Сядзібу Свяцк Гурскіх у вёсцы Радзівілкі ля Аўгустоўскага канала ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі 26 жніўня. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сын апошняга ўладальніка маёнтка Юзафа Гурскага — 90-гадовы Ежы, а таксама яго нашчадкі.
Цяперашні ўладальнік Свяцка Гурскіх — гродзенскі прадпрымальнік Віктар Барташэвіч — паабяцаў пераўтварыць маёнтак у турыстычны цэнтр рэгіёна. Набыўшы сядзібу ў 2011 годзе, ён прадаў у Гродне адну краму, другую здаў у арэнду і ўсе грошы ўкладаў у адраджэнне маёнтка. Гэта заняло ў яго шэсць гадоў.
Раней Свяцкаў была процьма
Гурскія сталі ўладальнікамі Свяцка толькі ў 19 ст. Да таго і ў Свяцка і ў Радзівілак ужо была доўгая гісторыя. У пачатку 16 ст. усе землі ў ваколіцах будучага Сапоцкіна і Аўгустоўскага канала былі ўласнасцю вялікага князя літоўскага. Акурат тады, у выніку вайны 1501−1503 г. з Маскоўскай дзяржавай наша краіна, Вялікае княства Літоўскае, страціла вялікія тэрыторыі на ўсходзе. Паміж імі быў і невялікі гарадок-крэпасць Пуціўль, які цяпер знаходзіцца ў Сумскай вобласці Украіны. Менавіта на сцяне гэтага горада плакала знакамітая Яраслаўна са «Слова аб палку Ігаравым».
Мясцовыя баяры, якія мелі прозвішча Пуціўляніны або Пуціўлянцы, не захацелі падпарадкоўвацца маскоўскаму князю і засталіся верныя вялікаму князю літоўскаму. За вернасць вялікі князь Аляксандар даў ім маёнтак Свяцк, які і знаходзіўся прыкладна ў раёне сучаснага Свяцка Гурскіх.
Назва Свяцк паходзіць ад ракі Свяціцы, якая працякае і праз Свяцк Валовічаў і праз Свяцк Гурскіх, раней жа такіх Свяцкаў тут была процьма. Гісторык Аляксей Шаланда пералічвае таксама Свяцк Велямоўскіх, Свяцк Гзоўскі, Свяцк Афанасаўскі, Свяцк Асташскі і іншыя.
Ад Пуціўлянінаў да Гурскіх
Шматлікія Пуціўляніны Свяцкія (да старога прозвішча дадалося новае па назве валодання ў Гродзенскім павеце) валодалі Свяцкам амаль два стагоддзі. Цікава, што ў 16 ст. іх валоданні досыць імкліва павялічваліся коштам… мясцовых татар, якія атрымалі тут землі ад вялікіх князёў за верную службу. Апаз Айсатовіч, Ібрагім Яцкавіч, Абрагім Сялемша, Хазбей Яцкавіч — так звалі татарскіх «князёў», якія валодалі сенажацямі і мелі сядзібы на берагах Асташанкі і Чорнай Ганчы.
Да пачатку 19 ст. некалі багаты род Гасеўскіх вымер. У Свяцку жыла Караліна з Солінгераў, удава па апошнім з Гасеўскіх. Яна мела вялікія даўгі і легенда кажа, што надоўга выязджала з маёнтку ў навакольныя палі і лясы, каб яе не маглі застаць дома адвакаты яе крэдыторыў. Але настойлівы шляхціц з ваколіц Візны (знаходзіцца недалёка ад Ломжы) Юзаф Гурскі, які быў у Сапоцкіне міравым суддзёй, заплаціў даўгі Караліны і ажаніўся з ёй. Тое было ў 1826 г., а з 1828 г. Свяцк фігуруе ў дакументах ужо як Свяцк Гурскіх.
Радзівілкі без Радзівілаў
У гэты ж прыкладна час вёска Радзівілкі, на тэрыторыі якой знаходзіцца маёнтак Свяцк Гурскіх, перастала быць уласнасцю манаскага ордэна камедулаў з мясцовасці Вігры. Паводле высновы згаданага тут Аляксея Шаланды, вёска Радзівілкі не мае ніякага дачынення да магнацкага роду Радзівілаў. Яе заснавалі… сяляне з прозвішчам Радзівілка!
Гурскія — дасведчаныя бізнесоўцы
Менавіта з Гурскімі звязана працвітанне Свяцка і бліжэйшых ваколіц. Воляй лёсу Юзаф Гурскі аказаўся найбуйнейшым землеўласнікам Аўгустоўскай (пасля Сувалкаўскай) губерні, але ўдала выкарыстаў свае магчымасці ў адрозненне ад Валовічаў, уладальнікаў недалёкага палаца, маёнтак якіх патроху занепадаў. Каля 1873 г. ён з дапамогай сваяка, будаўнічага па прозвішчы Пранашка, пабудаваў вялікі палац з рамантычным і мадэрністычным паркамі, агародамі і сажалкамі, якія ўтвараюць цудоўны каскад.
Караліна хутка памерла і Юзаф Гурскі ажаніўся з прадстаўніцай роду Дзяконскіх. Іх сын Пётр Гурскі, які жыў у другой палове 19 ст., стварыў у ваколіцах Сапоцкіна крахмальны завод, малачарню з паравым рухавіком і некалькі іншых даволі вялікіх прадпрыемстваў, якія працавалі аж да пачатку 21 ст. і былі пабураныя цягам апошніх дзесяці гадоў.
Свяцк — санаторый
Сын Пятра Гурскага Юзаф, выпускнік Львоўскай палітэхнікі, стаў апошнім уладальнікам Свяцка Гурскіх. Аднавіўшы падупалую ў часе вайны гаспадарку ён пераўтварыў Свяцк у нешта накшталт напалову санаторыя напалову лецішча. Як згадвае гісторык Святлана Куль, з мая па кастрычнік Свяцк Гурскіх прымаў адпачываючых. Тут гулялі ў тэніс, каталіся на брычках, палявалі на качак, каталіся па Аўгустоўскім канале на лодках. У палацы былі 12 пакояў, каналізацыя, ванныя… Гасцей частавалі хатнім віном. Каштаваў адпачынак ад 2 да 4 злотых за суткі.
У 1940 г. Юзафа Гурскага з сям’ёй вывезлі ў Сібір. Праз Іран, Ліван і Італію яму ўдалося дабрацца да Польшчы толькі праз сем гадоў. Апошні ўладальнік Свяцка, нягледзячы на грунтоўную адукацыю, не мог займаць у людовай Польшчы высокія пасады і таму працаваў сціплым чыноўнікам. Памёр ён маючы 81 год у Атвоцку каля Варшавы.
Найноўшая гісторыя
У былым Свяцку Гурскіх доўгія гады знаходзіўся дом састарэлых. Пасля яго зрабілі падсобнай гаспадаркай ААТ «БелТАПАЗ». Панішчаны дом і вакольную тэрыторыю ў 2011 г. прадалі прадпрымальніку Віктару Барташэвічу, які паступова аднавіў і палац і парк.