У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых, хто прыязджаў «пабачыць Гродна — і памерці». Канал «Hrodna 11:27» сабраў звесткі пра самагубствы, што здараліся ў нашым горадзе ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя.
Гродна цягам другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў вырас больш чым утрая — з 16 162 чалавек у 1857-м да 57 949 у 1913-м. Разам з ростам насельніцтва ў горадзе з’яўляліся новыя або рабіліся бачным раней незаўважныя (ці табуяваныя) праблемы. Сярод іх — самагубствы, колькасць якіх таксама павялічылася ўтрая — з 1−2 да 6−7 у сярэднім на год.
На гэтым фоне анамальна вылучаўся 1913 год — апошні мірны для Расійскай імперыі. Тады ў Гродне зафіксавалі 31 спробу самагубства. Пры гэтым паспяховымі з іх сталі 16, у іх выніку загінулі два афіцэры і пяць салдат, два чыноўнікі канцылярыі гродзенскага губернатара, тры прастытуткі, чыгуначнік, селянін, вязень і сталая жанчына.
Па ўсёй Гродзенскай губерні ў 1913 годзе здарылася 126 самагубстваў, а ў 1904 годзе іх было ўсяго 23.
Любімым месцам гродзенскіх самагубцаў была Швейцарская даліна і «Губернатарскі мост», які вёў да яе (сёння гэтага моста ўжо няма — ён стаў часткай вуліцы Дзяржынскага паміж паркам Жылібера і плошчай Леніна).
Пры гэтым здараліся нават групавыя самазабойствы. Такое адбылося 7 сакавіка 1913 года, калі дзве 20-гадовыя дзяўчыны (Арабакова і Манцэвіч) напіліся карболавай кіслаты. Іх атрымалася ўратаваць, своечасова даставіўшы ў гарадскую лякарню.
У першыя пасляваенныя гады людзям быццам было не да «ўцёкаў у замагільны свет», але ўсё пачало змяняцца ў 1924 годзе. На той час Гродна, паводле Рыжскага міру, было ў складзе Польшчы. За час Першай сусветнай гродзенцаў стала ўдвая менш: з 58 тысяч у 1913-м іх засталося менш за 25 тысяч у 1916. Аднак ужо ў 1923 годзе ў горадзе над Нёманам налічвалася 40 561 жыхароў, у 1926 — 46 286. Горад працягваў расці да Другой сусветнай.
Павялічвалася і колькасць самагубстваў. Тлумачылі гэта тым, што чалавек, які ва ўмовах вайны жыў на мяжы смерці, фактычна толькі сённяшнім днём, і таму не меў патрэбы выбудоўваць далёкія планы, апынуўся ў новых абставінах. У мірны час на першы план выходзілі такія праблемы, як страта працы, няўдачы ў каханні, непаразуменне ў сям'і. І не ўсе былі здольныя спраўляцца з паразамі на жыццёвым фронце. Для прыкладу толькі за адзін дзень 5 жніўня 1924 года ў Варшаве здарыліся шэсць спроб самагубстваў, з якіх чатыры — жанчыны 18−25 гадоў. У той жа час у Гродне цягам году адбылося 5 самагубстваў (адзін мужчына і 4 жанчыны).
У наступныя гады самагубстваў здаралася больш: у 1925 годзе — 8, у 1926-м — 9. Але гэтыя лічбы яшчэ ніяк не сведчылі, што Гродна можа ператварыцца ў своеасаблівую сталіцу самагубцаў міжваеннай Польшчы. Гэтаму паспрыяў эканамічны крызіс 1929—1933 гадоў. Рэзкі рост самагубстваў назіраўся ў 1930−1931 годзе. Напрыклад, калі ў 1929 годзе ў Варшаве за цэлы год было 102 спробы самагубстваў (з іх — са смяротным зыходам 13), то толькі ў снежні 1930 такіх было 119 выпадкаў (28 са смяротным зыходам).
Паказальная гісторыя здарылася ў чэрвені 1932 годзе ў гродзенскім рэстаране Гірша Фрэйдовіча пры Сенным рынку, дзе бавіла час пара закаханых.
Яны адпачывалі быццам у апошні раз. Замаўлялі найдаражэйшую ежу і напоі, танчылі, а пасля ў адзін момант абодва страцілі прытомнасць. Маладзёнам аказалі першую дапамогу і даставілі ў гарадскі шпіталь. Хлопца выратаваць не ўдалося, жанчына ж апынулася ў вельмі цяжкім стане. Як высветлілася — закаханыя атруціліся сернай кіслатой.
