі на руцэ заўсёды ёсць бутэлька з вадой.

Ветэрынар Ілля Гуліда кажа, што шпацыры ў летні час лепш перанесці на раннюю раніцу ці позні вечар, калі на вуліцы не так горача. “Вы ж не будзеце трымаць парасон над сабакам”. Браць ваду для сабакі з сабой – добрае рашэнне.

«У сабак цеплаабмен звязаны з дыханнем. Астуджэнне адбываецца праз язык. Потавых залоз на целе ў сабакі мала».

Ілля Гуліда – ветэрынарны ўрач. Скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт (ГГАУ). Практыкуе з 2012 года. Працаваў у ветэрынарных клініках Мінска і Гродна. Апошнія два гады вядзе прыватную практыку.
Тэмпература ў сабак можа падымацца да 45 градусаў і вышэй. Калі жывёла перагрэлася, астуджаць яе трэба паступова. Для гэтага – акуратна паліваць прахалоднай вадой. Збіваць тэмпературу максімум да 39,5-39 градусаў. Ад вялікіх перападаў жывёле можа стаць горш.

У такіх выпадках абавязкова трэба паказаць сабаку ветэрынара. «Працяглыя перагрэвы адбіваюцца на сардэчна-сасудзістай і нярвовай сістэмах, на функцыі нырак. Наступствы цеплавога ўдару могуць праявіцца нават на чацвёртыя ці пятыя суткі пасля перагрэву”, – кажа Ілля Гуліда.
Чытайце таксама: Защитный крем, легкая одежда и много воды. Как гродненцы спасаются от жары, когда температура бьёт рекорды
Пароды з пляскатымі мордамі, такія як мопсы, французскія бульдогі, чыхуахуа, а таксама цяжарныя і ўзроставыя сабакі знаходзяцца ў групе рызыкі сердэчнасудзінных захворванняў. Іх у спёку трэба даглядаць асабліва ўважліва.
Кошкі хітрыя. Заўсёды знойдуць прахалоду
Кот Граф дрэнна пераносіць спёку – пастаянна шукае па кватэры цень. У прахалоднае надвор’е ён любіць выцягнуцца на канапе і лавіць сонечныя промні.
«Падчас спёкі яго любімае месца – ламінат у калідоры або кілімок ў ваннай. Там халаднавата. І ён п’е шмат вады», – кажа Крысціна, гаспадыня Графа.

“З коткамі прасцей [чым з сабакамі], іх не выводзяць на вуліцу і цеплавыя ўдары бываюць нашмат радзей. Коткі вельмі хітрыя. Яны знойдуць дома прахалоднае месца. Я ў сваёй практыцы з цеплавымі ўдарамі ў котак не сутыкаўся ніколі”, – кажа Ілля.
Большая небяспека ў спёку – адкрытыя вокны. Коткі выскокваюць не праз спёку, а проста праз цікаўнасць, напрыклад, за птушкамі. Проста ў спёку вокны адчыненыя часцей і падстаў для «гульняў» на падваконні ў котак больш.
Ілля рэкамендуе, каб жывёла доўга не знаходзілася на прамым сонечным святле: “Не зачыняйце жывёлу ў аўтамабілі. Нават за 15 хвілін паветра ў машыне можа моцна нагрэцца”.
Мокры ручнік заменіць кандыцыянер
«Уколаў і таблетак ад перагрэву для жывёл няма, – кажа Ілля Гуліда. – Таму трэба выконваць меры засцярогі, каб абараніць жывёлу ад перагрэву. Пажадана знізіць тэмпературу ў памяшканні, дзе знаходзіцца жывёла. У гэтым дапаможа кандыцыянер або вентылятар. Калі такой магчымасці няма, можна пакласці змочаны вадой кашлаты ручнік на падлогу.
Таксама ў сабакі ці ката павінен быць неабмежаваны доступ да свежай прахалоднай вады.
Не варта перакормліваць жывелу. Ежа ў гарачы час павінна быць лёгкай».
“Ні ў якім выпадку не даваць самастойна жывёле гарачкапаніжальныя прэпараты, якія збіваюць тэмпературу ў людзей”, – папярэджвае ветурач Ілля Гуліда.
Чытайце таксама:



