Занепакоеныя жыхары дома № 42 па вуліцы Ажэшкі 5 сакавіка выйшлі на чарговае абмеркаванне будаўніцтва кафэ ў іх двары. На сустрэчу прыехаў заказчык, які распавёў, як атрымаў участак у іх двары і што плануе там пабудаваць.
Жыхары дома не вельмі задаволеныя тым, што ў іх двары з’явіцца двухпавярховае кафэ-кандытарская плошчай 600 квадратаў. Заказчыку гэтую тэрыторыю прадаставіў горад наўзамен знесенай чабурэчнай на вуліцы Ціміразева. Чабурэчную знеслі, бо генплан прадугледжвае там будаўніцтва дарогі.
Куды прыбраць кафэ? На Альшанку!
Распавядае жыхар дома Юрый:
«Гэта наша прыдамавая тэрыторыя, дзе знаходзіцца дзіцячая пляцоўка і да нядаўняга часу раслі дрэвы. Усе жыхары супраць кафэ, бо ў нас у радыусе кіламетра знаходзіцца некалькі падобных устаноў. Ёсць жа ў Гродне новыя мікрараёны, дзе людзі маюць патрэбу ў кафэ, але чамусьці туды інвестары не ідуць. Вазьміце Альшанку — там жа нічога няма. Але чамусьці вырашылі залезці да нас у двор».
[irp posts="50 149″ name="Улады: «Гандлёвы цэнтр у Альшанцы застанецца""]
Паводле праекту новае кафэ павінна выглядаць так:
Слаёнымі тартамі не спакусіліся
Заказчык будаўніцтва — уладальнік кандытарскага цэха «Парэчча» Аляксандр Бычкоўскі. Бізнесмен у знос старой чабурэчнай і праектаванне новага кафэ ўжо ўклаў каля 50 тысяч рублёў.
«На працягу года я вёў перамовы з уладальнікам чабурэчнай Барташэвічам, каб мы сумесна стварылі кропку для продажу маіх тартоў. Дамовіліся і я набыў частку памяшкання. А пасля стала вядома, што кафэ пойдзе пад знос».
Бычкоўскі, Барташэвіч і тагачасны галоўны архітэктар горада Таламанаў пайшлі да Мечыслава Гоя. У гарвыканкаме вылучылі пад будаўніцтва новы ўчастак — Таламанаў уласнай рукой намаляваў, дзе ён можа быць. Задаволеныя былі і прадпрымальнікі, і чыноўнікі. Зрэшты, у бізнесоўцаў выбару не было — узялі, што прапанавалі.
[irp posts="47 280″ name="Чалавек з пазіцыяй. У галоўнага архітэктара горада Генадзя Таламанава скончыўся кантракт"]Заказчык прапанаваў жыхарам выслухаць усе іх пытанні і патрабаванні, а потым даць разгорнутыя адказы. Кагосьці наогул запрашаў на працу ў новае кафэ. Але жыхары дома засталіся незадаволеныя размовай з бізнесменам. Для іх галоўная задача — наогул не дапусціць будаўніцтва кафэ.
Чаму няма дэпутата Берасневай?
Жыхары дома плануюць адстойваць свае інтарэсы да канца і чакаюць падтрымкі журналістаў і дэпутатаў, якія абяцалі дапамагаць у вырашэнні розных пытанняў.
«Перад выбарамі ў мясцовыя Саветы ў паштовых скрынях у нас было па некалькі брашур з кандыдатамі, — распавядае жыхар дома Валерый Ганчар. - Вось выбралі Алену Берасневу. Яна павінна адстойваць нашы інтарэсы. Толькі чамусьці мы яе не бачым на вуліцы разам з намі. Які тады гэта дэпутат? Якія пытанні яна вырашае? Нават з жыхароў яе ніхто ніколі не бачыў».