Кантракт у начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Генадзя Таламанова скончыўся яшчэ ў снежні, падаўжаць яго, мабыць, гарадскія ўлады не сталі. Часова выконвае абавязкі галоўнага архітэктара горада намеснік Дзмітрый Вабішчэвіч.

Генадзь Таламанаў прапрацаваў галоўным архітэктарам у Гродне чатыры гады. За час яго працы ў горадзе быў рэалізаваны шэраг праектаў па рэканструкцыі помнікаў архітэктуры, а таксама было пабудавана нямала сучасных будынкаў.

Гэта Таламанаў быў праціўнікам таго, каб у Каложскім парку пачалося будаўніцтва футбольнага манежа, гэта ён быў супраць спутнікавых талерак і антэн на фасадах дамоў у цэнтры, таксама ён «узгадніў, а потым адмяніў» вялікую рэкламу «Кераміна», якую было бачна з назіральнай пляцоўкі на Дарвіна. Сярод бізнесу ён запомніўся жортскай пазіцыяй — пры яго кіраўніцтве ўзгадняць шыльды для крамаў і іншую рэкламу было вельмі складана.

Рэдкая якасць для чыноўнікаў - адстойванне свайго пункту гледжання

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў, нягледзячы на ​​тое, што шмат спрачаўся з упраўленнем архітэктуры, адзначае, што Таламанаў гэта прафесіянал сваёй справы і такіх спецыялістаў варта яшчэ пашукаць.

«За час працы Таламанаў адрозніваўся выключна сваім прафесіяналізмам. Ён цудоўны планавальнік і горадабудаўнік, вырашэнне многіх праблем у горадзе гэта яго заслуга. За перыяд Таламанова Гродна стаў адным з самых чыстых і камфортных гарадоў у Беларусі, — распавядае Ігар Трусаў. — Было ў мяне шмат спрэчак з ім па архітэктурнай спадчыне, дык і тут ён сябе паводзіў як прафесіянал. У Таламанава рэдкая якасць для чыноўнікаў - выразнае адстойванне свайго пункту гледжання на любых паседжаннях. Іншы раз вельмі цвёрдае, але прафесійнае. Чаму ён сыходзіць, я не ведаю, але магу сказаць, што ён добры спецыяліст. І мне шкада губляць такога архітэктара».

Калі будзе прызначаны новы начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пакуль невядома.