Пачобут прамываў мазгі актывістам незаконнага Саюза палякаў і скажаў гісторыю, лічаць аўтары дзяржСМІ. Разам з гэтым у іх сюжэтах больш увагі надалі прысутнаму ў судзе часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Марціну Вайцяхоўскаму. Аўтары здзівіліся «бязвыплатнай дружбе польскага палітыка і грамадзяніна Беларусі» і пыталіся пра новую вайсковую дактрыну Польшчы. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што прапагандысты распавялі пра суд і як людзі спрабуюць падтрымаць калегу і сябра.
Сюжэты дзяржпрэсы падобныя адзін да аднаго. Больш чым крымінальнай справе ў сюжэце АНТ увагі надалі часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Марціну Вайцяхоўскаму. Ён сказаў, што прысутнічае і як дыпламат, і як прыватная асоба.
«Анджэй Пачобут — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, але быў актывістам польскай меншасці і з’яўляецца актывістам польскай меншасці ў Беларусі», — паведаміў дыпламат. У яго спыталі, ці не з’яўляецца яго прысутнасць умяшаннем у судовы працэс. «Я нікому не перашкаджаю, стаю, вяду сябе культурна», — адзначыў Вайцяхоўскі.
У Гродзенскім абласным судзе 16 студзеня пачалі судзіць палітвязня, журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў Анджэя Пачобута. Анджэя абвінавачваюць па арт. 361 КК — Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт.130 КК — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.
Чытайце таксама: У Гродне судзяць журналіста і лідара Саюза палякаў Анджэя Пачобута: суд зрабілі закрытым
Супрацоўніца АНТ Надзея Завіноўская была адным з першых аўтараў «Твайго стыля», які пазней стаў Hrodna.life і быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Яна спрабавала дамагчыся ў тых, хто прыйшоў адказу на пытанне, ці вінаваты Анджэй Пачобут. Устанавіць вінаватасць можа толькі суд.
Таксама яна адзначыла, што дыпламат не адказаў на пытанні па змене ваеннай дактрыны Польшчы, адзін з пунктаў якой — размяшчэнне войскаў не ў глыбіні краіны, а ля самых межаў з Беларуссю. Для адказу на гэтае пытанне супрацоўнікі дзяржаўных выданняў пераследвалі Вайцяхоўскага. Ён прапанаваў звярнуцца ў прэс-службу адпаведнага ведамства.
АНТ паведаміў, што пасяджэнне зрабілі закрытым, паколькі ў матэрыялах могуць утрымлівацца дзяржаўныя таямніцы. Публічна будзе абвешчаны толькі прысуд.
Тэлеканал «Гродна Плюс» настойліва задаваў пытанні жонцы Вайцяхоўскага і супрацоўніцы польскага інфармагенцтва PAP Юстыне Прус-Вайцяхоўскай.
— Паважаная, мне трэба працаваць, дазвольце, вы працуеце, і я таксама сяду, папрацую, — папрасіла Юстына.
— Ну, вось мы, як вашы калегі, занепакоеныя апошняй інфармацыяй. Пра змены, напрыклад, ваеннай дактрыны з боку Польшчы, ўжо каля нашых межаў будуць стаяць. Ідзе нагнятанне кантынгенту войскаў. Як вы да гэтага ставіцеся, мы, як беларусы, хвалюемся.
— Я не магу выказваць сваё меркаванне зараз, я прыйшла працаваць сюды.
— А польскія журналісты занепакоеныя тым, што адбываецца на мяжы, стаўленнем да мігрантаў?
— Прапаную спытаць у іх.
На СТВ паведамілі, што Вайцяхоўскага не пусцілі на працэс, бо гэта можна было разглядаць як ціск на суд. «Што за такое бязвыплатнае сяброўства звязвае польскага палітыка і грамадзяніна Беларусі, патлумачыць прэсе Вайцяхоўскі не змог», — адзначылі на СТВ.
Таксама сюжэты Пачобуту прысвяцілі Беларусь 4 і БелТА. На Беларусь 4 паведамілі, што невядома, як доўга будуць разглядаць справу.
Набліжаны да сілавікоў Telegram-канал «Гродненские сливы» таксама выпусціў тэкст пра Анджэя Пачобута.