Закаханымі аказаліся Ганна Кукоўская і Вацлаў Малашэўскі з Сувалак. Праўда, мелі яны адну праблему: Кукоўская была жонкай шаўца, у якога Малашэўскі з’яўляўся чаляднікам. Калі муж Ганны стаў сведкам гэтых адносін, ён выгнаў жонку і вучня з хаты. Кукоўская з Малашэўскім не знайшлі лепшага выхаду, як накіравацца ў Гродна, правесці разам апошнюю ноч і разам скончыць жыццё самагубствам.
Гісторыю Ганны і Вацлава апісалі журналісты і, магчыма, менавіта яна паўплывала на тое, што ў Гродна пасля гэтага пацягнуліся людзі з іншых гарадоў ды мястэчак, якія палічылі яго добрым месцам для свайго адыходу ў іншы свет. «Пабачыць Гродна — і памерці», — пісала адна з гродзенскіх газет таго часу. Колькасць падобных здарэнняў стала настолькі значнай, што «Апошнія гродзенскія ведамасці» за 16 студзеня 1932 года змясцілі зацемку «Эпідэмія самазабойстваў у Гродзеншчыне».
Апытанне тых гасцей горада, чыя спроба самагубства скончылася беспаспяхова, сведчыла: яны абралі Гродна мэтанакіравана. Так, 16 кастрычніка 1934 года адна з газет адзначыла: «Цягам кароткага часу маем другі выпадак самагубства, выкананага людзьмі, якія адмыслова з гэтай мэтай прыехалі ў Гродна з іншых куткоў краю». Гаворка ішла пра настаўніцу з Хэлму і 20-гадовага Мечыслава Борсу з Лодзі. 14 кастрычніка ён паспрабаваў атруціцца воцатнай эсэнцыяй. Для гэтага абраў ціхую вуліцу Млынарскую (сённяшняя вуліцы Чырвонапартызанская), дзе перад адным з дамоў выпіў пляшку з атрутаю. Ратаваць яго паспяшаліся мясцовыя жыхары. Хлопца змясцілі ў гарадскі шпіталь, дзе ён прызнаўся, што падставаю для ўчынку стала няўдалае каханне.
Тую ж самую падставу назваў 9 лістапада 1935 года Канстанцін Млоўскі з Ліпску Аўгустоўскага павету, які выпіў воцатную эсэнцыю ў півярні Фарбера на вуліцы Ерусалімскай, 6 (сённяшняя Антонава) адзін.
Аднак не толькі з-за праблем у каханні некаторыя госці Гродна намагаліся здзейсніць самагубствы менавіта ў нашым горадзе. Другой па папулярнасці прычынай з’яўлялася хвароба. Так, 26 кастрычніка 1938 года ў гатэлі «Гандлёвы» па вуліцы Дамініканскай (сёння Савецкай) у адным з пакояў быў знойдзены павешаным 48-гадовы коміваяжор з Лодзі Саламон-Якуб Левенберг. Ён пакінуў два лісты — адзін да брата, у якога прасіў прыглядзець за сям’ёю, другі са 197 злотымі - для жонкі і трох дзяцей. Саламон-Якуб прызнаўся, што не ў стане больш пакутаваць на хваробу страўніка і таму прыехаў у Гродна, каб тут памерці.
А якія падставы для самагубстваў былі ў міжваенны час найбольш папулярныя сярод самых гродзенцаў?
Адной з найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва з’яўляліся ў міжваенны час жаўнеры. У Гродна размяшчаліся кіраўніцтва ІІІ вайсковай акругі і некалькі вайсковых адзінак. Газеты рэдка называюць прычыны самагубстваў у войску, але, верагодна, іх прычынаю маглі быць «нестатутныя адносны».
Так, 15 ліпеня 1924 на жытнім полі паміж таварнай станцыяй Ласосна і вайсковым пляцам для стрэльбаў было знойдзена цела жаўнера 81-га пяхотнага палку з Гродна Тадэвуша Вала. Хутчэй за ўсё ён здзейсніў самагубства з уласнай стрэльбы. У ноч з 10 на 11 кастрычніка 1924 года ў гродзенскай камендатуры на ўласнай кашулі павесіўся капрал ІІІ-й асобнай санітарнай роты Б. Таргоўскі. Як сцвярджалі жандармы, Таргоўскага затрымалі нецвярозым на вуліцы, пры чым для гэтага прыйшлося задзейнічаць паліцыю. Раніцай яго цела знайшлі ў камеры.
