Фотаархіў закінутых гродзенскіх дамоў Кацярына Кулакоўская пачала ствараць у сакавіку 2015 года, калі з’явілася яе група Вконтакте. Пад кожнай фотасправаздачай са здымкамі звонку і знутры ёсць гістарычная даведка з каментарамі. Матэрыял для праекта дзяўчына збірала некалькі гадоў.
«Зносіць старыя пабудовы нельга»
Мэта праекта — данесці да людзей інфармацыю пра гісторыю Гродна праз будынкі, а таксама захаваць гісторыю горада пры дапамозе фота.
«Многія бываюць штодня ў цэнтры горада і не заўважаюць мноства закінутых будынкаў. Ёсць людзі, якія лічаць, што гэтыя дамы — проста непатрэбная старызна, якая не мае ніякай каштоўнасці.
Я лічу, што зносіць старыя пабудовы нельга, асабліва прыклады драўлянага дойлідства, таму што ў горадзе іх засталіся адзінкі. Вялікім злачынствам быў знос дома Беклямiшава па вуліцы Астроўскага ў стылі драўлянага канструктывізму [знесены 12 мая 2012 года — рэд.].
Зараз гарадскія ўлады хочуць знесці яшчэ некалькі пабудоў па вуліцах Міцкевіча і Ваўковіча. Гэта наш здабытак, які планамерна знішчаецца. Гісторыкі і актывісты спрабуюць змагацца з гэтым невуцтвам, але практыка паказвае, што гэта не ўдаецца. Новы Свет мог бы стаць добрым музеем пад адкрытым небам, таму што кожная пабудова па-свойму ўнікальная".
[irp posts="521″ name="Рэквіем па «Гарачым Хлебе». Як 10 гадоў таму ў Гродне знеслі сапраўдны помнік"]
Дом № 23 па вуліцы ВалковічаУсё пачалося з-за адрэналіну
Пакуль ёсць магчымасць, дзяўчына стараецца зафіксаваць кожны закінуты будынак у горадзе. Праект Кацярыны многія гродзенцы падтрымліваюць, цікавяцца, задаюць пытанні і нават прапануюць сумесныя вылазкі.
Каця ўсё свядомае жыццё цікавіцца закінутымі і разбуранымі будынкамі. Яны яе прыцягваюць, вабяць да сабе сваёй загадкавасцю і небяспекай.
«У самым пачатку я наведвала закінутыя дамы дзеля адрэналіну, а цяпер я вывучаю ўсё, што тычыцца гэтых выдатных месцаў. Закінутыя дамы гэта асобны сусвет фантомаў, успамінаў, жыццяў і падзей. Яны дыхаюць гісторыяй. Добрай ці дрэннай — усё роўна, але энергетыка гэтых месцаў зачароўвае. Гэтыя месцы прымушаюць падумаць над хуткаплыннасцю жыцця. Нягледзячы на тое, што ў дамах ужо ніхто не жыве, пабудовы застаюцца жывымі».
Нiчога не ламаць i не губляць момант
Вызначаных тэрмінаў вылазак у дзяўчыны няма. Звычайна гэта адбываецца праз натхненне, бо для яе гэта творчы працэс.
«Перад тым як кудысьці ісці я фармую маршрут з прыкладна трох дамоў. Не заўсёды атрымоўваецца патрапіць у дом з першага разу, бо мы нічога не ламаем. Быў выпадак, калі я некалькі гадоў прыходзіла да дому па вуліцы Тэльмана, доступу да яго не было. І вось аднойчы я праходзіла міма — а там дзверэй няма.
Гэта быў дом са склепам ў тры ўзроўні, які цяпер закапалі, на жаль. Так што час чакання быў не дарэмным. У гэтай справе галоўнае не выпускаць момант. Я шмат хаджу пешшу і бачу закінутыя дамы. Калі ёсць доступ — я ўжо там, бо заўтра магчымасці патрапіць ужо не будзе".
На некаторых вуліцах бывае па некалькі закінутых дамоў
Кацярына кажа, што закінутых дамоў у Гродне вельмі шмат і яна стараецца пабываць у іх, сфатаграфаваць і адчуць атмасферу. Ёсць у яе любімыя вуліцы: Вялікая Траецкая, Працоўная, Віленская. Менавіта тыя, якія ў час Другой сусветнай вайны ўваходзілі ў склад гета. Дзяўчына пэўны час старанна вывучала гэтую тэму.
[irp posts="2690″ name="Выжыў толькі адзін працэнт. 75 гадоў таму гродзенскiх яўрэяў сагналі ў гета каб знішчыць"]
«Самая вялікая знаходка — схрон, ямы ў кватэрах, дзе хаваліся яўрэі. Адчуванні невымоўныя. Стары дом па вуліцы Крывой, напрыклад. Што тычыцца прадметаў, я іх прынцыпова ніколі не бяру. Мая мэта сфатаграфаваць і адчуць атмасферу.
У горадзе мноства закінутых будынкаў. Толькі на вуліцы Міцкевіча пяць «заброшак». А так на кожнай вуліцы можа быць па некалькі дамоў. Пераважна гэта старыя даваенныя пабудовы. Я люблю іх, бо там можна ўбачыць сляды таго часу, напрыклад ляпніну, печы, каміны, вітражы, коўку і г. д. Тыповыя прадстаўнікі: будынак Гродзенскай медыцынскай акадэміі і «Дом з ільвамі» па вуліцы Студэнцкай".
Захоўваць гісторыю
Як распавядае дзяўчына, праект «Закінутыя дамы горада Гродна» будзе развівацца і далей, бо гісторыя закінутых дамоў у горадзе не мае канца. Тым больш у архіве Кацярыны яшчэ шмат неапублікаванага матэрыялу за розныя гады.