«З 2005 года Пачобут прамываў мазгі актывістам незаконнага Саюза палякаў, дзецям — удзельнікам харцэрскіх атрадаў. Скажаў гістарычную рэчаіснасць, перабольшваў гістарычныя падзеі, інтэрпрэтаваў гісторыю паводле сваіх прапольскіх перакананняў. Усё гэта старанна нёс у масы і праз прэсу, прычым разлічаную не толькі на беларускага спажыўца. Польшчу Пачобут таксама падманваў, тым што свае ўласныя вільготныя мары выдаваў за спадзяванні беларускага грамадства», — напісалі ў канале.
Таксама адзначылі, што ён спрыяў у атрыманні карты паляка, выкарыстоўваў сімволіку польскай дзяржавы на мітынгах, аднаўляў пахаванні салдат Арміі Краёвай і атрымліваў грошы ад польскіх уладаў.
«Польская дыпламатка, рэпарцёрка РАР і па сумяшчальніцтве жонка Вайцяхоўскага ўзялася распавядаць Ксеніі Лебедзевай асновы журналістыкі, якім яе вучылі ў школе журналістыкі. Цікава, а вось таму, што нельга ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, гэтаму яе хоць дзе вучылі ў Польшчы? Або міжнароднае права дыпламатам Ржачыпаспалітай сёння не выкладаюць, бо там сягоння дамінуе вучэнне Дарвіна?» — напісала Бандарава.
Увечары 16 студзеня ў Беластоку каля консульства Беларусі сабраліся беларусы і палякі ў падтрымку палітвязня журналіста Анджэя Пачобута, паведамляе MOST.
Прэзідэнт Анджэй Дуда згадаў пра турэмнае зняволенне Анджэя Пачобута на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе 17 студзеня. «Мы ўвесь час патрабуем яго вызвалення, ён арыштаваны абсалютна незаконна, гэта прыклад аўтарытарызму і тэрору з боку беларускага рэжыму», — сказаў он tvn24.pl.
Журналісты ў Давосе спыталі прэзідэнта Анджэя Дуду, ці можа пачатак суда над Пачобутам азначаць, што Польшчы будзе цяжэй дамагацца яго вызвалення, і што Польшча робіць цяпер, каб дазволіць яму пакінуць беларускую турму.
«Мы патрабавалі гэтага з самага пачатку. Вядома, справа вельмі складаная, гэта была дэманстрацыя сілы з боку рэжыму Лукашэнкі, гэты арышт, турэмнае зняволенне спадара Анджэя Пачобута», — сказаў Дуда. Паводле яго, усе павінны аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць палітвязняў. «Я спадзяюся, што гэты рэжым у рэшце рэшт зламаецца», — дадаў прэзідэнт.
Па меркаванні МЗС, арышт і суд над Анджэем Пачобутам з’яўляюцца яшчэ адной праявай інструментальнага выкарыстання сістэмы правасуддзя насуперак усім дэмакратычным стандартам і адным з элементаў антыпольскай кампаніі, якая праводзіцца беларускімі ўладамі.
Міністэрства замежных спраў у чарговы раз заклікае беларускія ўлады вызваліць Анджэя Пачобута і зняць палітычна матываваныя абвінавачванні з Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс, а таксама — праваабаронцы «Вясны» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага і ўсіх рэпрэсаваных.
«У дыпламатычным плане мы робім усё магчымае — паверанага ў справах Польшчы ў залу суда не пусцілі. Адпаведныя заявы, лісты і пэтыцыі ў адрас беларускіх уладаў накіраваны, а таксама гэта справа падымаецца на міжнародным форуме», — заявіў PAP прадстаўнік кіруючай партыі PiS Кшыштаф Сабалеўскі.
Ён адзначыў, што рабіць яшчэ нейкія дадатковыя крокі сёння складана. «Тады нам, напэўна, давялося б ужо парушаць беларускую мяжу, кажучы пра больш рашучыя крокі», — сказаў ён.
Кшыштаф Сабалеўскі таксама дадаў, што адзіныя сродкі ціску, якія засталіся ў Польшчы, — узмацненне санкцый, у тым ліку супраць Беларусі. Аднак санкцыі ўжо, па яго словах, «не робяць вялікага ўражання на Лукашэнку і беларускі рэжым».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…