21 студзеня 1931 года каля Гродна знайшлі цела вахмістра 23-палку гродзенскіх уланаў Казіміра Рабчынскага. Вайскоўца знайшлі побач з чыгуначным шляхам. Ён, найхутчэй, скочыў з цягніка, які ехаў у Варшаву, бо менавіта ў ім знайшлі яго рэчы. Увогуле 23-ы гродзенскі полк уланаў быў вядомы сваімі афіцэрамі, якія вылучаліся дзіўнымі паводзінамі. Напрыклад, 17 верасня 1931 года падпаручнік гэтага палку Грэчанскі падчас знаходжання ў маёнтку Маргуцішкі Магдалены-Бамброўскай забаўляўся з рэвальверам. Каб пераканаць прысутных, што ў ім больш няма патронаў, Грэчанскі прыклаў яго сабе да скроні і націснуў на курок. Стрэл — і паручнік упаў смяротна паранены, памёр у шпіталі ў Вільні.
Часам здараліся і «цуды», як у выпадку вахмістра 3-га палку швадронаў Анджэя Махоўскага. Ён у кастрычніку 1934 года выстраліў сабе ў галаву, але ў выніку застаўся ў жывых — куля прайшла праз правае вока наскрозь.
Непаразуменне ў сям'і з’яўлялася частай прычынай смерцяў. Асабліва ў здавалася б заможных сем’ях. Так здарылася 14 кастрычніка 1924 года (у першы год «эпідэміі самагубстваў» у Гродне) ў выпадку чыноўніка з гарадскога магістрату 39-гадовага Натана Гордзіна. Перад трагічным здарэннем мужчына выязджаў па працы ў Вільню, а па вяртанні не стаў заходзіць у кватэру да жонкі. Усю ноч блукаў побач са сваім домам, а на раніцу падняўся на гарышча і павесіўся. Яго яшчэ жывога знайшлі суседзі, але замест таго, каб зняць Гордзіна з вяроўкі, пабеглі па дапамогу доктара. У выніку пакуль доктар прыйшоў, Гордзін ужо памёр.
У 1931 годзе ў Гродне і ваколіцах здарыліся адразу некалькі гісторый, звязаных з давядзеннем да самагубства з-за праблем у сям'і. Так, 21-гадовы гродзенец Юзаф Ласевіч кінуўся ў Нёман каля вёскі Прыгодзічы і ўтапіўся, а 19-гадовая Андзя Зуконь з вёскі Стральцы павесілася ў стадоле бацкоўскага дому. Перад гэтым ад яе, першай прыгажуні на вёсцы, шмат разоў чулі словы: «Так мне смутна, што я не хачу жыць». Але бацькі і брат не звярталі на гэта ўвагі.
2 лістапада 1934 года жонка інспектара працы Яновіч паспрабавала атруціцца. Яе змясцілі ў шпіталь святога Якуба. Калі ж жанчына прыйшла ў сябе, то першае, што зрабіла — скочыла ў акно з другога паверху на брук. Але атрымала толькі лёгкія пашкоджанні. Прычынай называліся непаразуменні ў сям'і, але па Гродна хадзілі чуткі, што Яновіч стала ахвяраю шантажу.
13 ліпеня 1935 года проста каля брамы дому на вуліцы Пілсудскага, 6 (сёння вуліца Леніна) адзін з будаўнікоў гарадской каналізацыі Алаіз Вярбіцкі паспрабаваў атруціцца і непрытомны быў дастаўлены ў гарадскі шпіталь. Яго ўдалося ўратаваць. Як высветлілася, прычынаю стала сямейная сварка.
5 снежня 1935 года ў 22:35 на вуліцы Млынарскай, 6 з дубальтоўкі стрэліў у сябе Станіслаў Гоздак. Параненага ў левы бок мужчыну даставілі ў гарадскі шпіталь. Паліцыя высветліла, што ў той вечар Гоздак моцна пасварыўся з жонкай, пасля чаго і вырашыў здзейсніць самагубства.
25 ліпеня 1924 года ў ляску каля дарогі на Пышкі гаёвы Станіславоўскіх лясоў Пётр Барцэвіч знайшоў цела маладой жанчыны з прастрэленай скроняй. Ёю аказалася Ганна Гаеўская, якая не вытрымала праблемаў у адносінах з мужам. Дакладней, не здолела больш трываць яго здрадаў і «брутальных паводзінаў». У перадсмяротным лісце да сябра Гаеўская прасіла пра помсту не толькі ў імя ўласнага цяжкага лёсу, але і іншых шматлікіх жанчынаў, якія сталі ахвярамі такіх адносінаў.
