У Гродне ў абласным судзе 29 чэрвеня пачаўся судовы працэс над гродзенцам Уладзімірам Навумікам, якога затрымалі 29 траўня разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім на Савецкай плошчы. Нягледзячы на ​​тое, што ў дачыненні да гродзенца распачалі дзве крымінальныя справы, судовы працэс у Гродне пачаўся па двух дадатковых адміністрацыйных артыкулах. Уладзімір застаецца, як і іншыя затрыманыя ў той дзень, у мінскім СІЗА № 1.

Судзілі Навуміка па артыкулах 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні).

Чытайце таксама:

Уладзімір Навумік у СІЗА № 1. Ён прысутнічаў на судзе з дапамогай відэасувязі

Сведкі: Перашкаджаў працы міліцыі

Сведкамі на судзе выступаюць супрацоўнікі АМАПу Павел Халява і Аляксандр Мацкевіч.

«У той дзень каля 20:00 я ажыццяўляў службу і звярнуў увагу на Навуміка, ён быў у яркай чырвонай кепцы, — кажа Павел Халява. — Грамадзянін лаяўся матам і здымаў відэа на тэлефон. Крычаў словы: „мрази“, „твари“ і „фашисты“. Навумік паводзіў сябе абуральна, таму і вырашылі яго затрымаць, калі ён аддаліўся ад плошчы. Падышлі да яго і папрасілі прайсці ў службовы аўтамабіль. Папярэдзілі, што будзем ужываць сілу. Ён пачаў аказваць непадпарадкаванне і спрабаваў вырвацца».

Сведка растлумачыў, што Навуміка затрымлівалі для разбіральніцтва. Пры гэтым на пытанне суддзі Халява адказаў, што Навумік да грамадзян не прыставаў, не пхаў і не перашкаджаў руху службовага аўтатранспарту.

Другі сведка распавёў, што затрымаў Навуміка, бо ў яго былі здагадкі, што ён датычны да бойкі з супрацоўнікамі міліцыі.

«Навумік быў затрыманы 29 траўня каля 20:00 на Савецкай плошчы. У той час там быў пікет і пацярпеў супрацоўнік міліцыі. Навумік знаходзіўся ў эпіцэнтры. Усё, што адбывалася, ён здымаў на мабільны тэлефон. Пры гэтым грамадзянін знаходзіўся ўвесь час пад нагамі, перашкаджаў працы міліцыі. Пры гэтым грамадзянін бегаў па праезнай частцы і мацюкаўся на адрас супрацоўнікаў міліцыі. У зручны момант мы з напарнікам і затрымалі яго. Ён спрабаваў вырвацца і хапаўся за вопратку. З дапамогай сілы даставілі яго ў службовую машыну», — распавёў сведка Мацкевіч.

Справа — Віталія Навумік, жонка Уладзіміра, у цэнтры — Дзмітрый Навумік, бацька Уладзіміра

Затрымалі за здымку

Сваю віну Уладзімір не прызнае. Кажа, што ён законапаслухмяны грамадзянін і нічога не парушаў у той дзень. Тым больш у рамках крымінальнай адказнасці.

«У той дзень я прыйшоў на Савецкую плошчу, каб ацаніць Ціханоўскую як кандыдата і паставіць, магчыма, подпіс за яе. Пачалася мітусня, з’явілася шмат незразумелых людзей у цывільным адзенні. Я адышоў ад плошчы і перайшоў дарогу да крамы «Ратушны». Там я заўважыў аўтамабілі, якія былі прыпаркаваны не па правілах і пачаў гэта парушэнне здымаць на камеру. У той жа час да мяне ззаду падбег чалавек у цывільным адзенні, схапіў за рукаў і пацягнуў у мікрааўтобус. Як бандыт. Ужо ў машыне, як я зразумеў, супрацоўнік міліцыі наступіў каленам мне на галаву. Так і трымаў на працягу некаторага часу. На пытанне «чаму затрымалі» мне адказалі - «за тое, што ты здымаеш».

Навумік папрасіў суддзю прадаставіць відэа са свайго тэлефона, які быў канфіскаваны ў межах крымінальнай справы. Хадайніцтва спачатку было адхілена, але, па просьбе жонкі і бацькі мужчыны, суддзя дала магчымасць Навуміку даказаць сваю невінаватасць. У судовым працэсе перапынак да 30 чэрвеня.

Віталія Навумік паказвае мужу па відэасувязі фота дачкі

Нагадаем, раней Уладзіміру Навуміку было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама ён падазраваны па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Таксама ў гэты дзень у абласным судзе па відэасувязі разглядалася адміністрацыйная справа яшчэ аднаго затрыманага гродзенца Васіля Баброўскага, які знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску. Яго затрымалі 29 траўня разам з Навумікам, Ціханоўскім і іншымі.

У выніку Васілю Баброўскаму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.