Год таму настаяцель Свята-Пакроўскага сабора Георгій Рой выявіў у парафіяльнай бібліятэцы Евангеліе, якое было распісана ўручную гісторыямі з жыцця гродзенскай сям'і Раеўскіх. Запісы ў кнізе працягваліся напрацягу 60 гадоў. Сёння святар хацеў бы знайсці нашчадкаў Раеўскіх і перадаць ім каштоўную сямейную кнігу.

На працягу ўсяго свайго жыцця Зоя Раеўская вяла запісы ў сямейным Евангеліі. Яе запісы ў кнізе можна ўбачыць паміж радкоў, на палях старонак і нават на вокладцы.

Першы запіс з 1919 года

Згодна з запісам у кнізе, Зоя і яе муж Георгій Раеўскія былі настаўнікамі, у іх было пяцёра дзяцей.

«Гэтая кніга — сямейнае Евангеліе Георгія і Зоі Раеўскіх, — распавядае Георгій Рой. — Яна была падораная Георгію ў 1913 годзе, калі ён скончыў нейкую навучальную ўстанову ў Краснадары. Праз некалькі гадоў гэты мужчына ажаніўся на Зоі, і з часам жонка пачала апісваць ў кнізе сямейнае жыццё. Першы запіс з’явіўся ў 1919 годзе, апошні - на пачатку 1980-х.»

На Гродзеншчыне з канца 1930-х г.

Усе запісы ў кнізе вяла Зоя Раеўская. Вядома, што спачатку яна з мужам жыла ў Краснадары, пасля некаторы час спрабавалі ўладкавацца ў Крыме, пазней лёс закінуў іх Гродзеншчыну.

«Калі прачытаць усе запісы ў кнізе, то можна зрабіць храналогію месцаў і падзей звязаных з Раеўскімі. Мне ўдалося даведацца, што Зоя і Георгій былі настаўнікамі і на Гродзенскай зямлі апынуліся ў канцы 1930-х гадоў. Першы час жылі паблізу Сапоцкіна, а бліжэй да вайны перабраліся ў Гродна».

«Нашчадкі ёсць, у гэтым я не сумняюся»

З запісаў можна шмат даведацца пра гісторыю сям'і і падзеі Гродна. Пра пачатак вайны Зоя пісала так:

«22 июня ночью услышали гул орудий, война. Гродно горит. Красная Армия отступает, фронт приближается к нам. Боже, где мои дети и что с ними.

24 и 26 июня 1941 года: Спаслись от пули и бомб под железнодорожным мостом. Детей моих нет."

«Бачна, што Евангеліе было для сям'і Раеўскіх «кнігай жыцця». У прамым і пераносным сэнсе. Па хрысціянскай традыцыі Евангеліе — слова Божае, называюць менавіта «кнігай жыцця». І мяне ўразіла, што Зоя Раеўская запісвала сваё жыццё на старонках Евангелія. Яна шмат разважала на рэлігійныя тэмы і іншыя, дзесьцi дзякавала Бога.

Таксама кніга гэта яшчэ і сведчанне пра гісторыю Гродна. Запісы вельмі цікавыя. І мне, як чалавеку, які сам займаецца даследаваннем свайго радавода, было б надзвычай цікава знайсці нашчадкаў Георгія і Зоі Раеўскіх. Калі б я знайшоў такую ​​кнігу па гісторыі сваёй сям'і, то для мяне гэта быў бы найкаштоўнейшы скарб майго жыцця. Таму я і вырашыў паспрабаваць знайсці нашчадкаў Раеўскіх. А яны ёсць, у гэтым я не сумняюся".

"Гэта сапраўдны скарб". Гродзенскі святар шукае сям'ю Раеўскіх, каб перадаць "кнігу жыцця"
Пачатак быў пакладзены

Летась Георгій Рой спрабаваў самастойна знайсці нашчадкаў Раеўскіх. Тады ён зрабіў публікацыю на сваёй старонцы ў Facebook, што шукае нашчадкаў Раеўскіх, каб перадаць ім каштоўную сямейную кнігу.

«Я прасіў у сяброў падзяліцца гэтай інфармацыяй і людзі адгукнуліся вельмі актыўна. Напэўна, з усіх маіх запісаў у Facebook гэты атрымаў больш за ўсё рэпостаў. Нажаль, нікога не ўдалося знайсці, але пачатак пошуку быў пакладзены. Я думаю зрабіць асобны артыкул і апублікаваць яго ў царкоўных выданнях, або на якіх-небудзь гарадскіх сайтах, каб гродзенцы змаглі пазнаёміцца ​​з інфармацыяй больш падрабязна».

«Кніга жыцця" — добры прыклад

Якім чынам Евангеліе Раеўскіх апынулася ў саборы і чаму нашчадкі пасля смерці Зоі не паклапаціліся захававаць сямейную «кнігу жыцця»? Менавіта гэтае пытанне часта сабе задае святар.

«Такая кніга павінна захоўвацца заўсёды дома. Сёння цяжка даведацца, як Евангелле апынулася ў нас у саборы. У мяне адказу на гэтае пытанне няма. Але факт застаецца фактам і гэтая кніга была знойдзена сярод іншых. Калі я яе адкрыў, я вельмі быў здзіўлены такім летапісам. Гэта можна назваць прыкладам, як мы павінны ставіцца да падзей свайго жыцця. Зоя спрабавала захаваць памяць свайго сямейнага жыцця ў дарагой для яе кнізе, каб у будучыні перадаць яе нашчадкам. Гэта годная і правільная справа.

З пункту гледжання праваслаўнай традыцыі, тое што Зоя пісала на старонках Евангелія гісторыю сваёй сям'і, можна ацэньваць па-рознаму. Можа, хтосьці і будзе яе і крытыкаваць за тое, што яна на старонках святой кнігі пісала, што ў яе нарадзіўся сын, муж уладкаваўся на працу і многае іншае. Але ўсё ж такі, гэта «кніга жыцця» і яна яе напаўняла евангельскім сэнсам, сэнсам слова Божага. А яно прысутнічае ва ўсіх і нават дробных падзеях яе сямейнага жыцця. Мяне як святара, гэта ўражвае. Зоя была па-сапраўднаму набожная жанчына з моцнай верай, якая пераходзіла ў кожны дзень яе жыцця. Таму я лічу, што такая «кніга жыцця» дае добры прыклад для нас".

Георгій Рой упэўнены, што сваімі запісамі Зоя Раеўская размаўляла з Богам і дзялілася з ім сваімі радасцямі і перажываннямі ў жыцці.

«Я вельмі хачу верыць, што знойдуцца сваякі Зоі і Георгія Раеўскіх і забяруць да сябе гэтую каштоўную кнігу. Яна павінна захоўвацца ў іх, гэта сапраўдны скарб — гісторыя сям'і».

Адзін з апошніх запісаў Зоі: 14 августа 1982 года. Здоровья у меня нет, может скоро умру.


У кнізе атрымалася знайсці запіс у якім Зоя распавяла, што на пачатку 1980-х яна жыла ў Гродне па адрасу Даватара 8б -52. На сённяшні дзень у гэтай кватэры знайсці нікога не ўдалося, суседзі сям’ю Раеўскіх ўспомніць не могуць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life