У траўні 1932 года 20-гадовая Браніслава Багуціньска з вул. Пушкінскай, 6 з-за кахання вырашыла скончыць жыццё самагубствам. Пры дапамозе брытвы яна парэзала сабе рукі, але своечасова была дастаўленая ў шпіталь. У той жа дзень Мікалай Янушэўскі з вуліцы Зялёная, 6 выпіў воцатную эсэнцыю, але быў выратаваны роднымі.
Таксама з-за кахання 19 ліпеня 1938 года ў лесе каля вёскі Горніца здзейсніла спробу самагубства жыхарка вуліцы Роў (сучасны раён вуліцы Шчаснага і завода «Белкард») Яна Мыцянінаўна. А 21 ліпеня таго ж года ў 1.30 каля заапарку Каміла Былеўская з вуліцы Ягелонскай, 44 (сёння Будзёнага) выпіла тры бутэлечкі ёду, але ў шпіталі ёй аказалі неабходную дапамогу.
Увогуле пра суіцыды праз каханне даволі часта пісалі міжваенныя газеты. Часам гісторыі, якія здараліся ў іншых кутках Заходняй Беларусі, проста ўражваюць. Некалькі пракладаў:
25 ліпеня 1931 года ў Маладзечне дзяўчаты з вёскі Ружкі Таццяна Шафаловіч і Марыя Шыда трапілі ў вельмі цяжкім стане ў шпіталь з атручваннем сульфаціраванай кіслатой. Яны сябравалі з дзяцінства. Калі ж Таццяна перажыла цяжкую трагедыю з-за таго, што яе нарачоны за два дні да шлюбу з ёю ажаніўся з іншай, Марыя прапанавала яму адпомсціць і дастала атруту. Аднак замест атруціць нявернага каханка Шафаловіч вырашыла скончыць самагубства сама. Калі ж яна прыняла атруту і Шыда ўбачыла гэта, то, каб пазбегнуць судовай адказнасці, таксама прыняла атруту.
У красавіку 1935 года ў Лынтупах на Пастаўшчыне судовы сакратар Янушкевіч некалькі разоў стрэліў у суддзю Кузніцкага, цяжка яго параніўшы, а затым сам скончыў жыццё самагубствам. Янушкевіч пакінуў перадсмяротны ліст да сваёй нарачонай Ганны Гарныш. У гэтым лісце ён клікаў да сябе нарачонаю словамі: «Прыйдзі сёння канчаткова да мяне». Гарныш зразумела гэта літаральна і 17 красавіка паспрабавала здзейсніць самагубства, выпіўшы воцатавай эсэнцыі. У цяжкім стане яе даставілі ў шпіталь.
15 лютага 1932 года ў Гродне здзейсніў самагубства бухгалтар кааператыву «Еднасць» Уладзімір Вейхер. Хутчэй за ўсё гэта адбылося з-за хуткай рэвізіі. У Вейхера засталіся жонка і дзіцё.
27 кастрычніка 1934 года пад колы аўтобуса з мэтаю самагубства кінулася прастытутка Меланія Сталь на вуліцы Ягелонскай. Але аўтобус своечасова спыніўся, нанёсшы ёй толькі лёгкія пашкоджанні цела. Яе даставілі ў гарадскі шпіталь.
29 кастрычніка 1934 года спробу самагубства здзейсніла Браніслава Мыслівец са Скідзельскай плошчы, 3 (сённяшняя плошча вакол аўтавакзала). Яна выпіла воцатавую эсэнцыю, бо страціла працу і не магла доўга знайсці новай. У цяжкім стане жанчыну даставілі ў гарадскі шпіталь.
11 снежня 1934 года ў вёсцы Верхполе (гміна Гожа) здзейсніў самагубства Ян Песцюк, гаёвы дзяржаўных лясоў. Ён павесіўся ў адной з сельскагаспадарчых пабудоў. Прычынай стала страта дзяржаўнай пасады.
