2018-ы быў годам «танкавага прарыву» на экраны кінатэатраў. Вясной выйшла стужка «Танкі», дзе інжынер Кошкін спяшаўся на Т-34 на агляд да Сталіна, а ўвосень — «Нязломны» пра гераічны подзвіг экіпажа Канавалава. Да гэтых дзвюх гістарычных карцін можна дадаць «кінадзела» беларускай вытворчасці «Не гульня» пра сучаснага хлопца, які вельмі хацеў прайсці тэрміновую службу ў танкавых войсках.
Хутчэй за ўсё, выхад у адзін год стужак пра танкі з’яўляецца выпадковасцю. Ды і самі ваенныя машыны сталі адзіным плюсам у гэтых фільмах. Нічога добрага ў іх не было і ў сілу слабой мастацкай каштоўнасці яны хутка забудуцца.
Але танкі не хутка здаюцца, таму год 2019-ы народ сустрэў новым расійскім фільмам «Т-34».
www.youtube.com/watch?v=w0slWHSyDG0
Новы год з Пятровым
Новае танкавае відовішча з’яўляецца своеасаблівым рэмейкам савецкай драмы «Жаваранак», пастаўленай ў 1964 годзе. «Т-34» зняў стваральнік знакамітай «Брыгады» Аляксей Сідараў, пра якога нічога не было чуваць пасля завяршэння трылогіі «Бой з ценем».
Разам з самім «сталёвым» героем Вялікай вайны, танкам Т-34, яшчэ адным прыцягваючым фактарам стаў удзел папулярнага ў апошнія гады акцёра Аляксандра Пятрова. Пасля змрочнай трылогіі пра Гогаля і серыяла «Паліцэйскі з Рублёўкі» ён стаў галоўным канкурэнтам Данілы Казлоўскага за права звацца «галоўнай надзеяй расійскага кіно».
У перыяд навагодніх святаў твар Пятрова акупаваў усе кінатэатры. Не дарма ж галівудская прадукцыя збегла на іншыя даты, пакінуўшы гледача ў адзіночку сустракаць Новы год з Пятровым?
Глупыя немцы і беларус з трасянкай
Фільм пачынаецца з эфектнай бітвы, дзе персанаж Пятрова — камандзір танка Івушкін — гераічна перамагае вялікую групу нямецкіх танкаў. Падкупляе камандзірскі разлік, які з матэматычнай скрупулёзнасцю знішчае нямецкага танкавага «генія». Але рускія перамогуць духоўна цаной уласнага палону, каб фільм змог у далейшым ператварыцца ў псеўдагераічны і псеўдагістарычны фарс.
Івушкін трапляе ў палон. Ён не здаўся, каб аднойчы скрасці танк у Германіі і паспрабаваць збегчы дадому. Бо да гэтага ён рабіў гэта ўжо сем разоў, хоць і няўдала.
У гэтых дзеяннях лёгка чытаецца бясстрашнасць і адвага савецкага салдата, але ў фільме гэта ўсё падаецца ў форме галівудскага экшна, у рэжыме запаволенага развіцця і дасканалай камп’ютарнай графікі.
Уцёкі бравых салдат нагадваюць камп’ютарную гульню, дзе школьнік вядзе машыну ў глыбокім тыле, а ворагі вакол — бязглуздыя «фрыцы». Немцы распісаны сцэнарыстамі паводле рэцэптаў сатырыка Задорнава, які пастаянна ставіў таўро «тупых» на амерыканцаў.
Тут немцы, як дурныя дзеці, дапускаюць стратэгічныя памылкі, каб глядач рагатаў падчас прагляду. Дзеянні немцаў паспяхова канкуруюць у плане гумару з разудалым беларусам, які ўвасабляе нешта накшталт Бруса Уіліса з «Моцнага арэшка». Той на кожным кроку кідаў з’едлівыя жарты ў бок суперніка, так і беларус гне моцнай трасянкай на галовы даганяючых фашыстаў.
Казка пра гонкі
«Т-34» — гэта казка, дзе няма слова праўдзе, а вайна толькі фон. Гісторыя ведае прыклады несмяротных подзвігаў, у чыю рэальнасць з цяжкасцю верыцца, але яны здзяйсняліся ў імя Перамогі дабра на Зямлі. У фільме паняцце адважнай дзеі перакручваецца і ператвараецца ў гонкі на выжыванне. Вельмі шкада, што аўтары не зрабілі ласку знайсці ў архівах годныя прыклады, пра якія варта было б зняць добрае кіно, а не чарговую спробу пераймаць Захад.