Вядомы ў вузкіх колах ашуканец Каплан Танхен прыехаў у Гродна для ажыццяўлення сваіх не надта легальных заняткаў. Аднак тут сустрэў сваё каханне Лолу Вайсман з вуліцы Ткацкай. Ён не толькі ажаніўся на дзяўчыне, але і вырашыў завязаць з крымінальным светам, уладкаваўшыся ў гарбарню Кагана. Аднак доўга быць звычайным рабочым Каплан не здолеў. Ён прыдумаў падпрацоўку: стаў збіраць людзей для нелегальнага выезду на працу ў… СССР. Ахвочых хапала не толькі з Гродна, але і з Індуры, Крынак, Саколкі і Беластоку. За «падарожжа» трэба было заплаціць ад 100 да 500 злотых. Так Каплан азалаціўся на тысячы злотых. Аднак праблема ўзнікла тады, калі замест нелегальнага пераходу мяжы першыя ж кліенты апынуліся за кратамі. З-за страху перад помстаю Каплан уцёк у Баранавічы, дзе ў сярэдзіне снежня 1934 года пусціў сабе кулю ў скронь.
У 1932 годзе Гродзеншчына перажывала новую «эпідэмію самагубстваў», як пісалі газеты, калі цягам першых двух тыдняў новага году адбылося адразу тры суіцыды.
10 студзеня ў падвале свайго дому па вуліцы Дамініканскай, 18 (сёння Савецкай) павесіўся Густаў Баўм, уладальнік сталярні па вытворчасці трунаў. Прычынаю сталі праблемы з выплатай падаткаў.
16 студзеня жонка памешчыка Анатоля Матушынскага застрэлілася з рэвальвера. Напярэдадні, 14 студзеня, ёй паведамілі пра фінансавыя цяжкасці і таму яна ў Новым Двары скончыла жыццё самагубствам.
1932 год — відавочна, адзін з найбольш ураджайных на самагубствы на Гродзеншчыне праз матэрыяльныя цяжкасці. Некаторыя выпадкі асабліва ўражваюць. Так, 7 кастрычніка адбыліся адразу два самагубствы ў Гродзенскім павеце. Тады Аляксей Аляксееў, 70-гадовы селянін з вёскі Краснае (сёння Бераставіцкі раён) нанёс сабе чатыры ўдары сякерай па левай руцэ, каб ускрыць вены. У вёсцы Пронькі Якуб Ходзін сам ударыў сябе нажом у жывот, але калі адчуў, што надта доўга будзе паміраць, тады ўзяў ды і павесіўся.
У 1932 годзе пасля няўдалага экзамену ў Гродне застрэліўся выпуснік на прозвішча Зялінскі. Аднак найбольш гарадзенцаў уразіла тады гісторыя іншага выпускніга дзяржаўнай мужчынскай гімназіі - Мечыслава Ядкоўскага.
Ядкоўскі, які апынуўся няздольным да вывучэння лацінскай мовы, цягам году карыстаўся дапамогай прафесара Піндзельскага. Але, нягледзячы на гэта, праваліў экзамен. Будучы прызыўнога ўзросту, ён цяпер павінен быў адправіцца ў войска. Аднак адразу ж пасля экзамену Ядкоўскі знік, праз што бацькі адвесцілі яго ў вышук. Каля вёскі Грандзічы выпадкова знайшлі яго парванае школьнае пасведчанне і вопратку. Усё сведчыла на тое, што Мечыслаў скончыў жыццё самагубствам. Цела яго знайшлі каля вёскі Куколі, бацькі і брат апазналі яго ў гарадской бальніцы. Аднак якое было здзіўленне, калі паліцыя пасля абследавання цела знайшла на ім сляды ўдушэння, а ўвесь «суіцыд» выглядаў як інсцэніроўка. На жаль, абставіны гэтай справы да канца невядомыя.
Суіцыды праз хваробу ў Гродне былі рэдкай з’явай, у адрозненні ад Гродзенскага павету. Напрыклад, 10 ліпеня 1931 года ў вёсцы Марцінаўцы (гміна Лунна) у стадоле Яна Сырэя павесілася дзяўчына Юльяна Лука, псіхічна хворая, якая знаходзілася на яго ўтрыманні. 14 жніўня 1931 года 68-гадовы жыхар вёскі Сташынцы (гміна Вялікая Бераставіца) скончыў жыццё самагубствам, а 6 кастрычніка ўначы ўся вёска Глебавічы абудзілася з-за пачутага стрэлу. Як высветлілася, гэта з ружжа застрэліўся Уладзімір Шышко, які не вытрымаў працяглай хваробы. Часам вяскоўцы пакідалі і перадсмяротныя лісты, у якіх тлумачылі прычыну свайго ўчынка. Так 30 снежня 1934 года зрабіў 46-гадовы Сымон Таранка з вёскі Лакно (гміна Азёры). У лісце да сям'і ён распавёў, што сканчае жыццё з-за невылечнай хваробы.
На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…